У міжнародны Дзень свабоды друку рэдактары недзяржаўных газэт Магілёўшчыны адказалі на пытаньне, што для іх свабода слова й як выжываюць іх выданьні ў сёньняшніх умовах?
Рэдактар Крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны перакананы, што ў Беларусі няма свабоды слова:
“Гэта пацьвярджаецца тым, што “Вольны горад” улады не рэгіструюць на працягу дзесяці гадоў. Улада ня хоча бачыць на сваёй тэрыторыі не падкантрольныя выданьні, якія могуць інтэрпрэтаваць падзеі інакш, чым гэтага хацела б улада. Тое, што газэта існуе, гэта адбываецца таму, што ёсьць мужныя людзі, якія хочуць рабіць сваю справу й якія адданыя сваёй прафэсіі”.
Рэдактар “Бабруйскага кур’еру” Анатоль Санаценка, гаворачы пра цяжкасьці выданьня газэты й парушэньні свабоды слова, усё ж глядзіць у будучыню з аптымізмам:
“У цяперашніх умовах у Беларусі з такой пазыцыяй, як у нас, як у нашага выданьня, выжываць надта цяжка. Забарона на рэкляму, забарона на распаўсюджваньне, забарона на інфармацыю. Усё гэта рана ці позна скончыцца, і скончыцца свабодай для усіх”.
Для рэдактара горацкай газэты “Ўзгорак” Эдуарда Брокарава свабода слова – гэта бесьперапынная барацьба журналіста з цэнзарам:
“Калі журналісту ўдаецца перамагчы цэнзара, тады журналіст мае магчымасьць менавіта карыстацца свабодай слова. Я лічу, што мы не выжываем, а жывем. Выжывае сёньняшняя ўлада. Выжываюць тыя, хто душыць свабоду слова, душыць галоснасьць, душыць незалежную прэсу. І робяць яны гэта дзеля таго, каб выжыць самім”.
Рэдактар бялыніцкай газэты “Паходня” Барыс Вырвіч зазначае, што выдаваць газэту ў глыбінцы цяжка – нестае сродкаў:
“Даводзіцца зьвяртацца па матэрыяльную дапамогу да прадпрымальнікаў. Пакуль нам больш менш удаецца выходзіць. Выпускаем два нумары “Паходні” на месяц. Газэта карыстаецца папулярнасьцю ў насельніцтва. Як толькі затрымліваецца нумар пачынаюцца тэлефанаваньні – дзе вы згубіліся?”
Надзея Леўчанка, рэдактарка недзяржаўнай газэты “Вечерний Могилёв”, адной з самых тыражных газэт на Магілёўшчыне, зазначае, што яе выданьне не сутыкаецца з парушэньнямі свабоды слова:
“Для яе даволі свабоды, каб выходзіць у тым фармаце, у якім яна выходзіць, і рабіць той наклад, які мы робім. Газэта карыстаецца аўтарытэтам у чытачоў. Падпіска. Добра разыходзіцца. Можа быць, мне хацелася б, каб арэндная плата была менш. Для нас яна вышэйшая, чым для іншых выданьняў”.