Навіны пра беларускіх палітвязьняў.
Сёньня ў калёніі “Віцьба-3”, дзе ўжо болей за два года трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, пачалося яго доўгатэрміновае спатканьне з дочкамі Вольга і Юляй. Таксама сустрэцца з дзядулем прыехаў унук Уладзіслаў, якому 6 гадоў. Напярэдадні Вольга Казуліна распавяла:
“Паедзем вельмі рана, каб там быць ужо а дзевятай гадзіне, бо ведаем добра: пакуль нас правераць ды прапусьцяць, будзе ужо поўдзень. Паедзем з сястрой і возьмем майго сына Ўладушку. Возьмем для таты шмат малочных харчоў, бо ён кажа, што толькі гэта яго ратуе. Козье малако, розныя ёгурты – тое, чаго яму ў турме не даюць. Каб за тры дні яго крыху падсілкаваць. А таксама стравы, якія прыгатуем самі, ён іх вельмі любіць”.
Нагадаю, на гэтым тыдні падчас выступу ў парлямэнце са штогадовым пасланьнем Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў на адрас Аляксандра Казуліна. Вольга Казуліна з гэтай нагоды не выключыла, што будзе падаваць у суд на кіраўніка дзяржавы, каб абараніць гонар і годнасьць свайго бацькі.
Сяргея Парсюкевіча перавялі зь Менскага ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. У міліцыі тлумачаць перасяленьне рамонтам, які пачаўся ў турме пасьля таго, як абрынулася адна з чатырох вежаў Пішчалаўскага замку, дзе разьмешчаная турма. Жонка палітвязьня Натальля непакоіцца: ці ня будуць умовы ў Жодзінскай турме яшчэ горшыя? Жанчына чула, што Жодзінскі ізалятар называюць самым жорсткім па абыходжаньні зь вязьнямі ў Беларусі. Таксама ускладніліся магчымасьці зносін зь Сяргеем Парсюкевічам для ягоных сваякоў.
“А як цяпер яму перадаваць перадачы? Вось раней мая сястра сходзіць да ізалятару і перадасьць, што трэба. А цяпер як ёй быць, езьдзіць у Жодзіна? Гэта складана”.
Нагадаю, сям’я Сяргея Парсюкевіча жыве ў Віцебску. Там жа жыве ягоная маці, якая цяжка захварэла.
Дзень разгляду касацыйнай скаргі Сяргея Парсюкевіча ў Менскім гарадзкім судзе яшчэ не прызначаны. Прадпрымальніка пакаралі на 2,5 года зьняволеньня нібыта за зьбіцьцё міліцыянта.
Маці палітвязьня Андрэя Кіма Тацяна на гэтым тыдні наведала сына ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі, куды Андрэй патрапіў з захворваньнем вачэй. Дактары кажуць, што аднымі лекамі становішча не выправіць, тэрмінова патрэбны акуляры. Зрок у Кіма стаў рэзка пагаршацца пасьля таго, як у студзені яго зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар. “Там цёмна. Увесь час паляць, і ў Андрэя пачалі сьлязіцца вочы”, – згадвае Тацяна Кім.
Пасьля спатканьня маці дазволілі перадаць сыну садавіну – яблыкі, ігрушы, лімоны – але не прынялі летнюю вопратку.
“Ён прасіў спартовы строй, красоўкі замест зімовых ботаў, у якіх яго арыштавалі, але не ўзялі. Відаць, ужо прыйдзецца перадаваць у турму”, – кажа Тацяна Кім.
Днямі Андрэй Кім падасьць касацыйную скаргу на прысуд. Нагадаю, актывіста асудзілі на 1,5 года зьняволеньня нібыта за напад на міліцыянта падчас мітынгу прадпрымальнікаў.