Палітычнае жыцьцё ў Барысаве напружаным, насычаным ды канфліктным стала аж з часоў гарбачоўскай перабудовы.
Адчуў гэта на сабе амаль паўтара дзясятка год таму, калі рабіў там дакумэнтальны фільм пра карупцыю. Тагачасная намэнклятура ціхай сапай пераводзіла ў прыватныя фірмы на сваіх родных ды знаёмых дзяржаўныя гандлёвыя прадпрыемствы. Дзейнасьць групы дэмакратычных дэпутатаў гарсавета пры дапамозе экс-сьпікера Станіслава Шушкевіча тады дазволіла спыніць прыхватызацыю. Але аб’ектыўныя падставы, каб называць Барысаў “складаным” горадам, існавалі ды існуюць.
Пайшоў адразу да калегаў з найстарэйшай незалежнай рэгіянальнай газэты краіны — “Борисовские новости”. У ёй нямала матэрыялаў па-беларуску, але назва расейская. Большасьць са 150 з гакам тысяч насельнікаў гораду — вайскоўцы з былога СССР. Дарэчы, калісьці тут былі аж чатыры недзяржаўныя выданьні. Засталіся два.
Я ў кабінэце рэдактара — ляўрэата прафэсійных прэмій, прадпрымальніка Анатоля Букаса. Суразмоўца кажа, што й цяпер газэта шмат увагі аддае карупцыі ва ўладзе.
Букас: “Прыватныя асобы атрымалі камбінат будматэрыялаў, яго цэхі і абсталяваньне. Экс-старшыня райвыканкаму Ўладзімір Кіберман садзейнічаў скупцы коней па ўсім раёне. Кажуць, такім чынам прыватныя фірмы атрымлівалі і коней, і таньнейшае мяса. Побач з Барысавам, у вёсцы Весялова, — крухмальны завод. Калі яго былы дырэктар Юры Чарнышоў балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чамусьці зьняў сваю кандыдатуру на карысьць старшыні фэдэрацыі прафсаюзаў Козіка. Яго прызначаюць пасьля дырэктарам тытунёвай фабрыкі ў Гродна. На завод садзяць маладога чалавека — сына Чарнышова...”
Акурат пакуль я быў у Барысаве, на старой аўтатрасе Масква — Менск адбылася аварыя. Вялізная фура ўрэзалася ў аўтамыйку на скрыжаваньні вуліц Гагарына ды Тоўсьцікава. “БН” пісалі ў свой час, што мыйка пабудавана з парушэньнем архітэктурна-будаўнічых нормаў. Мы стаім са спадаром Букасам на мосьце, адкуль відаць уся, так бы мовіць, антыгеаграфія.
Букас: “Ёсьць так званая чырвоная лінія на вуліцы, за якую нельга залазіць, тым больш будаваць. Аднак аўтамыйка была збудавана. Козік, калі балятаваўся, казаў, што мыйку будуць зносіць. Сёньня яшчэ вялізны ўчастак тут абнесены плотам, дзе Мірончык, уладальнік, зьбіраецца пабудаваць аўтапаркінг. Зноў жа ў парушэньне архітэктурных нормаў...”
Зь Менску папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю намесьніка старшыні райвыканкама Юрыя Шэлягіна.
Шэлягін: “Што значыць з парушэньнем архітэктурных нормаў? Стаіць і стаіць. Уведзены ў эксплюатацыю. Наконт паркінгу — калі праектна-каштарысная дакумэнтацыя пройдзе экспэртызу ў вызначаным парадку, ніякіх пытаньняў ня бачу. Ёсьць мноства кантрольных інстанцый. “Барысаўскія навіны” могуць як хочуць трактаваць. А за словы Козіка адказваць не зьбіраюся...”
Ізноў слова рэдактару Анатолю Букасу.
Букас: “Калі паглядзець на сытуацыю з адводам зямельных надзелаў, дык мясцовыя ўлады могуць росчыркам пяра даць сваім людзям любое месца ў горадзе. Затое тым, хто ім не падабаецца, — не даюць. Газэта месьціцца ў двухпакаёвай кватэры, зь якой нас выкідаў гарсавет. На нас наяжджалі падатковая, пажарная службы. Сёньня газэта не прадаецца ў шапіках, яе няма ў паштовых скрынях. Мы кладзем яе ў пакет, клеім маркі. Даем на пошту. Раней наклад быў 12 тысяч. Давялося зьнізіць, бо ўлады не даюць нам працаваць...”
Барысаў здаўна вядомы наяўнасьцю так званага “залінейнага” раёна, які месьціцца за чыгункай. Мясцовыя называюць яго тутэйшым Гарлемам. Там з-за рэгулярнай паводкі прыватныя драўляныя будынкі ператварыліся ў халупы зь ледзяной вадой пад зрубам ды гнілымі бёрнамі. Але сытуацыя з домам № 1 па вуліцы Кавальскай, што непадалёк ад цэнтру, як тут лічаць, перавысіла мяжу дапушчальнага. Два гады таму ён згарэў. Ацалелі рэшткі сьценаў ды фундамэнт. А таксама жыхары — 81-гадовая Еўдакія Іванова з сынам Акімам, які не працуе. З тае пары так і жывуць на сямі вятрах. Укруціўшыся ў анучы. І са зграяй валацужных сабак. Адна зь іх тут жа цапнула мяне за нагу. Але і яны днямі не ўратавалі цётку Еўдакію ад даўняй непрыязнасьці некага з суседзяў. Яна спрабуе нешта ліхаманкава сказаць праз сабачы брэх.
Еўдакія: “Моніч пабіў мне галаву, кідаў-кідаў мяне. Пэнсію схапіў. Не магу хадзіць. Калёнка перакрытая, яны даціскаюць нечым. Баба во малака бутэльку прынесла. А я ледзь устала — галава шуміць...”
Сын Акім бяжыць ад мікрафона.
Акім: “Не! Ня буду, не хачу...”
Падыходзіць суседка, спадарыня Алена, і тлумачыць:
Алена: “Пажар быў ноччу, два гады таму. Суседзі ўратавалі, а так бы яны згарэлі. Ніхто не запальваў, бо гарэла зьверху. Цяпер на суседа гавораць. Яна аднекуль прыходзіць, а ён тут жыве. І не хварэе. Я ня ведаю, дзе тая ўлада...”
Ізноў тэлефаную намесьніку старшыні Барысаўскага райвыканкама спадару Шэлягіну. Там сытуацыю даўно ведаюць.
Шэлягін: “Ну... (усьміхаецца ) Вельмі цяжкая праблема, зьвязаная з прыватнай уласнасьцю. Ім прапаноўваліся кватэры. Там людзі не зусім адэкватныя. Сёньня задача пастаўлена галоўурачу тэрытарыяльнага цэнтру мэдычнага абслугоўваньня паспрабаваць вырашыць пытаньне аб уладкаваньні гэтых людзей у інтэрнат. Пасьля чаго будзе прымацца рашэньне аб зносе...”
Гледзячы па ўсім, для мэдыкаў задача пакуль таксама невыканальная. Вось што расказала тая ж спадарыня Алена.
Алена: “Прыяжджала “хуткая дапамога”, хацела забраць Акіма — чалавек 4 ці 5. Не адчынілі яны...”
Пустэльнікі Еўдакія ды Акім кідаць жытло аніяк не пагаджаюцца. Яны выбухаюць гневам:
Еўдакія: “А кватэру нам ніхто не даваў! Трэба пакінуць хату, а я хату ніколі не пакіну!”
Пэрспэктывы зьнікненьня барысаўскага Гарлему застаюцца цьмянымі. Ва ўсякім выпадку, міліцэйскі “уазік”, які праяжджаў па дарозе, у адказ на маё галасаваньне мікрафонам, каб спыніцца, толькі прыбавіў ходу.
* * *
У Барысаве ж штомесяц выходзіць на 12 старонках унікальная краязнаўчая газэта “Гоман Барысаўшчыны”. У яе рэдактара Міхася Мяцельскага пытаюся, пра што ўдалося даведацца за 12 год існаваньня — акрамя таго, што тут нарадзіўся і правёў некалькі год Анатоль Чубайс. Кажа спадар Міхась.
Мяцельскі: “За гэты час апісаная гісторыя 60 вёсак ды вуліц Барысаўшчыны. Упершыню ўзьнялі гісторыю развадных мастоў, якія існавалі ў горадзе ў 19—20-м стагодзьдзях. Пісалі, хто ўладарыў у Барысаве. Пра Каладзеева, які сабраў самую вялікую калекцыю дакумэнтаў, прысьвечаных вайне 1812 года. Крушэўскі, пісьменьнік, занесены ў кнігу рэкордаў Гінэса, які напісаў больш за ўсіх кніг. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя жыў тут. Адкрылі дзясяткі асобаў...”
Яшчэ 10 гадоў таму ў Барысаве налічвалася больш за 40 прамысловых прадпрыемстваў, больш за 600 — гандлёвых ды закупачных усіх формаў уласнасьці. На сёньня зь іх працуе ня больш за 20%. Цьвердзіць усё той жа Анатоль Букас.
Букас: “Прадпрыемствы, якія разваліліся, — фабрыка піяніна, якая раней “гучала” на ўвесь Саюз. Завод “Кран” — раней выпускалі авіяпрыборы. Завод “Гідраўзмацняльнік”, кажуць, у мінулым годзе быў прададзены расейскаму прадпрымальніку Дзерыпаску. Завод “Крышталь” — дзяржава выдала крэдыт, каб наладзіць выпуск шклатары, мэдыцынскіх ампул. Вынікаў няма...”
Як і паўсюдна ў краіне, тут узмацніўся ціск на суполкі палітычных партый ды іхніх лідэраў. Кажа старшыня суполкі Партыі БНФ Сяржук Салаш.
Салаш: “Тут досыць вялікая канцэнтрацыя знакавых асобаў. Можна пералічыць Маргуліна, Гарбачова, Букаса, Пахабава, Капульцэвіча. У нас заўсёды вельмі напружаныя выбары. Хоць па выніках гэтыя людзі не становяцца дэпутатамі, некага не рэгіструюць — людзі галасуюць. Заўважана, што насельнікі ўсё больш гатовыя аддаваць галасы за дэмакратычных кандыдатаў, а не за ўладу...”
Карэспандэнт: “Ціск улады прапарцыянальны напружаньню палітычнага жыцьця?”
Салаш: “Абсалютна! На мясцовых выбарах пачалі выкарыстоўваць мэтады правакацыяў — напады на кандыдатаў, узбуджэньне адміністрацыйных спраў, пасадка на суткі. На Гарбачова, Ігара Ледніка былі напады нядаўна. Але гэта выдаткі палітычнага існаваньня пры дыктатуры...”
Сытуацыя зь лідэрам усебеларускага руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктарам Гарбачовым стаіць асобна. Нагадаю, 8 студзеня сёлета на пэроне чыгуначнага вакзала да Віктара, які быў з жонкай Сьвятланай ды 13-гадовым Мікалаем, стаў дамагацца невядомы мужчына. Ён штурхаў Віктара, выкрыкваў зьнявагі. Міліцыянты ж чамусьці затрымалі Гарбачова ды абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве. У той жа дзень адбыўся разгляд справы, кажа Віктар.
Гарбачоў: “Суд апраўдаў. Старшыня суду вучыўся са мной у адной групе на юрфаку БДУ, як і я, афіцэр. Праз два дні быў перагляд менскім аблсудом. Судзьдзя прысудзіў 20 базавых велічынь. Будзем дзяўбсьці справу з адвакатам. Штраф я выплаціў, каб мог свабодна перасякаць мяжу...”
Рух, які ўзначальвае Гарбачоў, зараз мае структуры ў 56 раёнах краіны. Колькасьць патэнцыйных сяброў ён ацэньвае ад 5 да 10 тысяч. Пры гэтым магчымасьці рэгістрацыі нулявыя. Як і ў дэмпартый, чые дакумэнты ляжаць гадамі. Затое нядаўна Барысаўскі райвыканкам адным махам зарэгістраваў 15 суполак прапрэзыдэнцкага руху “Белая Русь”. Я патэлефанаваў яго старшыні — намесьніку дырэктара танкавага завода па ідэалёгіі Уладзіміру Васільеву. Той, нібыта, такі падыход не ўхваляе.
Васільеў: “Мне ніхто не супрацьдзейнічаў. Але калі ўмовы будуць няроўныя, такая арганізацыя нам непатрэбная. Мы ўжо праходзілі арганізацыю “кіруючую і напраўляючую”, якую ў Канстытуцыю занесьлі. Інакш скампрамэтуем арганізацыю...”
Тым ня менш у Гарбачова ды яго паплечнікаў узьнікла ідэя, якая ўжо знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі.
Гарбачоў: “Мы падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі ў Кіеве. Міністэрства ўнесла нас у рэестр зарэгістраваных структур. У Літве, Польшчы зьбіраемся рэгістрацыю прайсьці. І паглядзім, як у Расеі, у Смаленску. Будзе міжнародная структура, якая адстойвае інтарэсы беларускіх прадпрымальнікаў. Непасрэдна для іх — гэта кантакты з прадпрымальнікамі ды іх структурамі, перайманьне бізнэс-вопыту. Будзе ціск на мяне — амбасада Ўкраіны павінна бараніць сваю структуру. Спрабуем, каб сусьветная грамадзкасьць націснула на нашу ўладу...”
Да вакзала мяне падвозіў вядомы ўжо нам рэдактар “БН”, спадар Анатоль Букас.
Разглядаю каляровы, востры тыднёвік, які месяц таму стаў выходзіць аж на 48 старонках. Адначасова слухаю суразмоўцу, які за 16 гадоў яго існаваньня прайшоў праз 200 (!) судовых працэсаў. Штодзень працуе па 12 гадзін. Не магу не запытаць...
Карэспандэнт: “Што дае сілы, жаданьне, надзею?”
Букас: “Я заўжды хацеў, каб барысаўчане чыталі газэту, дзе могуць выказаць сваю думку адносна ўлады, сваіх праблем. З-за гэтага нам даводзіцца выжываць у неверагодных умовах, “выцарапваць” матэрыялы. Але людзі хочуць заможнага жыцьця, шчасьлівых сем’яў, хадзіць па прыгожых вуліцах, купляць яду, якую хочуць. Гэтага чакае кожны барысаўчанін...”