2 траўня віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча зь менскага сьледчага ізалятару тэрмінова перавялі ў Жодзінскую турму. Чым тлумачыцца гэты пераезд?
Перавод Сяргея Парсюкевіча ў Жодзіна мне пацьвердзіла дзяжурная бюро даведак Менскага сьледчага ізалятара, дзе прадпрымальніка трымалі з 4 сакавіка. Ці азначае гэта, што вязьню ўжо вызначылі месца адбыцьця пакараньня? Нагадаю, прысуд Парсюкевічу набудзе моц толькі пасьля таго, як скаргу асуджанага разгледзяць у Менскім гарадзкім судзе. Прычыны пераводу ўдалося высьветліць адвакатцы Парсюкевіча Веры Страмкоўскай.
“Справа ў тым, што пачаўся рамонт гэтага будынку ў зьвязку з тым, што абвалілася вежа. Ужо два дні вязьняў перавозяць у Жодзіна. Парсюкевіча адправілі сёньня. Якраз я туды прыйшла на сустрэчу зь ім, а яго ўжо павезьлі”.
Як пачуваецца вязень, у якога абвастрылася астма? “Турэмны мэдык ацаніў стан яго здароўя як здавальняючы”, — паведаміла Вера Страмкоўская.
Жонка Сяргея Парсюкевіча Натальля кажа, што днямі атрымала ад мужа ліст, адасланы яшчэ з “Валадаркі”.
“Паведамляў, што 25 чалавек у камэры, ложкі ў тры ярусы, яму далі ложак на ніжнім ярусе”.
У гэтым лісьце Сяргей Парсюкевіч не папярэджваў пра тое, што яго зьбіраюцца перавесьці ў Жодзінскую турму. Натальля Парсюкевіч гэтым пераездам занепакоеная. Паводле яе зьвестак, Жодзінскі сьледчы ізалятар лічыцца самай жорсткай турмой у Беларусі.
Ці так гэта? Якія ўмовы чакаюць Сяргея Парсюкевіча на новым месцы?
Былы дэпутат Валер Шчукін адбыў у Жодзінскім сьледчым ізалятары болей за месяц. Праваабаронца адзначае, што ахоўнікі турмы больш жорсткія ў параўнаньні з ахоўнікамі “Валадаркі”.
“Бо яны натрэніраваныя на ахове вязьняў, пакараных на пажыцьцёвае зьняволеньне, якіх таксама трымаюць у гэтай турме”, — кажа Валер Шчукін.
“Рукі не заломваюць, як пажыцьцёвым, але абыходжаньне падобнае. Прыкладам, патрабуюць, каб усе падымаліся і стаялі тварам да сьцяны, як толькі яшчэ замок дзьвярэй бразнуў”.
Пры гэтым Валер Шчукін адзначае, што ў Жодзінскім сьледчым ізалятары не было такой перанаселенасьці ў камэрах, як на “Валадарцы”, і харчаваньне там лепшае.
“Кармілі, мушу прызнаць, там лепей. Гнілой капусты не давалі”.
Дзень разгляду касацыйнай скаргі Сяргея Парсюкевіча яшчэ не прызначаны. Гэта можа адбыцца цягам месяца, які Сяргей Парсюкевіч адбудзе ў Жодзіна.
У канцы красавіка Маскоўскі суд Менску асудзіў прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча на 2,5 года зьняволеньня за зьбіцьцё міліцыянта ў турме на Акрэсьціна, куды Парсюкевіча зьмясьцілі пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сяргей Парсюкевіч сваёй віны не прызнаў і даводзіў суду, што гэта яго зьбілі ахоўнікі турмы.