Невядомыя сарвалі рэпрадукцыю абразу Божай маці, якую ўсталяваў на каплічцы мастак Аляксей Марачкін. Акт вандалізму адбыўся ўначы.
Аляксей Марачкін сказаў:
“Гэта акт вандалізму, акт бездухоўнасьці. І ўсё гэта, калі не з патураньня ўлады, то пад гэтай апекай. Бо што ні робіцца падобнае – нічога ніхто не расьследуе. Цяпер на сьвяты я на вёсцы ў Барсуках. Прыеду, то зраблю не рэпрадукцыю, а пастараюся зрабіць гэта на дошцы і неяк замацуем. Я адчуваў, што прыйдзе час і зноў гэта будзе, на вялікі жаль”.
Каплічка ўсталяваная побач зь вялікім крыжам на ўваходзе ў Курапацкі лес. На ёй выява абраза маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Яна была ўсталяваная на Дзяды ў 2003 годзе. У сьнежні 2005 году на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі.
5 кастрычніка 2007 года А.Марачкін абнавіў каплічку.