Мясцовыя ўлады ў рэгіёнах не дазволілі ніводнай першатравеньскай імпрэзы, заяўкі на якія падавалі апазыцыйныя партыі і арганізацыі. І ўсё ж несанкцыянаваныя акцыі адбыліся.
1 траўня ў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну плянаваўся чарговы мітынг супраць будаўніцтва хімічнага заводу расейскай прыватнай фірмы “Август”.
Аднак ужо раніцай “Свабода” атрымала паведамленьне, што міліцыянты блякавалі мясцовы шпіталь. Перадусім пільнавалі Сяргея Абразоўскага — нефармальнага лідэра. Ён цяпер лечыцца пасьля сутычкі зь міліцыянтамі 26 красавіка.
Абразоўскі: “На сёньня ўжо другая актывістка — Тацяна Расінец — трапіла ў гэты шпіталь. Міліцыя аблажыла будынак, нягледзячы на тое, што мы знаходзіліся пад кропельніцамі. Усе яны ў цывільным адзеньні. Тры экіпажы — ля шпіталя, а яшчэ адзін — ля майго дому”.
Шпіталізацыя спатрэбілася Тацяне Расінец пасьля так званай прафіляктычнай гутаркі міліцыянтаў. А як пачуваецца зараз спадарыня Тацяна?
“Ужо ў прынцыпе нармальна. А ўвогуле, самі разумееце, што ня вельмі прыемна, калі прыяжджаюць на працу і наяжджаюць”.
Раніцай у Магілёве ў часе акцыі на плошчы імя Леніна быў затрыманы грамадзкі актывіст Мікалай Расюк:
“Ім быў дадзены загад мяне ізаляваць ад сёньняшняй акцыі. І гэта ўжо ў другі раз. Першы раз забралі 26 красавіка. Зрабіў гэта палкоўнік Алёнушкін — галоўны міліцыянт вобласьці”.
Карэспандэнт: “А якія былі вашы пляны на ўдзел у дэманстрацыі ў Магілёве?”
“Узяў сьцяг БСДП (Грамада), які афіцыйна зарэгістраваны. Меў на мэце прадэманстраваць уладзе, што час патрабуе зьвярнуць увагу на галіну будаўніцтва. Вельмі нездаровая абстаноўка, дрэнная якасьць і ўсё іншае. А Лукашэнка зьбіраецца будаваць атамную электрастанцыю”.
У Берасьці адбылося найбольш масавае ў рэгіёнах вулічнае шэсьце. Яго маршрут пачаўся на плошчы Свабоды, а завяршыўся ў гарадзкім парку імя 1 траўня. Актывіст Ігар Маслоўскі:
“Раздаём віншаваньні зь Першамаем, улёткі, паштоўкі. Сустрэлі тут начальніка УУС Ленінскага раёну Берасьця, яго павіншавалі. У парку цяпер вельмі шмат міліцыянтаў. Вось яны і наперадзе калёны, і збоку. Па рацыі нешта перадаюць (сьмяецца)”.
У 14.40 удзельнікі шэсьця ў Берасьці разгарнулі 4-мэтровы сьцяг БСДП (Грамада). Міліцыянты кінуліся да яго. Але пасьля адпаведнага тлумачэньня міліцыянты больш не заміналі ўдзельнікам дэманстрацыі.
У Наваполацку не дазволілі пікет на 1 траўня. Заяўку ў гарвыканкам падавалі прадстаўнікі БСДП (Грамада). У пісьмовай адмове за подпісам старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Натальлі Качанавай ім паведамілі, што для правядзеньня пікету 1 траўня ў горадзе няма месца, бо ва ўсіх парках і на ўсіх плошчах будуць праводзіцца масавыя сьвяткаваньні. Актывісты плянавалі зьбіраць подпісы супраць адмены льготаў, супраць кантрактнай сыстэмы і за спрашчэньне прадпрымальніцкай дзейнасьці.
У Віцебску каля 30 прадстаўнікоў абедзьвюх камуністычных партыяў сабраліся аб 11-й раніцы на плошчы Леніна ў Віцебску, каб ускласьці кветкі да помніку Леніна. Міліцыянты не прад’яўлялі да іх прэтэнзіяў, хаця віцебскія камуністы — пераважна пэнсійнага ўзросту — сабраліся тут несанкцыянавана, таму што ў афіцыйным дазволе на акцыю ім адмовіў гарвыканкам.