Пра што пісалі беларускія газэты 29 красавіка ў розныя гады мінулага.
“Звязда” ў 1938 годзе друкуе такую рэкляму: “Менская кандзіцерская фабрыка “Комунарка” да першамайскіх свят выпускае новы асартымент дзіцячых падарункаў. На рынак паступяць — у новым афармленні ў прыгожых каробках — вышэйшыя сарты шакаладных канфет... Выпускаецца дзіцячы шакаладны ірыс і рад новых сартоў карамелей — “Малінавая”, “Майская падушачка”, “Рокс у блясе”. Усяго будзе выпушчана і паступіць у продаж 200.000 шт. розных каробак і дзіцячых падарункаў”.
Тая ж “Звязда”, але ў 1958 годзе, зьмясьціла рэпартаж пад назвай “У горад прышла вясна”: “На кожным кроку можна сустрэць жанчын у белых халатах з нагруднымі значкамі, на якіх напісана: “Харчгандаль”, “Прамгандаль”. Адразу здагадваешся, што гэта прадаўцы кіёскаў, латкоў, развозных цялежак. Выканком гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб адкрыцці ў вясення-летні перыяд 1.825 новых гандлёвых кропак па продажу хлебабулачных вырабаў, марожанага, галантарэйных і парфумных тавараў”.
* Са старонак “Народнай волі” ў 1998 годзе прафэсар Георгій Лепін даводзіць: “Усе даплаты тым, хто працуе ў забруджаных раёнах, пэнсіянэрам, якія ў іх жывуць, тым, хто атрымлівае дапамогу, і навучэнцам заніжаныя больш чым у 17 разоў. Выплаты людзям, якіх Чарнобыль ператварыў у інвалідаў, заніжаныя ў 23 разы, а “кампэнсацыі” сем’ям тых чарнобыльцаў, якія загінулі, — у 25 разоў. Сёньня кошт страчанага ў Чарнобылі здароўя вызначаны ў 100 даляраў, а кошт жыцьця чарнобыльца — у 150 даляраў”.