Сёлетняя акцыя “Чарнобыльскі шлях” скончылася без затрыманьняў. У шэсьці ўдзельнічала пераважна моладзь.
Пад барабанны бой і воклічы “Не — АЭС!” моладзевыя актывісты з розных рухаў і арганізацый прайшлі ад Акадэміі навук праспэктам Незалежнасьці і вуліцай Сурганава да капліцы ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. У некалькіх маладых людзей міліцыянты ў цывільным адабралі эўрапейскую сымболіку і сьцягі.
Паводле ацэнак назіральнікаў, міліцыянтаў і журналістаў, у шэсьці “Чарнобыльскі шлях” удзельнічала крыху больш за тры тысячы чалавек. Паводле афіцыйнай інфармацыі менскай міліцыі, у Чарнобыльскім шляху узялі ўдзел каля 750 чалавек. Як паведамілі БелаПАН у галоўным упраўленьні ўнутраных справаў Менгарывыканкаму, у працэсе руху калёны колькасьць дэманстрантаў дасягнула прыкладна 750 чалавек: каля 450 чалавек знаходзіліся на пляцоўцы ля Акадэміі навук, і каля 300 побач з храмам на рагу вуліцы Карастаянавай і Арлоўскай.
На скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа моладзевыя актывісты, якія ішлі паперадзе калёны, выйшлі на праезную частку. Але ўбачыўшы, што замінаюць працы грамадзкага транспарту, яны вырашылі сысьці на ходнікі.
Міліцыянты не ўжывалі сілу. Аднак падчас шэсьця не абышлося без інцыдэнтаў. Супрацоўнікі міліцыі і службы бясьпекі, якія, дарэчы былі апранутыя ў цывільнае і мелі на вопратцы эўрапейскую сымболіку, зацягвалі моладзевых актывістаў у двары, прылеглыя да вуліцы Сурганава, і адбіралі ў іх банданы, кепкі і сьцягі з эўрапейскай сымболікай.
Прадстаўнікі моладзевых арганізацый лічаць, што дзякуючы гэтаму на наступнай акцыі ў міліцыянтаў будзе больш сымболікі, якая дасьць ім магчымасьць не адрозьнівацца ў калёне ад іншых дэманстрантаў.
Гаворыць Юрась Карэтнікаў, лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс”:
“Нягледзячы на тое, што шмат людзей у натоўпе былі абвешаныя эўрапейскай сымболікай і мелі на галаве кепкі руху “За свабоду”, а на грудзях у іх былі прышпіленыя значкі БХД, іх можна было адразу вылічыць па характэрных красоўках, якія, напэўна, набываюцца масава і ім раздаюцца”.
Удзельнікі шэсьця выкарыстоўвалі шмат сымболікі — чорныя балёнікі з выявай знаку “радыяцыя”, расьцяжкі супраць будаўніцтва АЭС, банданы і кепкі сіняга колеру “За свабоду”, бел-чырвона-белыя сьцягі і стужкі і г.д.
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным суправаджалі анархістаў, якія цягам усяго шэсьця рухаліся пад барабанны бой. Анархісты не далучыліся да мітынгу каля капліцы. Адзін зь іх, які назваўся Дзянісам, патлумачыў Радыё Свабода іхнюю пазыцыю:
“Мы ня будзем удзельнічаць у гэтым мітынгу, які санкцыянавала дзяржава. Мы анархісты і не падтрымліваем дзяржаву. Мы выказалі сваю пазыцыю і не зьбіраемся ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі”.
Некалькі дзясяткаў анархістаў пайшлі на прыпынак грамадзкага транспарту на вуліцы Арлоўскай, дзе стаялі ў атачэньні спэцназаўцаў. Яны дробнымі групамі сядалі ў маршруткі і ў аўтобусы. Некалькі чалавек міліцыянты выцягнулі з машыны і забралі ў іх дрэўкі ад сьцягоў (а гэта драўляныя, расьпілаваныя напалам чаранкі рыдлёвак).
Да прыпынку пад’ехалі аўтазакі і міліцэйскія аўтобусы, але нікога затрымліваць ня сталі.
Прадстаўнікі “Маладога фронту” паведамілі “Свабодзе”, што калі і ўдзельнічалі ў шэсьці, то як простыя грамадзяне, а не як актывісты “Маладога фронту”.
Такім чынам, акцыя “Чарнобыльскі шлях” завяршылася ўскладаньнем кветак каля капліцы ахвярам Чарнобыльскай катастрофы на вуліцы Карастаянавай.