“Саюз Чарнобыль-Беларусь” і чарнобыльская камісія Аб’яднанай грамадзянскай партыі запатрабавалі сёньня адстаўкі міністра працы і сацыяльнай абароны Ўладзімера Патупчыка.
Грамадзкасьць лічыць, што міністар ня выявіў жаданьня захаваць дзяржаўныя гарантыі ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Старшыня зарэгістраванага ва Ўкраіне “Саюзу Чарнобыль-Беларусь” Аляксандар Валчанін паведаміў:
“Сабралася праўленьне нашага Саюзу і правялі паседжаньне чарнобыльскай камісіі АГП. І мы прыйшлі да высновы — сьледам за адстаўкай міністра сельскай гаспадаркі павінна адбыцца і адстаўка міністра сацыяльнай абароны, паколькі ён “заваліў” усю абарону чарнобыльцаў. Такі чалавек не павінен быць ва ўладзе”.
Адзначэньню сёньняшніх жалобных угодкаў у Магілёве папярэднічала затрыманьне актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікалая Расюка. Міліцыянты спынілі яго за сто мэтраў ад месца правядзеньня “афіцыйнага” чарнобыльскага мітынгу. Расюк нёс з сабой вянок, на стужках якога было напісана “Ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі Магілёва”.
Старшыня Магілёўскай абласной філіі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў “Свабодзе”, што вянок ускласьці не атрымалася, і таму мясцовыя дэмакраты абмежаваліся кветкамі. А вянок будзе знаходзіцца каля Чарнобыльскага крыжа, які колькі гадоў таму ўсталявалі апазыцыйныя сілы і дзе яны традыцыйна адзначаюць жалобную дату:
“Крыж адноўлены. Яго ўлады спрабавалі зламаць. Але мы яго адрамантавалі. І ён стаіць. І штогод увечары 25-га ці 26-га мы ўскладаем там кветкі, вянкі”.
Сёньня ж жалобная акцыя прайшла і ў Мазыры. Пра гэта нашаму радыё паведаміў былы ліквідатар Валер Зайцаў:
“Чарнобыльцаў прыйшло шмат. Ліквідатары былі. І перасяленцы. Дзеці выступалі. А ўвечары ў нас яшчэ і канцэрт адбудзецца”.
Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора расказаў пра пляны дэмакратычнай грамадзкасьці ў Гомелі. Тут акцыя пройдзе пад знакам нязгоды з будаўніцтвам АЭС і з патрабаваньнем вяртаньня льготаў пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы:
“Мы заўтра а 16-й гадзіне правядзем традыцыйную гадзіну смутку. Гэтым разам зьбяромся каля капліцы, якую абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацый усталявала да 15-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі”.
Шмат якія з заплянаваных на заўтра акцый не адбудуцца. У прыватнасьці, мясцовыя ўлады не далі дазволу на грамадзкія акцыі 26 красавіка ў Берасьці, Пінску, Белаазёрску, Салігорску, Рэчыцы, Жодзіне.