Жыхары пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна сёньня выйдуць на несанкцыянаваную акцыю пратэсту. Яна пройдзе пад назвай “Абаронім будучыню нашых дзяцей”, “Хочам быць пачутымі прэзыдэнтам нашай краіны”. Падчас акцыі будзе зачытаны пісьмовы зварот да Аляксандра Лукашэнкі.
Жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск і іншых паселішчаў пратэстуюць супраць будаўніцтва завода па вытворчасьці ядахімікатаў. Ягонае будаўніцтва распачынае расейская прыватная кампанія “Август-Бел”. Мясцовыя жыхары сабралі каля 6 тысяч подпісаў пад лістом пратэсту, які накіравалі ў мясцовыя і вышэйшыя органы ўлады. Неўзабаве ад людзей пачалі патрабаваць аклікаць свае подпісы, паведаміў Свабодзе адзін з актывістаў, жыхар пасёлку Сьвіслач Сяргей Абразоўскі:
“Днямі на ЦЭЦ-5 пабываў адзін з кіраўнікоў "Мінэнэрга" Васіль Бабей і зараз з боку адміністрацыі станцыі на людзей спрабуюць ціснуць, каб яны свае подпісы адклікалі. Выйсьце з гэтай сытуацыі людзі бачаць толькі ў тым, каб выйсьці на вуліцу і непасрэдна зьвярнуцца да кіраўніка краіны”.
Супраць Сяргея Абразоўскага 28 красавіка распачынаецца судовы працэс. Яго вінавацяць за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу жыхароў у пасёлку Сьвіслач 29 сакавіка. Пратэстоўцы зьвярталіся да мясцовых уладаў з заявай аб правядзеньні мітынгу, але такога дазволу чыноўнікі не далі. 9 красавіка суд Пухавіцкага раёну пакараў Сяргея Абразоўскага штрафам 1.400 тысяч рублёў паводле аналягічнага артыкула адміністрацыйнага кодэкса. Гэта сталася вынікам несанкцыянаванага мітынгу жыхароў пасёлку Дружны, які адбыўся 22 сакавіка.