Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 24 красавіка, чацьвер.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Лідэр прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргей Парсюкевіч прызнаны вінаватым у зьбіцьці ахоўніка турмы і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня. Камэнтары слухачоў “Свабоды”:
Спадар Станіслаў, Івацэвічы: “Я былы кіраўнік спэцустановы Міністэрства ўнутраных спраў, кіраваў гэтай установай амаль 10 гадоў. Таму я ня веру ў крымінальную справу супраць Парсюкевіча. У такіх установах дастаткова сілаў і сродкаў для ліквідацыі нэгатыўных зьяваў, якія могуць узьнікнуць унутры гэтай установы”.
Слухаю пра Сяргея Парсюкевіча, і сэрца крывёю абліваецца
Ціна Сакаловіч: “Слухаю пра Сяргея Парсюкевіча, і сэрца крывёю абліваецца. З рэшткамі інтэлігенцыі адбываецца наступнае. Атрымліваецца, што яна вораг і народу, і ўладзе, таму што інтэлігенцыя, таму што разумная, таму што гонар і сумленьне. Інтэлігенцыю загубілі вандалы з так званага “народа” і дабіваюць яе”.
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч працягвае паездкі ў рэгіёны Беларусі. Сёньня ён выкліканы ў пракуратуру для тлумачэньня ў пытаньнях масавых мерапрыемстваў. Выказваньні на гэтую тэму:
Спадар: “Спадар Мілінкевіч слушна робіць, вандруючы па краіне перад парлямэнцкімі выбарамі. Так робяць усе сапраўдныя палітыкі”.
Спадарыня: “Добры дзень, Радыё Свабода. Я сёньня хачу зьвярнуцца да Мілінкевіча Аляксандра Ўладзімеравіча. І хачу яму сказаць вялікі дзякуй за тое, што ён езьдзіць па рэгіёнах. Мы яго вельмі чакаем. А каго ж можна чакаць?! Хіба Лукашэнка да нас прыедзе?! Мы вас, Аляксандар Уладзімеравіч, вельмі чакаем!”
Улады Беларусі патрабуюць ад амбасады ЗША скараціць штат дыпляматаў да 5 чалавек. Раней пад ціскам Менску дыпмісія была зьменшаная да 17 чалавек. Выказваньне слухача:
Спадар: “Таварышы лукашэнкаўцы, каму патрэбна і выгадна палітыка супрацьстаяньня ЗША? Сьвет выратаваў ад фашызму не таварыш Сталін на чале Савецкага Саюзу, а краіны антыгітлераўскай кааліцыі, якім дапамагалі ЗША на чале з Рузвэльтам. Трэба памятаць і ведаць гісторыю”.
Улада казала, ня можа дазволіць мітынгаваць на плошчы Каліноўскага. Халера зь ёй, такой уладай
Спадар: “Улада казала, ня можа дазволіць мітынгаваць на плошчы Каліноўскага. Халера зь ёй, такой уладай, якая не дае Чарнобыль памінаць. Пойдзем па вуліцы Арлоўскай да храма Божага. Чарнобыль у нашым сэрцы, яму там быць. Гэта наша гора, яго нам не забыць”.
Далей пытаньне слухачкі:
Ільініч Тацяна Валянцінаўна, Пухавіцкі р-н, Талька: “У нас тут чуткі, што адбыўся недзе выкід з атамнай электрастанцыі. Ніхто ня ведае, адкуль, але такія чуткі ходзяць”.
Адказвае прэсавы сакратар Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віталь Навіцкі:
“Мы зьвязаліся з пэрсаналам усіх станцыяў, якія вакол Беларусі, і яны нам паведамілі, што ніякіх надзвычайных здарэньняў у іх не адбывалася”.
Працягваем праграму:
Колькі грошай убухалі ў гэты аграгарадок ЗАТ “Александрыйскае”, гэта адзін Бог ведае”
Спадар: “Нашыя беларускія вёсачкі толькі фэрмэр можа адрадзіць. Я паглядзеў на гэтыя аграгарадкі, адно паказуха, як помнікі стаяць. Пакажыце Чарнобыльскую зону, якую я бачу праз БелСат, дзе ўсю праўду паказваюць”.