У былым габрэйскім мястэчку Лунна

Я ў цэнтры мястэчка: з правага боку — царква, зьлева — касьцёлік. Дакладна як у адной зь песень нашага гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча.

Вось на лаўцы, побач з домам, сядзіць бабуля і пра нешта даволі голасна размаўляе — напэўна, з суседкай. Я знаёмлюся: Лізавета Жураўлёва — пэнсіянэрка, былая мэдсястра. Зараз спадарыня Лізавета жыве адна.


Жураўлёва: «Зусім адна. Праўда, сын у Горадні, але ведаеце, як сыны дапамагаюць — не прыедзе часта, вось і ўсё».

Карэспандэнт: «Пэнсіі хоць хапае на пражыцьцё?»

Жураўлёва: «Я прапрацавала 40 гадоў мэдсястрою й маю 360 тысяч пэнсіі».

Карэспандэнт: «Можа, дзяржава яшчэ нечым дапамагае вам?»

Жураўлёва: «Ды чым яна дапамагае. Нават ніхто ў хату не загляне, як я жыву».

Карэспандэнт: «Ну, суседзі ўсё ж заходзяць?»

Жураўлёва: «Няма ніякіх суседзяў. Як памру, то буду тры дні ляжаць. У гэтай хаце пуста, у наступнай таксама, і насупраць ніхто не жыве».

Карэспандэнт: «Здаецца, у вас тут такое вялікае мястэчка некалі было...»


Жураўлёва: «А працы няма. Зачынілі сьвінарнік, малочны комплекс таксама, цагельню зачынілі, бальніцу — засталася толькі амбуляторыя. І ўсё. Людзі ходзяць толькі ў калгас».

Карэспандэнт: «А там хоць трохі зарабляюць?»

Жураўлёва: «Ды што яны зарабляюць... Вось трактарысты зараз 150 тысяч у месяц атрымліваюць. Гэта летам трохі болей выходзіць, а зараз няма работы».

Карэспандэнт: «А вы тэлевізар гледзіцё?»

Жураўлёва: «Вядома».

Карэспандэнт: «Там жа паказваюць, што ня ўсё так дрэнна ў нас?»

Жураўлёва: (сьмяецца) Махляр. Дабавіць нейкіх 10 тысяч, а ў краме цэны на 20 тысяч падымуцца. І няма чаго ўжо ісьці ў тую краму«.

Карэспандэнт: «Дык што, ня вераць людзі ўладзе ўжо?»

Жураўлёва: «Ня вераць, ня вераць. Дый што верыць? Цэны паднялі, пэнсіі не дабаўляюць, вось людзі й кажуць, што прэзыдэнт наш дрэнны, грошай мала дае».

Карэспандэнт: «Невясёла тут у вас...»

Жураўлёва: «Паглядзіце, вось тая вуліца, вялікая, а жывуць адны старыя па 70 гадоў».

Карэспандэнт: «Цікава, а што тут было гадоў 20 таму?»

Жураўлёва: «О... гудзелі, вясёла было. Наша мястэчка называлі маленькім Парыжам. Людзей было шмат, розных лётчыкаў-сротчыкаў, работаў было шмат».

Карэспандэнт: «Спадарыня Лізавета, вось вы ўсё жыцьцё прапрацавалі й засталіся ў старасьці адзінокай. Вам хочацца што што-небудзь людзям сказаць, хоць праз радыё?»

Жураўлёва: «Няхай людзі трымаюцца, адзін аднаму дапамагаюць, бо спадзявацца на дапамогу ад нашае ўлады няма як. Ніхто не дапаможа з гэтага боку. А прэзыдэнту сказала б, каб не падымаў цэны й пэнсію большую людзям даў. Вось і ўсё».

На гэтым і разьвіталіся са спадарыняй Лізаветай. Мой гід па мястэчку — мясцовы жыхар, дэпутат сельскага савета ад Партыі камуністаў Беларускай Аляксандар Пудаўкін.


І хоць у ягоную партыйную арганізацыю ўваходзіць зь местачкоўцаў толькі ён сам, сярод людзей мае павагу і аўтарытэт. Спадар Пудаўкін неаднойчы абіраўся дэпутатам мясцовага савета. Менавіта да яго, а не ў сельсавет, напачатку ідуць людзі са сваімі скаргамі й крыўдамі.

Ён у адзіночку дамагаўся, каб у мястэчку не зачынялі бальніцу, каб поўны тыдзень працавала аптэка, каб шматдзетная сям’я атрымала кватэру...

Крочым зь ім па вуліцы Гродзенскай. Прыватныя домікі, ахайныя, дагледжаныя, пафарбаваныя. Спадар Пудаўкін запрашае зайсьці ў адну хату. Кажа, што тут жыве чалавек, найбольш дасьведчаны ў гісторыі Лунна.

Лявон Карповіч — былы настаўнік, цяпер пэнсіянэр. У хаце вельмі ўтульна, шмат кніжак, уключаны кампутар. Спадар Лявон працуе над матэрыяламі па краязнаўстве.


На стале мне кінулася ў вочы цікавая паштоўка: узьнясеньне Хрыста, а ў Хрыстовых руках — бел-чырвона-белы сьцяг. Гаспадар распавядае, што гэта карт-максымум, ужо філятэлістычны матэрыял.

Карповіч: «Была звычайная паштоўка, а зрабіў гэта я. Наклеіў марку, пайшоў на пошту й папрасіў, каб яе пагасілі. Так робіцца карт-максымум. У мяне цэлая выстава такіх паштовак».

Карэспандэнт: «І дзе вы іх выстаўлялі?»

Карповіч: «Я выстаўляў іх на беларускай нацыянальнай выставе. Яна ў мяне называецца «Карт-максымум. Архітэктурныя мэлёдыі Беларусі».

Карэспандэнт: «І даўно вы займаецеся гэтай справай?»

Карповіч: «Ды ўжо гадоў 15–16, параўнаўча нядаўна. Каб мець добрыя зборы, філятэліяй трэба займацца зь дзяцінства. А так, як я, то калекцый добрых ня будзе, трэба ўсё купляць, але дзе ўзяць тыя грошы...»

Карэспандэнт: «А якая тэматыка вас найбольш цікавіць?»

Карповіч: «Гісторыя Вялікага княства Літоўскага. Дый наагул мяне цікавіць Беларусь: ад Полацкага княства да сёньняшняга дня».

Карэспандэнт: «Скажыце, а пра што могуць распавесьці аматару беларускія маркі? Ці дазнаецца ён зь іх пра гісторыю Беларусі, архітэктуру, фаўну, флёру?..»

Карповіч: «Ну вядома, могуць. Вось, да прыкладу, фаўна й флёра. Мой сябра са Скідаля валодае калекцыяй — больш за 400 такіх карт-максымумаў, прысьвечаных выключна птушкам Беларусі. Яго выстава заваёўвае залатыя мэдалі ў замежжы, і там, дзякуючы яму, даведваюцца пра нашу прыроду».

Карэспандэнт: «А маркі па гісторыі...»

Карповіч: «Гісторыі прысьвечана вельмі мала».

Карэспандэнт: «Але чаму так?»

Карповіч: «Думаю, усё гэта з-за рэжыму, які ў нас існуе. Вось паглядзіце: 4 лютага — 200-годзьдзе Дуніна-Марцінкевіча, а маркі няма...»

Карэспандэнт: «А трэцяга — угодкі Тадэвуша Касьцюшкі...»

Спадар Лявон узгадвае вядомую легенду пра тое, як Касьцюшка сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасьці і ад яго патрабавалі прысягі на вернасьць расейскаму цару. Тады Касьцюшка нібыта папрасіў прывезьці яму з радзімы зямлі, насыпаў яе ў свае боты й у прысутнасьці цара склаў прысягу.

Карповіч: «Я прысягаю на вернасьць той зямлі, на якой стаю».

З суседняга пакоя нас кліча за стол гаспадыня — спадарыня Валянціна. Яна таксама на пэнсіі. З адукацыі настаўніца, але каля 30 гадоў адпрацавала старшынёй сельсавету. Прапаноўвае гарбаты, але адразу кажа, што рэцэптам не падзеліцца. Сапраўды, такой гарбаты ніколі не каштаваў. Не магу нават уцяміць, зь якіх яна зёлак.


Карэспандэнт: «Спадарыня Валянціна, а чым займаецеся на пэнсіі?»

Карповіч: «Тым, чым марыла ўсё жыцьцё: пачала гадаваць свае расьліны, якія люблю, лялею. Дзеля іх нават завяла сшытак (раней на скаргі заводзіла, а цяпер на расьліны) і запісваю там, што кожнай расьлінцы патрэбна, якой яна павінна быць і як павінна жыць».

Карэспандэнт: «І якая карысьць з гэтага?»

Карповіч: «Вялікая. Вось мужык наругаецца на мяне, а я ў свой гародзік. Ён сядзіць тут са сваім кніжкамі, злуецца, а мне сонейка прыгравае, і зямелька выцягнула ўсе гэтыя злыя токі...»

Карэспандэнт: «Спадарыня Валянціна, вось быў сёньня ў сельсавеце, хацеў даведацца, чаму не дапамогуць з жыльлём шматдзетнай сям’і, якая туліцца ў аднапакаёвай хатцы. А мне адказваюць: у нас няма кватэраў і грошай няма. На гэтым, відаць, і сканчаецца самакіраваньне...»

Карповіч: «Цяпер сельсавет у якасьці бясплатнага памагатага раённым службам. Яны сядзяць там у мяккіх крэслах і тэлефануюць у сельсавет: маўляў, ты там зрабіў, а чаму бібліятэка зачынена, ты пракантраляваў...»

Пытаюся, ці моцна ў раёне апошнім часам зьмянілася ўлада.

У якасьці адказу на маё пытаньне спадарыня Валянціна ўзгадала, як нядаўна езьдзіла ў райцэнтар на пахаваньне былой супрацоўніцы райвыканкаму, зь якой некалі сябравала.

Яна ня можа зразумець, чаму ніхто з раённых начальнікаў не наважыўся сказаць над труной аніводнага слова.

Карповіч: «А што, ужо няма каму што сказаць? Ці ня хочуць? Ці гэта так трэба? І мне падалося, што ўсе нейкія запалоханыя, нейкія затаптаныя. Нават тыя пахаваньні арганізаваць ня могуць...»

Са спадарыняй Валянцінай пагаварылі яшчэ пра суседзяў, пра настаўнікаў і дактароў.

Распавядала спадарыня Валянціна й пра свае палітычныя прыхільнасьці: як зьбірала подпісы падчас прэзыдэнцкай кампаніі за Аляксандра Казуліна, а муж яе — за Зянона Пазьняка.

Пытаюся: а чаму ў вас у адной сям’і так падзяліліся палітычныя погляды? Спадарыня Валянціна ўзгадала, як у 1994 годзе прысутнічала на сустрэчы З.Пазьняка з жыхарамі Лунна.

Карповіч: «Пасьля той сустрэчы, хоць я й не палітык, але сказала свайму мужу: яны, як народнікі, занадта далёкія ад народу, бо гавораць такой разумнай мовай, што вяскоўцы не разумелі іх. Магчыма, таму й стаўленьне да іх такое было».

Праўда, спадарыня Валянціна кажа, што муж ейны ўсё ж за З.Пазьняка назьбіраў больш подпісаў, чым яна за А.Казуліна.

Спадарыня Валянціна пачаставала нас вельмі смачнай хатняй стравай, і мы выправіліся на габрэйскія могілкі.

Па дарозе Лявон Карповіч распавядае, што да вайны ў мястэчку жылі пераважна габрэі. Іх было больш за паўтары тысячы чалавек, а каталікоў і праваслаўных — прыкладна па 200.

На пачатку вайны габрэяў адразу сагналі ў гета, а потым вывезьлі ў канцлягер... Пасьля гэтых падзей ніводзін габрэй так больш ніколі і не пасяліўся ў Луньне аж да нашых дзён.

Карповіч: «Яны былі выселены з усіх гэтых навакольных дамоў. Вось, глядзіце, гэта ўсё былі габрэйскія дамы, асабліва мураваныя. Вунь на тым яшчэ зорка Давіда засталася...»

А вось мы й на могілках. Пахілыя ад часу камяні парасьлі травою. Спадар Лявон распавядае, што першыя помнікі, якія ўдалося адшукаць, пазначаныя пачаткам XVI ст., а на апошніх помніках стаіць 1941 год.


Карповіч: «Багатых і знакамітых, відаць, габрэяў у нас не было, бо ў іх магілы ў выглядзе доміка, а ў нас нічога падобнага тут няма».

На гэтыя могілкі ніхто не прыяжджае, толькі ў 2005 годзе студэнты аднаго з амэрыканскіх каледжаў прыехалі й за свае грошы абгарадзілі іх, параўнялі помнікі, навялі парадак. Гэтая акцыя, са слоў майго гіда, адбылася ў рамках валянтэрскага руху: ні ў кога сярод студэнтаў тут не былі пахаваныя сваякі.


Спадар Карповіч прапаноўвае зайсьці да адной з найстарэйшых жыхарак Лунна, спадарыні Лізаветы Пуўшок, якая памятае яшчэ даваенныя часы. Спадарыня Лізавета з 1925 году. Цяпер жыве адна ў старой габрэйскай камяніцы, дзеці разьехаліся.

Усё жыцьцё адпрацавала ў мясцовым калгасе, а цяпер да яе штодня заходзяць суседкі, таксама пэнсійнага веку. Сядзяць у пакойчыку й узгадваюць маладосьць.


Карэспандэнт: «Спадарыня Лізавета, ці памятаеце вы тых габрэяў, што жылі ў Луньне да вайны, і як яны тут жылі?»

Пуўшок: «Габрэі жылі добра, кожны меў сваю хату і ўсе гандлявалі, мелі свае крамы. Вось тут жыў Злотаябка, там Носка жыў, а яшчэ далей Ёсель, Новік. І ўсе гандлявалі».

Карэспандэнт: «А да вас як яны ставіліся?»

Пуўшок: «Ведаеце, габрэі былі выдатныя людзі. Я вам вось раскажу пра сябе. У майго мужыка быў брат, жыў у Загорані. У яго нарадзілася дачушка, а жонка памерла. Пайшоў ён да бацюшкі, каб той пахаваў жонку, абяцаў за гэта адпрацаваць, бо ня меў адразу грошай. Але бацюшка адмовіўся хаваць бяз грошай. Дык дапамаглі габрэі, пазычылі грошы й пахавалі жонку. Дык ён пра гэты выпадак усё жыцьцё ўзгадваў».

Карэспандэнт: «А на якой мове яны размаўлялі?»

Пуўшок: «Паміж сабой яны гаварылі па-свойму, а з намі па-беларуску».

Карэспандэнт: «Я вось цяпер быў на могілках габрэйскіх, дык аж жудасна глядзець, такія яны занядбаныя...»

Пуўшок: «А што вы хочаце, такая ў нас улада».

Суседка спадарыні Лізаветы: «Тут улада ніколі зь людзьмі не лічылася, ці гэта быў габрэй, ці паляк, ці беларус, ці рускі. Ніхто нічога ад яе ня меў».

Спадарыня Лізавета распавяла, што гадоў пяць таму з Амэрыкі прыяжджалі маладыя людзі й пыталіся ў яе пра тутэйшых габрэяў, называлі прозьвішчы й прасілі паказаць, дзе яны жылі. Праўда, чые гэта былі дзеці ці проста сваякі, спадарыня Лізавета ня памятае.

А цяпер я ізноў у цэнтры мястэчка й размаўляю з дэпутатам сельсавету Аляксандрам Пудаўкіным.

Карэспандэнт: «Аляксандар, вось мы абышлі з вамі разам Лунна, вы чулі, што мне казалі людзі. Скажыце, калі ласка, як дэпутат — якія неадкладныя праблемы трэба вырашаць у вашай вёсцы?»

Пудаўкін: «Значная частка людзей сталага веку. У 2005 годзе зрабілі аграгарадок, а ў 2006 — зачынілі бальніцу. У 2006 наша аптэка заміж 5 дзён у тыдзень пачала працаваць толькі два дні. А яшчэ існуе такая праблема, як няякасная вада: утрыманьне жалеза ў 3–5 разоў перавышае норму. Куды ні зьвяртаўся — пакуль гэтая праблема не вырашаецца».

Карэспандэнт: «Спадар Пудаўкін, а як, на вашу думку, вырашыць гэтыя праблемы, дзе ўзяць на іх сродкі?»

Пудаўкін: «Па-першае, гэтую праблему трэба бачыць. І трэба сядаць за круглы стол і абмяркоўваць, слухаць прапановы з боку ўлады й той самай вясковай апазыцыі. А потым шукаць агульныя шляхі выйсьця з сытуацыі. Бо паколькі гэтыя праблемы ўжо на працягу больш як дзясятку гадоў замоўчваюцца, то яны й ня вырашацца. І выйсьце адно: зьмяніць уладу цалкам альбо часткова, каб сытуацыя зь месца зрушылася».