Старадароскі раённы суд прысудзіў Вячаславу Сіўчыку 15 сутак арышту "за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі" - усталяваньне крыжа.
В.Сіўчыка затрымалі ў Менску сёньня каля будынку суду Маскоўскага раёну. Міліцыянты пасадзілі яго ў аўтамабіль і павезьлі ў суправаджэньні яшчэ трох аўтамабіляў у Старыя Дарогі.
Там на яго склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Так міліцыянты расцанілі ягоны ўдзел ва ўсталяваньні крыжа ў вёсцы Дражна ў памяць мірных жыхароў, расстраляных партызанамі ў Другую сусьветную вайну.
Як паведаміў “Свабодзе” Вячаслаў Сіўчык, у пратаколе ён пазначыў, што не прызнае сябе парушальнікам закону аб масавых мерапрыемствах, бо ўсталяваньне крыжоў на месцах гібелі людзей — хрысьціянская традыцыя.