У судзе Маскоўскага раёну Менску працягваецца суд над лідэрам прадпрымальнікаў зь Віцебску Сяргеем Парсюкевічам.
Яго вінавацяць у зьбіцьці ахоўніка турмы на вуліцы Акрэсьціна.
Падтрымаць Сяргея Парсюкевіча прыйшлі прадпрымальнікі, палітыкі, праваабаронцы, аднадумцы і сябры.
Карэспандэнтка: “Назавіцеся, калі ласка. Што вы думаеце пра тое, што адбываецца зь Сяргеем Парсюкевічам?”
Спадар: “Шаўкоў Юры, я прадпрымальнік. Я ведаю яго даўно, калі яшчэ ён працаваў у органах міліцыі. Таму лічу, што гэта палітычная справа. Мэта — запалохаць і паасобку ўсіх задушыць”.
Карэспандэнтка: “Што вы думаеце пра працэс?”
Спадар: “Мы прыйшлі маральна падтрымаць Сяргея. Мы зь ім добра знаёмыя і спадзяемся, што не давядзецца надоўга зь ім разьвітвацца. А тыя пытаньні, якія сёньня ўзьніклі шмат у каго, у тым ліку і ў нас, яны неўзабаве будуць вырашаныя”.
Іншы спадар: “Зразумела, што справа сфабрыкаваная, зразумела, што гэта помста за 10 студзеня. За тое, што ён з мэгафонам павёў людзей на адміністрацыю. І зразумела, што гэта спроба ўлады адпомсьціць найбольш актыўным прадпрымальнікам. Тым, якія ў крытычны момант могуць узяць лідэрства ў абароне сваіх правоў. І зразумела, што гэта судзілішча, а ня суд”.
Сярод прысутных на судзе была і Тацяна Севярынец — маці вядомага палітыка Паўла Севярынца. Вось як яна пракамэнтавала справу Сяргея Парсюкевіча:
Т.Севярынец: “Творыцца беззаконьне, у тым ліку і над Сяргеем Парсюкевічам. Мы яго вельмі добра ведаем, бо мы ўсе разам у руху “За свабоду”. Ён вельмі актыўны, вельмі адукаваны, вельмі разумны чалавек. Дарэчы, ён сам маёр міліцыі ў мінулым, сышоў з гэтай працы дзеля стану здароўя. Ён вельмі добра ведае законы і ніколі ня будзе іх парушаць.
Улады льюць атруту ў рот нашаму грамадзтву. І хто паслухмяна адкрывае рот, а хто сьціскае зубы і ня хоча гэтую атруту піць.
Дарэчы, я сама ў стане суду. Бо мяне год таму звольнілі з працы, і мая справа ўжо другі раз разглядаецца ў Вярхоўным судзе. Чакаю, што яны адкажуць гэтым разам. Бо ў Кіеве бузіна, а ў гародзе дзядзька — і гэта ўсе нашыя суды”.