Гарадоцкім актывістам не дазволілі правесьці пікет у райцэнтры. У пісьмовай адмове ім паведамілі, што ўсе масавыя мерапрыемствы — пікетаваньні, сходы і мітынгі — згодна з рашэньнем райвыканкаму могуць быць дазволенымі толькі ў бліжэйшым лесе — урочышчы “Вераб’ёвы горы”.
Заяўнікі зьвярталіся ў райвыканкам па дазвол на пікетаваньне 23 і 24 красавіка каля будынку ЖКГ па вуліцы Гагарына. З гэтай установы месяц таму быў звольнены старшыня гарадоцкай суполкі Партыі БНФ, актывіст руху “За свабоду”, які цяпер ствараецца, Леанід Аўтухоў. Грамадзкую акцыю меркавалася правесьці на знак пратэсту супраць гэтага звальненьня.
Намесьніца старшыні Гарадоцкага райвыканкаму Надзея Бурунова паведаміла актывістам, што ўрочышча “Вераб’ёвы горы” вызначана ў якасьці месца для правядзеньня масавых акцыяў у сьнежні мінулага году. Ніякіх афіцыйных паведамленьняў пра гэтае рашэньне, напрыклад у раённай газэце, не было. Да таго ж усе дзяржаўныя грамадзкія імпрэзы — адзначэньне Дня Перамогі, Дня Незалежнасьці і гэтак далей — заўжды праводзяцца ў цэнтры Гарадка, і райвыканкам гэтаму не пярэчыць.