Меркаваньні наконт прысудаў удзельнікам “працэсу 14-ці” выказваюць палітолягі Вацлаў Арэшка і Віталь Сіліцкі, дэпутат ПП Аляксандар Сьвірыд.
Палітоляг Вацлаў Арэшка адзначае: апошнім часам рэпрэсіі ўладаў скіраваныя найперш на моладзь. Палітоляг лічыць: гэта адбываецца невыпадкова:
“Вось тут ёсьць пэўная палітыка. Трэба адных – запалохаць, другіх – ізаляваць, трэціх – выціснуць з краіны. І гэта ўсё робіцца, каб не абнаўлялася, не расла апазыцыя.
Старых цяпер чапаюць значна менш. Бо, што зь імі зробіш? Нас ужо не перавыхаваць, забіць усіх таксама непрыгожа.
А вось з моладзьдзю ўлады працуюць. І, я скажу, не беспасьпяхова. Моладзь, тыя ж самыя студэнты, даволі пасіўная. Уладам сапраўды вельмі важна ня даць зьмяніцца пакаленьням. Гэта рэчаіснасьць, і ўлада тут працуе. Мне падаецца, што ўлада мае тут свой плян”.
Сябра камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі ў Палаце прадстаўнікоў Аляксандар Сьвірыд цьвердзіць, што ў гэтых судовых справах палітыкі няма, і заклікае з павагай ставіцца да судовых рашэньняў:
“Да палітыкі мы можам прымяшаць альбо дадаць літаральна ўсё. А калі разглядаць зь іншага пункту гледжаньня, дык гэта чыста судовая справа.
Падзеі, якія адбыліся – яны хуліганскія. Найперш таму, што калі б я там наагул ня быў альбо быў і стаяў бы ціхенька назіраючы, мяне б ніхто не арыштоўваў. І ніхто б не заводзіў супраць мяне судовай справы – крымінальнай ці адміністратыўнай. А калі хтосьці парушаў грамадзкі парадак, дык гэта чыста судовая справа”.
Палітоляг Віталь Сіліцкі называе гэты працэс паказальным і тлумачыць ягоную адметнасьць:
“Людзі, нязгодныя з уладай, выйшлі на новыя сацыяльныя групы і знайшлі новыя формы пратэсту, якія паралізавалі дзеяньні ўлады. Гэта падаецца ўладам больш небясьпечным за рутынізаваныя формы пратэсту, якія назіраюцца 25-га сакавіка, 26-га красавіка і г.д.
Таму і выбралі менавіта гэтых. І для мяне гэта – акт паказальнай расправы”.