Якім запомніўся дзень 26 красавіка 1986-га сучасьнікам? Успамінамі дзеляцца беларускі паэт і празаік, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Таварыства вольных літаратараў Юрась Гумянюк і мастак, старшыня суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін.
Юрась Гумянюк: “На палітінфармацыі сказалі: усё ўладкуецца”
“26 красавіка 86-га для мяне і маіх бацькоў запомніўся сьветлым сонечным днём. Мы працавалі на агародзе. Як звычайна ўвесну, нешта саджалі, грабалі... Інфармацыя пра катастрофу прыйшла, натуральна, не з агульнасавецкіх мэдыяў. Наколькі я памятаю, упершыню мы гэта пачулі з Польскага радыё, якое слухаем і дагэтуль. Потым увечары бацька ўжо слухаў і “Свабоду”, і нямецкае радыё. Асаблівага страху не было: зьбіраць рэчы, каб тэрмінова зьяжджаць некуды – такога не было.
Я тады вучыўся ў дзясятай клясе, дык праз некаторы час у нас наладзілі нешта накшталт палітінфармацыі: маўляў, вось гэткая здарылася бяда, але нічога страшнага: амаль ніхто не загінуў, прымаюцца ўсе неабходныя меры, – усё ўладкуецца...” – успамінае беларускі літаратар Юрась Гумянюк з Горадні.
Аляксей Марачкін: “Гэтая бяда адгукнулася на маёй сям’і...”
“Ой... Першае маё ўражаньне і першыя трывогі тады – што майго сына Ігара кінулі ў Чарнобыльскую зону як ліквідатара, – ён тады быў у войску. Адразу напісаў нам пра гэта. І гэта – першае маё ўражаньне, трывога – і мая, і жонкі, і сваякоў. У першыя ж дні яго накіравалі ў Хойнікі, і ён прабыў там аж шэсьць месяцаў – паўгода. Так што радасьці мала, гэтая бяда адгукнулася на маёй сям’і. Вось гэткія ўражаньні. І больш няма чаго ўспамінаць.
Я тады заканчваў карціну “Эўфрасіньня Полацкая”. І вось пісаў яе акурат пад гэтымі ўражаньнямі. Постаць Эўфрасіньні над чыстай крыніцай. Тады думаў, што гэта, відаць, сымбалічна. Раптам Эўфрасіньня Полацкая, каля чыстай крыніцы... Думкі былі пра тое, каб Чарнобыль адступіў ад яе. Каб на Беларусі засталіся чыстыя вытокі, чыстыя крыніцы”.