22 красавіка ў Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над актывістам прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргеем Парсюкевічам, якога вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта. Працэс пачаўся з задавальненьня хадайніцтваў абароны прадпрымальніка, а потым пачаліся выдаленьні з залі журналістаў і сваякоў.
Болей за 30 чалавек прыйшлі ў суд, каб падтрымаць Сяргея Парсюкевіча. Гэта палітыкі, праваабаронцы, журналісты, прадпрымальнікі зь Менску і Віцебску.
Калі людзей пусьцілі ў судовую залю, Сяргей Парсюкевіч ужо знаходзіўся ў жалезнай клетцы. Пра прадпрымальніка вядома, што ў яго абвастрылася астма — і сапраўды было відаць, што пачуваецца Сяргей Парсюкевіч дрэнна.
У яго шэры колер твару, ён значна схуднеў, але пасылаў усьмешкі прысутным і найперш жонцы Натальлі і сыну Дзянісу, якія прыехалі зь Віцебску на працэс. Маці прадпрымальніка Вера Фёдараўна на суд прыехаць не змагла з-за хваробы.
Судзіць прадпрымальніка судзьдзя Ўладзімер Аўдзеенка, абараняе адвакатка Вера Страмкоўская.
Судзьдзя адразу разгледзеў два хадайніцтвы: адвакатка прасіла дапытаць сьведкаў з боку Парсюкевіча, якіх не апытала сьледзтва. Павал Вінаградаў, Аляксандр Важакоў і Карэн Акопаў гатовыя засьведчыць падзеі, якія адбываліся ў камэры турмы на Акрэсьціна, куды 14 студзеня патрапіў Сяргей Парсюкевіч за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Гэтае хадайніцтва судзьдзя задаволіў, а вось просьбу Сяргея Парсюкевіча пра зьмену яму меры стрыманьня адхіліў. Судзьдзя спаслаўся на тое, што Парсюкевіча абвінавачваюць у цяжкім злачынстве, якое караецца ажно 6 гадамі зьняволеньня. Спасылкі на дрэннае здароўе Ўладзімер Аўдзеенка пад увагу ня ўзяў.
Я некалькі разоў загадаў яму падымацца, а ён усё ляжаў. Пытаўся, чаму ён мусіць падымацца? Тады я яго лёгенька таўхануў нагой
“Я некалькі разоў загадаў яму падымацца, а ён усё ляжаў. Пытаўся, чаму ён мусіць падымацца? Тады я яго лёгенька таўхануў нагой”, — прызнаў Аляксандар Дулуб. Потым ён нібыта запрасіў абвінавачанага ў пакой для апытаньняў, каб паказаць там правілы паводзінаў у ізалятары. Але там Сяргей Парсюкевіч нібыта напаў на яго і пачаў зьбіваць кулакамі па твары. Доказ гэтага — дадзеныя экспэртызы пра лёгкія цялесныя пашкоджаньні.
У паказаньнях Сяргея Парсюкевіча ўсё выглядае наадварот. Паводле прадпрымальніка, ён падняўся разам з усімі, але міліцыянт яго ўдарыў па назе, і ён запытаў: за што? Потым, калі яго выклікалі ў асобны пакой, там Аляксандар Дулуб нібыта пачаў яго зьбіваць: спачатку далонямі па вушах, каб не было сьлядоў зьбіцьця, потым наўпрост кулакамі па галаве. Ён адштурхнуў міліцыянта і спрабаваў яго спыніць. Тады забег другі ахоўнік, Якімчык. І ўдвох яны надзелі на яго кайданкі і пачалі душыць.
Гэта такая несправядлівасьць адбываецца
“Гэта такая несправядлівасьць адбываецца. Калі Дулуб стаў даваць паказаньні. Лічу, гэта хлусьня. Я і ня вытрымала”.
Таксама судзьдзя выдаліў з залі двух журналістаў — аднаго за карыстаньне тэлефонам, другога —дыктафонам.
Пасьля допыту сьведкаў з боку пацярпелага паседжаньне перанесьлі на 23 красавіка. Яно пачнецца а 12 гадзіне.