Як вы ставіцеся да будаўніцтва АЭС у Беларусі й да таго, што адна з магчымых пляцовак для яе — у Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці?
Спадарыня: “Калі гэта будзе пабудавана з добрай якасьцю, бясьпечна, то чаму б не будаваць, у нас будзе таньнейшая электраэнэргія. А калі, як заўсёды ў нас, напачатку будуецца, а потым дабудоўваецца, то тады я супраць”.
Карэспандэнт: “Адна з магчымых пляцовак пад будаўніцтва АЭС — у Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці. Як вы да гэтага ставіцеся?”
Спадарыня: “Якая розьніца, у якой вобласьці, мы ўсё роўна жыхары адной краіны. Будзе гэта ў Гарадзенскай, Віцебскай, Берасьцейскай вобласьці — усё роўна гэта будзе наша”.
Спадар: “Калі гэта будзе такая сучасная станцыя як у Францыі, то іх павінна быць у нас як мінімум тры”.
Спадарыня: “Я ня ведаю, што адказаць на гэтае пытаньне, але думаю, што было б нядрэнна, каб у нас была свая АЭС, мы змаглі б карыстацца таннай энэргіяй”.
Хлопец: “АЭС, відавочна, патрэбная, але некаторыя рэчы насьцярожваюць. Я не спэцыяліст у гэтай галіне, але нешта такое адчуваецца...”
Карэспандэнт: “А чаму ў вас такія адчуваньні?”
Хлопец: “Гэта ад адносін нашых — да ўсяго, дарэчы — ня самых сур’ёзных, прафэсійных. Пачынаеш думаць: а ці мала што можа здарыцца, калі чалавек на зьмену прыйдзе нецьвярозы, ці яшчэ нешта...”
Ягоны сябра: “У мяне такі самы пункт гледжаньня. І няхай лепей будуюць на Магілёўшчыне. У нас трэба захаваць прыроду некранутую”.
Хлопец: “Гэта патрабуе вялікіх сродкаў, каб сапраўды збудаваць сучасную й бясьпечную станцыю, а ў нас краіна ня самая багатая й тэхналягічная...”
Спадар: “Да будаўніцтва АЭС стаўлюся нармальна, калі б гэта было сапраўды бясьпечна, з прыцягненьнем міжнародных экспэртаў. Але найперш, лічу, трэба накарміць свой народ. Вы паглядзіце, колькі ў нас галодных людзей ходзіць”.
Карэспандэнт: “Адна з магчымых пляцовак пад будаўніцтва АЭС — у Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці. Як вы да гэтага ставіцеся?”
Спадар: “Вы хочаце сказаць, што выканкам, “добрыя дзядзькі”, якія там сядзяць, будуць нешта ў людзей пытацца? У нас нічога ніхто не пытаецца”.
Спадарыня: “Калі прэзыдэнт вырашыў, то так і трэба...”
Спадар: “Калі ў нас сваёй электраэнэргіі будзе шмат — або гэта дрэнна? Я бываю ў Нямеччыне, там шмат АЭС і ўсе спакойна да гэтага ставяцца”.
Хлопец: “Станоўча да гэтага стаўлюся. Станем меней залежнымі ад іншых краінаў і асабліва ад Расеі”.
Спадарыня: “Калі ўсё з розумам зрабіць, то, відаць, гэта патрэбна. А што датычыць — дзе будаваць? Беларусь такая маленькая, што ўсё побач, я нават так і пытаньне ня стаўлю”.