Парсюкевіча пакінулі пад вартай

У Маскоўскім судзе Менску працягваецца працэс над лідэрам віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргеем Парсюкевічам. Матэрыял увесь час абнаўляецца.

18.00
Адвакат Вера Страмкоўская, якая абараняе прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча, падсумавала вынікі першага дня працэсу: “За гэты дзень мы выслухалі пацярпелага міліцыянта Аляксандра Дулуба і сьведак з яго боку, ахоўніка Уладзімера Якімчыка і фэльшара турмы на Акрэсьціна Валянціны Салаўёвай. У іх паказаньнях выявілася шмат супярэчнасьцяў і таму вельмі істотным будзе заўтрашні дзень, калі дапытаюць сьведак з боку майго падабароннага. Для справядлівага прысуду неабходна пачуць абодва бакі”.

17/40 У судзе аб'яўлены перапынак да 12 гадзіны 23 красавіка.

Л. Гразнова: “Гэта новы віток у рэпрэсіўных дзеяньнях уладаў”

17.10
У судзе допыт сьведкі – фэльчаркі Валянціны Салаўёвай.

16.05
Пачаўся допыт міліцыянта Якімчыка.

16.00
Парсюкевіч апавёў, што знаходзіўся ў камэры, адпачываў. Прыйшоў Дулуб і загадаў усім падняцца. Парсюкевіч пачаў разам з усімі падымацца. На нарах ён ляжаў босы, а Дулуб ударыў яго чаравікам па назе вельмі моцна. Парсюкевіч сказаў, што ён маёр МУС на пэнсіі і зрабіў Дулубу заўвагу за такія паводзіны. Пасьля гэтага Дулуб падняўся на вакно, сарваў самаробны сьцяг, кінуў рэшткі гэтага сьцягу на месца, дзе ляжаў Парсюкевіч. Ён сказаў, каб Парсюкевіч выйшаў з камэры і зайшоў у пакой для апытаньняў. Ён сеў там на лаўку і, калі ўвыйшоў Дулуб, то пачаў яго біць далонямі па вушах, а потым па галаве. Тады Парсюкевіч падняўся, адштурхнуў яго і спрабаваў спыніць удары, схапіць за рукі. У гэты момант забег другі міліцыянт Якімчык і яны кінулі яго на падлогу і адзелі кайданкі. Пасьля гэтага пачалося самае цікавае. Парсюкевіч апавёў, што сядзеў на падлозе ў кайданках, а Дулуб яшчэ зьбіваў яго па твары, і нагамі па нырках. Пасьля гэтага яму стала дрэнна. Яны далі падыхаць з інгалятару і выклікалі хуткую.

15.30 Парсюкевіч не прызнае сябе вінаватым.

15.25
З залі суду выдалілі двух журналістаў і жонку С.Парсюкевіча, якая эмацыйна адрэагавала на словы Дулуба.

13.20
У перапынку Дулуб адмовіўся адказваць на пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму першы напаў Парсюкевіч.

13.07 Пацярпелы Дулуб даў паказаньні. Ён апавёў, што 21 студзеня яго выклікалі бо з вакна 15-й камэры вывесілі самаробны бел-чырвона-белы сьцяг. Ён пайшоў разьбірацца і зайшоў у камэру. Усе падняліся, акрамя Парсюкевіча. Той сказаў, што ня мусіць падымацца. Тады яны выйшлі ў пакой для размоў. Ён выйшаў паказаць Парсюкевічу службовыя правілы. Але Парсюкевіч сказаў, што зорак на пагонах у яго больш. І пачалася бойка.І Парсюкевіч нібыта пачаў біць міліцыянта па твары. Той закрыўся рукамі і паклікаў міліцыянта Якіменку. І яны разам, са словаў Дулуба, сьцішылі Парсюкевіча і надзелі кайданкі. Парсюкевіч пачаў крычаць, што яго душаць і прасіў дапамогі, спрабаваў выскачыць у калідор. Яго вярнулі ў пакой, далі падыхаць з інгалятару. Пасьля допыту сьведкі, канвой папрасіў перапынак да 14-ці гадзінаў.

12.42 Працэс у справе С.Парсюкевіча аднавіўся. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня С.Парсюкевіча. Падсудны спасылаўся на дрэннае здароўе і немагчымасьць за кратамі даказваць сваю невінаватасьць.

12.35 Меркаваньне Анатоля Шапавалава, старшыні рады Полацкага рынку, актывіста аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”: “Гэта паказальны працэс, ён зроблены, каб адпомсьціць Парсюкевічу за яго актыўнасьць. Ён карыстаўся даверам людзей. Гэтым працэсам улады хочуць запалохаць усіх прадпрымальнікаў, каб зьнішчыць прадпрымальніцкі рух. С.Парсюкевіч – законапаслухмяны грамадзянін, былы маёр міліцыі, ведае законы, і я ня веру, што С.Парсюкевіч мог учыніць тое, у чым яго вінавацяць. Тое, што адбылося гэта - правакацыя”.

12.30
У працэсе над С.Парсюкевічам аб’яўлены кароткі перапынак. Судзьдзя вырашае лёс хадайніцтва С.Парсюкевіча аб зьмене меры стрыманьня. Дагэтуль судзьдзя задаволіў хадайніцтва адваката Страмкоўскай на допыт трох сьведак – Паўла Вінаградава, Аляксандра Важакова і Карэна Акопава. Яны знаходзіліся 21 студзеня ў камэры разам з Парсюкевічам і бачылі як пачынаўся канфлікт паміж Парсюкевічам міліцыянтам Дулубам. Сьледзтва іх не дапытвала. Хаця пракурор і сам Дулуб адмаўлялі ў неабходнасьці допыту гэтых сьведак.
Жонка С.Парсюкевіча сказала перад працэсам, што яна спадзяецца на лепшае, але ў яе трывожны настрой. 15-гадовы сын Дзяніс таксама ў роспачы. А. Мілінкевіч сказаў, што гэта палітычная справа і што ўсіх прадпрымальнікаў хочуць гэтай справай запалохаць. На працэс прыехалі таксама прадпрымальнікі з рынкаў з Віцебску. Маці С.Парсюкевіча з-за хваробы на судзе не прысутнічае.Заля суду поўная.

12.05 У Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам. Яго вінавацяць у зьбіваньні міліцыянта. Максымальнае пакараньне паводле гэтага абвінавачаньня – да шасьці гадоў зьняволеньня. У залі каля 20-ці чалавек. Сярод іх Аляксандар Мілінкевіч, прадстаўнік амбасады ЗША Л Крышак, прадпрымальнікі, пацярпелы міліцыянт А.Дулуб, жонка і сын Дзяніс. С.Парсюкевіч ў мэталёвай клетцы, яго ахоўваюць два міліцыянты са зброяй. Парсюкевіч выглядае кепска.Судзьдзя Ул.Аўдзеенка.