Джонатан Мур: “Андрэй Кім -- палітычны зняволены"

ТЭМА ДНЯ. Агучаны прысуд 10 моладзевым актывістам, абвінавачаным ва ўдзеле ў масавых беспарадках у часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур назваў прысуд Андрэю Кіму палітычным рашэньнем. "Відавочная выснова — Андрэй Кім зьяўляецца палітычным зняволеным", — заявіў амерыканскі дыплямат.

Ён падкрэсліў, што "ЗША заклікалі і будуць заклікаць беларускі рэжым вызваліць усіх палітычных зняволеных".

"Цяпер гэта Аляксандр Казулін і Андрэй Кім", — сказаў Джонатан Мур у інтэрвію кампаніі БелаПАН


15.30
Усе асуджаныя прызналі прысуд занадта жорсткім і несправядлівым і заявілі, што будуць абскарджваць рашэньне суду ў судах вышэйшай інстанцыі і паведамяць аб прысудзе ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

15.10
На Аляксандра Атрошчанкава складаюць пратакол за абразу судзьдзі. Справу разгледзяць адразу ў судзе.

14.53 Людзі перад судом выказваюць салідарнасьць за асуджанымі, скандуюць “Жыве Беларусь”.

14.50
Актывіста Аляксандра Атрошчанкава спэцназ затрымаў за абразу судзьдзі.

14.40 А. Кім пакараны на 1,5 гады турмы.
Сяргееву і Койпішу прысуджаны штраф 3,5 мільёна рублёў, астатнім - па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў спэцустановы. Яны будуць адбываць пакараньне па месцы жыхарства з утрыманьнем пэўнай сумы заробку, ня змогуць пакідаць свой раён жыхарства, выяжджаць за мяжу, павінны будуць адзначацца ў міліцыі.

14.35 Судзьдзя заявіла: "Віна А. Кіма і іншых падсудных цалкам даказаная".

14.30
Судзьдзя зазначыла, што віна А. Кіма і іншых падсудных пацьвярджаецца разгледжанымі ў судзе відэазапісамі.

14.15
Судзьдзя аднавіла чытаньне прысуду.

14.10 Антона Койпіша павезьлі ў шпіталь.
Зь ім у хуткай паехала маці. Бацька Койпіша вярнуўся на працэс. Іншых падсудных запрасілі ў судовую залу на працяг агучваньня прысуду.

14.05
Лекары хуткай дапамогі вырашылі шпіталізаваць Антона Койпіша з дыягназам “пераднепрытомнасны стан" -- ён можа страціць прытомнасьць.

13.50
Прыехала хуткая дапамога. Мэдыкі аглядаюць Антона Койпіша.

13.30
Падчас агучваньня прысуду Антон Койпіш папрасіў судзьдзю дазволіць яму сесьці, бо яму стала кепска. Іншыя падсудныя слухалі прысуд стоячы. Судзьдзя абвесьціла перапынак і выклікала хуткую. Прысутныя некалькі хвілін дамагаліся, каб у залі адкрылі форткі.

13.05 Судзьдзя пачала зачытваць прысуд па “справе 14-ці”. Судзьдзя прызнала, што А. Кім ударыў міліцыянта, а іншыя груба парушалі грамадзкі парадак.

13.30
Каля суду маладзёвыя актывісты паспрабавалі правесьці флэш-акцыю. Яны сталі тварам да муру й заклалі рукі за галовы. На іх сьпінах былі аркушы зь літарамі, зь якіх некалькі разоў складалася «за што?». Міліцыянты, АМАП і цывільныя агенты адразу пазрывалі гэтыя. Калі ж актывісты паспрабавалі зноў стаць тварам да сьцяны, але ўжо бязь літар, іх разагналі з прымяненьнем сілы. Затрыманьняў не было. (nn.by)

12.55
У судовую залю на прысуд па “справе 14-ці” прапускаюць ня ўсіх. На знак пратэсту падсудны Уладзімер Сяргееў прычапіў сваю руку кайданкамі да рукі сяброўкі Паліны Кур’яновіч і заявіў, што пойдзе ў залю толькі зь ёю. Міліцыянты доўга шукалі ключ, каб адамкнуць кайданкі, на гэты час пропуск у залю быў спынены зусім.


12.40 Адзін з падсудных па “справе 14-ці” Уладзімер Сяргееў сёньня адзначае 22 гады. У двары Цэнтральнага раённага суду Менску яго павіншавалі сябры, палітыкі і падарылі чабурашку, упрыгожанага стужкай з надпісам “Малады фронт”. Сам Уладзімер разьлічвае і на падарунак ад судзьдзі: “Спадзяюся на больш мяккі прысуд”. У памяшканьне суду пакуль нікога не пускаюць.


11.20
Ля суду Цэнтральнага раёну Менску сабралася каля 30 чалавек. Спэцназ прапускае ў двор будынку суду толькі тых, хто мае дачыненьне да працэсу, а таксама родных падсудных, журналістаў. У сам будынак яшчэ нікога не пускаюць. Сярод тых, хто не патрапіў нават у двор суду, – палітыкі А. Мілінкевіч, А. Міхалевіч, В. Сіўчык, праваабаронца В. Стэфановіч, актывісты моладзевых арганізацыяў.