Абвінавачаныя чакаюць апраўданьня

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзьдзя Алена Ільліна зачытае прысуд у крымінальнай справе, якую назвалі “справай 14-ці”.
Ад 16 красавіка судзілі дзесяць чалавек. Яшчэ чатырох моладзевых актывістаў будуць судзіць пазьней. Прадстаўнік пракуратуры Андрэй Рамашэўскі папрасіў пакараць абвінавачаных у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта пацягнулі парушэньне грамадзкага парадку, агулам на 23 гады. Андрэя Кіма пазбаўленьнем волі, астатніх – абмежаваньнем волі на розныя тэрміны.

А 10 раніцы каля будынку суду Цэнтральнага раёну Менску пачнуць зьбірацца людзі, каб падтрымаць маладых людзей, якіх абвінавачваюць у грубым парушэньні грамадзкага парадку 10 студзеня пад час акцыі прадпрымальнікаў. Андрэя Кіма – адзінага, каго трымаюць пад вартай, абвінавачваюць яшчэ ў тым, што ён ударыў супрацоўніка ДАІ пад час акцыі 21 студзеня.

Дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Рамашэўскі папрасіў пакараць Андрэя Кіма пазбаўленьнем волі на два гады. Міхася Пашкевіча, Аляксея Бондара і Арцёма Дубскага – хіміяй на два гады. Абвінаваўца запатрабаваў абмежаваньня волі на два з паловай гады для Тацяны Цішкевіч, Алеся Чарнышова, Аляксандра Стральцова, Уладзімера Сяргеева, Міхася Крывава і Антона Койпіша, не накіроўваючы іх у спэцкамэндатуру.

Учора выступ адвакатаў, якія зьвярталі ўвагу суду на тое, што ў часе сьледзтва і ў судзе ня знойдзена ніводнага пацьверджаньня абвінавачаньня, скончыўся воплескамі прысутных. Тых, хто ўзнагародзіў аплядысмэнтамі выступ першага ж абвінавачанага Міхаіла Пашкевіча, судзьдзя выдаліла з судовай залі.

Менавіта ўчора ў судовую залю ў адрозьненьне ад папярэдніх пасяджэньняў, не прывялі супрацоўнікаў міліцыі ці невядомых асобаў, якія займалі амаль палову вольных месцаў. Назіральнікі мяркуюць, што ўлады папросту не жадалі, каб “падсадныя” мелі магчымасьць паслухаць прамовы адвакатаў і абвінавачаных.

Ніхто не чакаў, што пракуратура будзе настойваць на такіх жорсткіх прысудах. Мікола Статкевіч, які нядаўна адбываў пакараньне на “хіміі” за арганізацыю акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і Рэфэрэндуму-2004, выказаў сваё меркаваньне:

“Пачынаючы з акцый пасьля рэфэрэндуму 2004 году беларуская апазыцыя ніводнага разу не правяла дэманстрацыю па праезнай частцы. Моладзь ня стала цярпець такую прыніжальную сытуацыю і ў студзені выйшла на праспэкт. Улады папросту хочуць зноў загнаць дэмакратычныя сілы на ходнікі”.

Аляксей Бондар апавёў “Свабодзе”:

“Патрабаваньні пракурора вельмі жорсткія і вельмі дзіўныя. Але ж яны характэрныя для тых працэсаў, якія мы называем палітычнымі і якія сталі, на жаль, рэгулярнымі”.

Арцём Дубскі дадаў:

“Я чакаю таго, што нас усіх цалкам апраўдаюць. Андруся Кіма таксама. У прынцыпе, гэта ўсё фарс. Я спадзяюся на лепшае, але хто ведае, што ім ударыць у галаву – можа быць “хімія”, а можа іншы які-небудзь прысуд... Чакаем”.

Судзьдзя Алена Ільліна паведаміла, што прысуд зачытае не раней за 11 раніцы.