Апытаньне Свабоды ў Горадні.
Маладая спадарыня: “Хто вінаваты? Нельга ж так проста адказаць, трэба ўсё ўзважыць. Можа, яны ацэньваюць нашую зьнешнюю палітыку так, і таму гэта — іхняя рэакцыя: чым горшая наша зьнешняя палітыка — тым большыя цэны. Гэта — першае, што прыходзіць на розум”.
Вінаватае наша кіраўніцтва, беларускае
Спадар: “Я лічу, што ў гэтым вінаватае наша кіраўніцтва, беларускае. Трэба быць у бліжэйшым кантакце і сябраваць з суседзямі — з той жа Польшчай, і двум прэзыдэнтам сустракацца, абмяркоўваць гэтае пытаньне. Я думаю, гэта ўсё можна вырашыць на цывілізаваным узроўні”.
Малады спадар: “Шэнген-візы? Я сам дальнабойшчык. Ня ведаю, цяпер “Карта паляка” будзе. Калі маеш польскія карані, то польская нацыянальная віза бясплатная ўвогуле, толькі ў межах Польшчы якая дзейнічае. У мяне ёсьць польскія карані, але я яшчэ не займаўся гэтым пытаньнем. У мяне цяпер нямецкі “шэнген”. Але гэта чамусьці вельмі доўга робіцца апошнім часам. Напэўна, таму, што ў ЭЗ уступілі такія краіны, як Польшча і Літва”.
Карэспандэнт: “Добра, а чаму шэнгенскія візы каштуюць дорага для беларусаў? Хто вінаваты, ад каго гэта залежыць?”
Ягоны сябра: “Ад ураду нашага, ад каго ж яшчэ?
Маладзён: “Напэўна ж, гэта абумоўлена ўнутрыпалітычнай сытуацыяй у нашай краіне. Адным словам, ёсьць нейкія парушэньні правоў чалавека, на якія рэагуе Эўразьвяз. Я атрымліваў польскую візу, бо выяжджаю туды на вучобу”.
Урад вінаваты, хто ж вінаваты? Іх не пускаюць у Эўропу
Ягоны сябра: “Хто вінаваты? Урад вінаваты, хто ж вінаваты? Іх не пускаюць у Эўропу, яны едуць куды? У Вэнэсуэлу куды-небудзь. А нам у Вэнэсуэлу далёка ехаць і мы сабе ня можам купіць білет туды, таму нам прасьцей у Польшчу зьезьдзіць. Толькі няма жаданьня стаяць доўга ў чарзе, дый дорага каштуе яна!”
Спадар: “Хто вінаваты? Паняцьця ня маю (сьмяецца), калі шчыра. Ад каго залежыць? Я думаю, ад Эўрапейскай Супольнасьці і больш ні ад кога”.
Маладзён: “ У мінулым годзе я яшчэ быў студэнтам ЭГУ. Гэта хутчэй залежыць ад палітыкаў беларускіх, бо яны баяцца ўцечкі мазгоў. У ЭГУ навучаньне — чатыры гады, і можна тады атрымаць від на жыхарства ў Літве. Беларусы баяцца гэтай уцечкі. Адны ня хочуць адпускаць, бо ім не падабаецца Захад, другія проста стараюцца адрадзіць Беларусь, і атрымліваецца, што каналы перакрытыя”.
Яго сяброўка: “Пра ізаляцыю хачу сказаць. Перакрываюць поўнасьцю каналы паўсюль, хутка будзе, як калісьці Японія — ізаляваная краіна Беларусь”.
Перакрываюць поўнасьцю каналы паўсюль
Маладзён “Мы вяртаемся, напэўна, да Саветаў, да своеасаблівай жалезнай заслоны. Маўляў, “Бітлз” — гэта дрэнна, і там рок-н-рол, сэкс, распуста, наркотыкі, гэта значыцца маральнае разлажэньне моладзі, а ў нас прапаганда здаровага ладу жыцьця. Як гэта лепей сказаць: у нас хутчэй культ моцы, а не мазгоў. Сіла ёсьць, то розуму ня трэба”.
Малады спадар: “Ад каго залежыць кошт візаў? Ад ураду нашага. Напэўна, яму гэта выгадна”.
Спадар: “Урады павінны вырашыць гэтыя пытаньні, ад нас нічога не залежыць”.