Агляд недзяржаўнага друку 21-га красавіка. «Белгазета», «Салідарнасьць», «Беларусы і рынак».
Што зьменіцца ў фінансавай падтрымцы Беларусі з боку Расеі, калі да ўлады там прыйдзе Зьміцер Мядзьведзеў? На старонках сёньняшняга нумара “Белгазеты” на гэтую тэму разважаюць вядомы расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі і журналіст Віктар Марціновіч. Карэспандэнт выданьня згадвае найбольш спрэчныя меркаваньні свайго суразмоўцы:
“Ён настойвае на тым, што Мядзьведзеў зьяўляецца лібэралам, які пасьлядоўна “задушыць” клян Пуціна і пачне правіць самастойна. Што пра дачыненьні зь Беларусьсю, то больш ніхто ня будзе датаваць беларускую эканоміку, а крызысныя зьявы, якія ўжо назіраюцца, стануць больш глыбокімі”.
Таксама газэта аналізуе апошнія падзеі на сэсіі ПАРЭ, дзе прагучаў жорсткі даклад Хрыстаса Пургурыдэса адносна сытуацыі ў Беларусі. Аўтар публікацыі ўбачыў прыкметы таго, што Эўропа можа заняць больш жорсткую пазыцыю адносна беларускага палітычнага рэжыму.
Інтэрнэт-вэрсія газэты “Салідарнасьць” у камэнтары да магчымай адмены 12-гадовага навучаньня трапна згадвае, што пераход на такі тэрмін уводзіўся зь ініцыятывы тых, хто зараз яго крытыкуе.
“Зацьверджаны такі пераход быў указам прэзыдэнта, – кажа рэдактар выданьня Аляксандар Старыкевіч. – Пасьля гэтага школу яшчэ добра патрэсла пасьля ўвядзеньня 10-бальнай сыстэмы адзнак. І вось зараз чакаецца вяртаньне да 11-ці гадоў навучаньня. А можа хутка высьветліцца, што і 10 балаў для нас зашмат, і мы вернемся да звыклых пяці?”
Якія тэндэнцыі ва ўнутранай палітыцы дэманструе “працэс 14-ці”? Рэпартажы з Цэнтральнага суду Менску ў тыднёвіку “Беларусы і рынак” дапамогуць чытачам разабрацца ў гэтым пытаньні, мяркуе журналіст Павал Быкоўскі.
“Гэта будуць арышты ці штрафы? Штосьці мяняецца ў нашых адносінах з Эўропай ці не? Пэўныя сымптомы таго, што адбываецца ў нашых ўладных кабінэтах, можна будзе зразумець па тых прысудах, якія прагучаць на гэтым працэсе”.