Госьць “Начной Свабоды” – адзін з абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках у часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня Алесь Стральцоў.
Соўсь: Алесь, які дзень суду быў самы цяжкі?
Стральцоў: Бадай што першы. Было вельмі кепскае ўражаньне, калі судзьдзя пачала зачытваць імёны, імёны па бацьку і прозьвішчы з такім выразам, як быццам самых вялікіх злачынцаў злавілі, усім вядомых, маўляў – вось яны, нарэшце перад судом...
У трэці дзень суду быў адзін непрыгожы момант – адбылася бойка паміж гэтымі ці то з БРСМ, ці то, як яны сябе называюць, будучымі юрыстамі – гэтыя будучыя юрысты ўчынілі калі ня бойку, то такі вельмі непрыгожы інцыдэнт, чапляліся да дзяўчат, і хлопцы ў залі, у тым ліку абвінавачаныя, былі вымушаныя абараняць дзяўчат, уступіўшы ў канфлікт з БРСМ. А тых (БРСМ) адразу кінуліся бараніць вартаўнікі, якія былі ў судзе, байцы спэцназу, уся заля скандавала “Ганьба!”... Інцыдэнт нават для нашага беларускага правасудзьдзя перайшоў усе межы.
Соўсь: Абвінавачаныя – сябры розных арганізацый і партый. Скажыце, а Вы былі з усімі знаёмыя да суду?
Стральцоў: Я быў больш-менш цесна знаёмы з двума ці з трыма... Замыслу ў нас загадзя ніякага не было, а з большасьцю я пазнаёміўся дзякуючы судовым органам.
Соўсь: Сёньня мы атрымалі ліст ад Аляксандра Баразенкі, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, ва Ўроцлаве. Ён адзін з абвінавачаных у працэсе 14-ці, Я прачытаю Вам фрагмэнт ліста:
“Першае параўнаньне, якое прыходзіць гледзячы на ўсё гэта, безумоўна зьвязана з цыркам. Інакш як цыркам не назавеш ні абвінавачаньні высунутыя падсудным, ні тое,што гавораць так званыя “сьведкі” ў залі паседжаньня…Грамафон ад міліцыянта Бляшчова безумоўна яшчэ доўга ня сыйдзе са старонак ЖЖ.
Але гэта ўсё было б вельмі сьмешна, калі б не было так сумна… І тут на розум прыходзіць іншае параўнаньне…з Курапатамі! Так, ніхто нікога пакуль, дзякуй Богу, не забівае тысячамі і ня звальвае ў адну яму… але тое,што зараз робяць улады- гэта спроба ўзвесьці “свае Курапаты”! Яны спрабуюць паставіць 14 крыжоў на лёсах людзей, крыжы на здароўі бацькоў ды родных падсудных, крыжы на нашых марах пра лепшае жыцьцё ды зьмены ў Беларусі.
Гэтыя Курапаты ня маюць адзінага месца знаходжаньня! Яны ў сэрцах ды галовах людзей…”Новыя Курапаты”-гэта агульны страх!”
Алесь, Вы згодныя з Аляксандрам Баразенкам?
Стральцоў: Ну так, калі трыццаць разоў за гэты працэс, а можа і больш, судзьдзя сказала, што гэта ня цырк, гэта вам ня фарс – гэта, так бы мовіць, без камэнтароў... Калі ў мяне пыталіся, якія ёсьць юрыдычныя моманты, якія можна было б паказаць як нейкае парушэньне, то мне цяжка нешта асобнае вылучыць, таму што сытуацыя наагул нагадвае сытуацыю, калі цябе вядуць, скажам, расстрэльваць, і ў гэтай сытуацыі казаць, што ў іх там не начышчаны гузікі ці яны стаяць не па ўставу – глупства... Сама сытуацыя – гэта прававое бязьмежжа, таму што ўсе дзеяньні, усё што мы бачылі на відэа, некалькі гадзін – максымум, што можна нацягнуць асобным удзельнікам – гэта 15 сутак. А свае 15 сутак фактычна ўсе адбылі.
Соўсь: Як Вы думаеце, якім будзе прысуд у гэтай судовай справе?
Стральцоў: Я думаю, што ніхто з тых, хто сёньня кажа пра вынік, ня ведае, які ён будзе. А той, хто ведае – не гаворыць.
Магу пагадзіцца з камэнтарамі нашых адвакатаў і іншых юрыстаў: справа наконт Сычова і Кіма па артыкуле 364 – яна развалена, і трэба, відаць, Кіма апраўдаць, таму што я асабіста глядзеў – з трох ракурсаў, шмат разоў, у тым ліку запаволена – я ня ўбачыў гэтага ўдара. Знойдзена шмат розных момантаў, які не адпавядаюць паказаньням сьведак. Некаторыя сьведкі з боку міліцыі тлумачылі, што ім быў дадзены загад у цывільнай вопратцы працаваць у натоўпе – маўляў, мы цэлым зьвяном стаялі за Кімам, бачылі гэты ўдар... На відэаздымках бачна, што за Кімам ніхто не стаяў.
Таксама сёньня выступілі прадстаўнікі прадпрымальнікаў, Ігар Леднік у прыватнасьці, вельмі добра распавялі, што прайшлі ўсе ступені лесьвіцы – Вярхоўны суд, парлямэнт, усе магчымыя камісіі, каб дамагчыся праўды, спрабавалі праводзіць свае акцыі на Бангалоры – яны не былі пачутыя, таму яны прыйшлі на плошчу. І на відэа бачныя збольшага прадпрымальнікі, а абвінавачаныя там рэдка дзе бачныя. Судзьдзя спыняе касэту і кажа: вы пазнаеце сябе ў натоўпе? Пазнаю, ну і што – гэта нават не на разгляд адміністрацыйнага суду...
Алесь Стральцоў – кіраўнік моладзевай камісіі БСДП (Грамада). Ён нарадзіўся ў 1980 годзе ў Менску. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсітэце. Адзін зь першых беларускіх студэнтаў бюджэтнай формы навучаньня быў вымушаны адпрацоўваць на дзяржаўным прадпрыемстве па разьмеркаваньні. Пасьля ўнівэрсітэту Алесь трапіў на завод “Гарызонт”, дзе вёў праекты, датычныя супрацоўніцтва заводу з Кітаем. Ледзьве ня вывучыў з гэтай прычыны кітайскую мову. Звольніўшыся з “Гарызонту”, пэўны час працаваў у прыватных фірмах, пакуль палітычная дзейнасьць ня стала гэтаму замінаць. Ад 10 красавіка гэтага году ён працуе мантажнікам будаўнічых канструкцыяў другога разраду.
Студэнтам пачаў супрацоўнічаць з Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У 1998 годзе стаў сябрам БНФ, потым выйшаў з партыі. Празь некаторы час далучыўся да БСДП (Грамада).
У юнацтве захапляўся вывучэньнем стараангельскай мовы. Самастойна засвоіў азы гукарэжысуры і рабіў беларускі дубляж замежных фільмаў на ва ўласнай хатняй міністудыі. Жыцьцёвае крэда: не адступаць і не здавацца.
У панядзелак працягнецца суд на ім і іншымі абвінавачанымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.