Учора Аляксандар Лукашэнка правёў нараду пра мэтазгоднасьць 12-гадовага навучаньня ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе. Канчатковае рашэньне павінна быць прынятае да канца траўня. Але Лукашэнка ўжо цяпер заявіў, што дыскусія не пераканала яго ў неабходнасьці 12-гадовай адукацыі.
Пераход на 12-гадовую праграму школьнага навучаньня пачаўся 10 гадоў таму. Аднак на стадыі, калі трэба ў масавым парадку пераходзіць на фармаваньне профільных клясаў, паўстала пытаньне мэтазгоднасьці 12-годкі. Галоўным праціўнікам дадатковага году навучаньня стаў кіраўнік краіны:
“Нам трэба канчаткова прымаць рашэньне, нават калі мы памыліліся і гэтая памылка будзе вельмі дорага сёньня каштаваць. Гэта не аргумэнт — маўляў, ну як гэта мы будзем адступаць ад таго, што наварацілі? Ужо затрацілі мільярды рублёў, таму давайце далей ісьці ў гэтым напрамку. Так кажуць безадказныя, бесталковыя і дурныя людзі, якія ня думаюць пра тое, што мы, калі груба казаць, маем справу з такім матэрыялам, як дзеці. Але гэта сёньня дзеці. А заўтра — будучыня нашай краіны”.
Лукашэнка таксама лічыць, што з праграмамі “намудрылі” да такой ступені, што ня толькі дзеці, а й бацькі ня могуць справіцца з задачамі для 5—6 клясы. Нават прэзыдэнт ня можа разабрацца з задачамі, якія задаюць ягонай унучцы. Кіраўнік краіны супраць таго, каб “ахапіць неахопнае”, бо пры такім падыходзе, ягонымі словамі, трымаць людзей у школе можна і 20 гадоў. “Але нам інваліды не патрэбны”, — канстатаваў Лукашэнка.
Мая былая клясная кіраўніца Рак Ларыса Іванаўна некалькі дзесяцігодзьдзяў выкладала матэматыку ў школах на Смаргоншчыне. Кажа, што ўвогуле некарэктна параўноўваць праграмы яшчэ савецкай школы і сучаснай:
“Вось, прыкладам, у нас была лягарытмічная лінейка. А цяпер няма, зараз кампутары. Дык што нават я магу сказаць пра гэтыя кампутары, калі мы іх нават ня бачылі? Цяпер, можа, больш складана і таму, што задачы больш з падвохамі ставяць, якія ў наш час праходзілі як “займальныя задачы”.
Карэспандэнт: “І Лукашэнка ня можа дапамагчы ўнучцы аб'ектыўна?”
“Унучка ходзіць, пэўна, у гімназію. А ў гімназіях цяпер матэматыкі па 7—8 гадзінаў. А як яна ходзіць у якую загадкавую школу, то там можна і не рашыць штосьці. Але іх затое вучаць болей, больш часу даюць навукам. Мы хадзілі, дык ніякі чорт нас не дзяліў на матэматычную клясу ці іншыя. А цяпер, калі вучань ходзіць у матэматычную клясу, то ў яго на тыдзень матэматыкі, можа, 8 гадзінаў. А хто ходзіць у моўную, там столькі матэматыкі няма, гуманітарных прадметаў болей”.
Пад словамі Лукашэнкі пра непатрэбнасьць 12-гадовага навучаньня гатовая падпісацца ці не бальшыня бацькоў. Людзі абураныя, што “паддосьледнымі” ў экспэрымэнтах Міністэрства адукацыі апынаюцца дзеці. Вось тыповае меркаваньне бацькі, у якога ў школу ходзяць трое дзяцей:
“Ня трэба было гэтага і пачынаць. А ў нас што ні год, то навіна. Дурныя шараханьні дзяцей ужо дасталі. Я з самага пачатку быў
А ў нас што ні год, то навіна. Дурныя шараханьні дзяцей ужо дасталі
Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка ўсё жыцьцё працуе ў сыстэме адукацыі і перакананы: калі цяпер пачаць усё вяртаць назад, то сьледам пачнецца новая рэвізія адукацыйных праграмаў, дапаможнікаў, усяго навучальнага працэсу:
“Я не рабіў бы цяпер гэтую рэформу, назад не вяртаўся б. Зноў жа, столькі грошай, перапісваньня. Няхай ужо гэта зробяць прафэсіяналы, якія прыйдуць некалі. Трэба згадаць, што 12-годка была зробленая тымі людзьмі, якія сядзелі на нарадзе. Былі ўведзены, дарэчы ня толькі 12 гадоў, але і 10-бальная сыстэма, тэставаньне. Учора ж гучалі думкі скасаваць і тыя 10 балаў, і тэсты, і шмат што іншае. Увогуле, апошні час быў вельмі насычаны рознымі рэформамі, перакройваньнямі непатрэбнымі, рознымі экспэрымэнтамі — то нешта адмяняецца, то дадаецца; перапісваюцца праграмы ледзьве ня кожны год, перапісваюцца дапаможнікі. Складаецца ўражаньне, што гэта проста непрафэсійнасьць, калі так усё тузаецца ў розныя бакі”.
Між тым, як кажа спадар Лозка, толькі 20% беларускіх школьнікаў атрымліваюць адукацыю на роднай мове. Але гэты ганебны факт на нарадзе ня быў адзначаны ўвогуле.
Прыхільнікі 12-годкі лічаць, што профільнае навучаньне дазволіць істотна падвысіць узровень адукацыі і будзе спрыяць больш якаснаму прафэсійнаму самавызначэньню. У Міністэрстве адукацыі спасылаюцца на досьвед 170 краінаў, дзе гэта практыкуецца ўжо доўгі час. Ёсьць паўсотні краінаў, у якіх дзеці навучаюцца 13 гадоў.