“Паломнікі прыяжджаюць, п’юць, крадуць...” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Малыя Ляды, Смалявіцкі раён. Эфір 10 красавіка 2008 г.
Уявіце сабе самы звычайны вясковы краявід. Поле, парослае быльнягом, на даляглядзе палоска лесу, грунтавая разьдзяўбаная дарога, пачварная руіна былой фэрмы ля дарогі. І раптам на даляглядзе паказваецца барокавы фасад белакаменнага ўніяцкага храму. Усё калгаснае навакольле неяк адразу чароўна зьмяняецца. У краявідзе зьяўляецца шляхетнасьць і беларускасьць.



Малыя Ляды — гэта маленечкая вёска на дзьве вуліцы. І, як зазвычай бывае ў Беларусі, у гэтай вёсачцы знаходзіцца архітэктурны шэдэўр канца 18 стагодзьдзя, якому пазайздросьціла б сталіца. Зрэшты, былы ўніяцкі манастыр з царквой Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы таму і ацалеў, што знаходзіўся далёка ад вачэй высокіх начальнікаў. У былым манаскім корпусе за саветамі была школа. Яна ўжо даўно не працуе, бо моладзі ў Малых Лядах няма. Але сказаць, што вёска вымірае, нельга. Бо заўжды можна сустрэць якога падарожніка. Калі я ехаў у Малыя Ляды, па дарозе ішла інтэлігентнага выгляду кабета ў акулярах і хустачцы.



Паломніца: “Я сюды часам прыяжджаю як паломніца”.
Карэспандэнт: “Здалёку?”

Паломніца: “З Барысава”.

Карэспандэнт: “Вы езьдзіце з Барысава сюды?”

Паломніца: “Так. Хачу хаця б адзін раз зьезьдзіць у пост”.

Карэспандэнт: “А чаму вы менавіта сюды езьдзіце? У Барысаве ж ёсьць храм”.

Паломніца: “Храм — гэта храм. А манастыр — гэта зусім іншае. У манастыры іншая абстаноўка. Бацюшкі тут вельмі добрыя. Выслухаюць”.

Карэспандэнт: “І вы знаходзіце тут...”

Паломніца: “Дапамогу. Боскую дапамогу”.

Сьвята-Дабравешчанскі праваслаўны манастыр пачаў сваю дзейнасьць у 1994 годзе. Трэба аддаць належнае царкоўнікам. Яны пакуль не сказілі першапачатковы выгляд храма якой чужароднай цыбулінай. Але затое абгарадзілі тэрыторыю таўшчэзным і высачэзным мурам. Каля манастырскай брамы драмаў бамжаватага выгляду барадаты маладзён. Пэнсіянэрка, што завіхалася на сваім падворку, гаваркая і жвавая кабета, жыве тут ад нараджэньня.

Карэспандэнт: “І што, зьмянілася нешта ў Малых Лядах?”

Кабета: “Нічога не зьмянілася. Толькі больш стала злачыннасьці”.

Карэспандэнт: “Так?”

Кабета: “Гэтыя паломнікі прыяжджаюць сюды, яны п’юць, крадуць”.

Карэспандэнт: “Паломнікі п’юць і крадуць?”

Кабета: “Ну а што ж? Усе гэтыя паломнікі, гэта ўсё вязьні. Каму няма куды падзецца. Яны выходзяць з турмы, куды ім ісьці? Яны адразу сюды. Калі школа была, тут цішэй было. Тут і дачнікаў столькі не было. Мы неяк не баяліся жыць. А цяпер, ведаеце... Яны могуць і ў гарод залезьці. І адзеньне, бялізну здымалі. Прадавалі, прапівалі”.

Царква дзейнічала яшчэ адносна нядаўна. Зачынілі яе за Хрушчовым.

Кабета: “Тут на Пятра, гэта лічылася прастольнае сьвята. Зьяжджаліся, кшталту кірмашу тут было. Гэтае месца, што яны абгарадзілі плотам, тут столькі было... Раней жа ўсё на конях. Шапікі, крамкі выстаўляліся тут”.

Карэспандэнт: “Пры зачыненым храме?”

Кабета: “Не. Храм жа працаваў у 60-я гады. А пасьля млын зрабілі. У храме быў млын. Зернем засыпалася царква да самага верху”.

Карэспандэнт: “Як элеватар”.

Кабета: “Так”.

Я пашпацыраваў уздоўж мура. Па другі бок абгароджанай тэрыторыі, на вялікім двары яшчэ не стары і моцны мужык вастрыў пілу. Закурылі, разгаварыліся. Уладзімір Сільвестравіч Бязьмен прыехаў на радзіму дажываць свой нялёгкі век. Спадар Уладзімір — былы вайсковец, марскі пехацінец, якога міратворчая дзейнасьць Савецкага Саюзу кідала ад Самалі да Карыбскага басэйна. Я частуюся сьвежым кляновым сокам і слухаю байкі былога ваякі.



Уладзімір: “Стагодзьдзе з дня нараджэньня Леніна. 1970 год. Яны падыходзяць да нас: “Дазвольце высадзіць канцэртную брыгаду, даць канцэрт у гонар нараджэньня вашага правадыра”. Зампаліт думае, што адказаць. Бярэ гукаўзмацняльнік. “Вялікі дзякуй за віншаваньні і за тое, што не забываецеся на стагодзьдзе правадыра сусьветнага пралетарыяту!” А пасьля ўсё ж такі мы ім не дазволілі”.

Карэспандэнт: “Хай бы пасьпявалі”.

Уладзімір: “А яны блізка падышлі і як далі з гукаўзмацняльнікаў. Мы слухалі ўсе гэтыя джазы іхныя нэгрыцянскія”.

Карэспандэнт: “Гэта было ў моры?”

Уладзімір: “У акіяне. У Атлянтычным акіяне”.

А кажуць, што ў нас была калісьці з Амэрыкай халодная вайна, гонка ўзбраеньняў ды чаканьне ядзернага ўдару. Можа, у тэлевізары яна і прысутнічала, а на Атлянтыцы проста нейкае братаньне было паміж эскадрамі авіяносцаў.

Уладзімір: “Іншым часам нашы падыходзяць да эскадры іхняй. Яны ўжо высылаюць насустрач сваіх зьнішчальнікаў, перахватчыкаў. Сустракаюцца. Крыло ў крыло ідуць. Камандзір крычыць: “Зброю ўсю застапарыць! Не кранаць зброю!” Амэрыканцы, асабліва белыя амэрыканцы — “Прывітаньне!” — “Здароў! Што, шукаеш? Пайшлі за мной. Во, авіяносец”. Прывёў, сам паказаў. А вось нэгры кулакі паказвалі. Белыя не паказвалі ніколі”.

Пакуль я цешыўся расповедамі пра савецка-амэрыканскую дружбу, у госьці да Ўладзіміра Сільвестравіча зайшоў сусед, Іван Лазаравіч Бурдзілаў. Хударлявы, падцягнуты, са сталёвым позіркам вачэй стары разьмяняў дзявяты дзясятак. Ён былы лётчык-зьнішчальнік, ён ваяваў на Малой Зямлі поруч з палкоўнікам Брэжневым, ён кавалер многіх ордэнаў, ён былы дырэктар малалядзкай школы. Зірнуўшы на яго, я адразу згадаў фразу з расейскага фільма “ДМБ”. “Такім дзядам трэба на вакзалах чыгунныя помнікі ставіць”. Я нясьмела, абы пачаць гаворку, павіншаваў вэтэрана з аднаўленьнем службаў у царкве. Маўляў, ёсьць куды на старасьць схадзіць памаліцца. І атрымаў ад былога зьнішчальніка зьнішчальны адказ.

Іван: “Мы атэісты да мозгу касьцей. Сёньня гэтае вяртаньне ў сярэднявечча ў ніякія рамкі не ўкладаецца. Напэўна, трэба шукаць іншыя формы і мэтады выхаваўчай працы”.

Іншыя формы і мэтады выхаваўчай працы знайшліся надзвычай хутка. Форма ўяўляла сабой літровую бутэльку. А зьмест — самаробнае, колеру крыві, віно, зробленае самім Іванам Лазаравічам. Размова значна пацяплела.



Уладзімір: “Царква працавала. Тут хрысьцілі, вясельлі, ой. Тут сотні людзей зьбіраліся. І ніхто не ганяў і ня думаў ганяць. Але дзе зараз манастыр, была школа-дзесяцігодка. Дырэктар школы канцэрт дае, поп пяе сваё. Дружна жывуць. Ніхто нікому не замінае. Зараз чамусьці... Бачыш, якія платы пабудавалі? Калі Бэрлін быў перакрыты, плот не такі быў. Лягчэйшы. А тут ад сьвету адгарадзіліся”.

Іван: “Плот у мяне проста пад вакном. Я ж ня ведаў, што прыйдзе такі час, калі вас вернуць назад. Я быў упэўнены, што вы ніколі ня вернецеся. Дык чаму вы пазбаўляеце мяне магчымасьці жыць? Я замест таго, каб напрасткі прайсьці сто мэтраў, павінен паўкілямэтра абыходзіць вакол”.

Зачараваны вэтэранам, я захацеў паслухаць сапраўдную оду ў гонар вялікага правадыра і настаўніка, бацькі ўсіх народаў. І быў зноў шакаваны. Беларускія вэтэраны — людзі ня простыя!

Карэспандэнт: “Як вы ставіцеся да Іосіфа Сталіна?”

Іван: “Дэспат ад прыроды. Прыйшоў да ўлады ў пэрыяд, калі ўсякая дэмакратыя і народаўладзьдзе — толькі назва была. Мы ж былі найбагацейшая ў сьвеце краіна. З запасамі такімі! А жылі горш за ўсіх у сьвеце. Чалавека мы губілі ў ссылках, лягерах. Мы ж цьвет нацыі пагубілі! Таму, канечне... Калі б ён памёр не ў пяцьдзесят трэцім, а недзе ў саракавым годзе, канечне, вайны б нам не пазьбегнуць. Але прынятыя меры выратавалі б. Патапталіся б мы недзе ў Беларусі. Але да Волгі! Такога б у жыцьці не было”.

Я зайшоў за той плот, які так недаспадобы жыхарам Малых Лядаў. Усярэдзіне царква мяне расчаравала. Зашмат шэрага колеру. Ад падлогі да столі сьцены храму атынкаваныя. І на шэрай сьцяне вісяць іконы. Барадаты, зь вясёлым позіркам паслушнік лашчыў на цьвінтары ката.

Паслушнік: “Я чуў, што гэты храм быў цалкам расьпісаны. Трэба было шмат грошай. І яго проста тонкім слоем выраўнялі. Нават ікону не было дзе павесіць, зрабіць дзірку. Паўсюль былі росьпісы. Рэстаўраваць вельмі дорага”.

Карэспандэнт: “І росьпісы замазалі?”

Паслушнік: “Так”.

Карэспандэнт: “А што вас прымусіла пакінуць сьвет?”

Паслушнік: “А што там добрага, у тым сьвеце? Адны праблемы. Што там харошага?”

Карэспандэнт: “Харошага мала...”

Паслушнік: “Толькі адна дарога, сюды. Там ужо ўсё вычарпана. Толькі адно зло засталося. Больш нічога няма. Зло, распуста. А што, ня так? Дарога адна, да Бога. Ён нас стварыў. Усе мы сюды прыйдзем. А вось якія прыйдзем, добрыя ці кепскія, гэта ад нас залежыць”.

Ужо сыходзячы з манастыра, я краем вока заўважыў вялікую медную “цыбуліну” суздальскага стылю. Няўжо яны не абмяжуюцца плотам? І нахлабучаць гэтую канструкцыю над барочным фасадам? Далібог, краявід ад гэтага больш узьнёслым ня стане.