Званкі: “Герояў называюць парушальнікамі”

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 18 сакавіка, пятніцу.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

У Цэнтральным судзе Менску працягваецца працэс над групай моладзі, якая брала ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Як сьцьвярджаюць абвінаваўцы, з прычыны акцыі пратэсту шэраг прадпрыемстваў і крамаў пацярпелі матэрыяльныя страты. Камэнтары слухачоў:

Спадарыня: “Вось “Лакомка” мала цукерак прадала і вінаваціць у гэтым апазыцыянэраў. А лепей бы “Камунарка” перагледзела асартымэнт. Напрыклад, “Чырвоны каптурок” ад “Аэрафлоцкай” ужо не адрозьніш. Ну і шакаляд менскі на апошнім месцы па смаку”.

Віктар Буто: “Мне вельмі не падабаецца, калі герояў, якія пратэстуюць, называюць парушальнікамі грамадзкага парадку, ці калі зь людзей, якія вядуць палітычную галадоўку, зьдзекуюцца і кпяць розныя нелюдзі. У Менску і на ўсёй тэрыторыі Беларусі адсутнічае правасудзьдзе і справядлівасьць для любога прыстойнага чалавека”.

Далей слухач задае пытаньне:

“Хачу задаць пытаньне асабіста Мілінкевічу. Уявім, што на наступных прэзыдэнцкіх выбарах вас абяруць прэзыдэнтам. Натуральна, апазыцыя зойме ўсе ключавыя пасты ў дзяржаве. Але дзяржава не бывае без апазыцыі. Зьявіцца новая апазыцыя да новага рэжыму. І вось я, як новы лідэр гэтай апазыцыі, хачу ведаць, ці змагу я пры новым рэжыме праводзіць розныя шэсьці, дэманстрацыі, мітынгі ў любым месцы, дзе мне заманецца? Ці змагу я вольна выступаць у любы час праз тэлебачаньне, праз радыё з крытыкай у бок новай улады, ці змагу я вольна выдаваць друкаваныя выданьні, дзе буду крытыкаваць вашу дзейнасьць і ваш урад? (…) Будзе ўсё гэта дазволена ці будуць такія ж абмежаваньні, як цяпер?”

Адказвае Аляксандар Мілінкевіч:

“Наступная ўлада ня будзе рэжымам. Гэта ня будзе ўлада абсалютных аднадумцаў, мы ня будзем прымушаць людзей вывучаць ідэалёгію і любіць аднаго чалавека ў дзяржаве. Без апазыцыі пачынаецца сьмерць любой улады. Абавязкова будзе свабода слова. Будуць выдавацца газэты, і іх будуць зачыняць не паводле ідэалягічных патрабаваньняў ці ляяльнасьці. Гэтыя газэты будуць адказваць перад законам, а ня перад уладаю. Дэманстрацыі будуць дазволеныя, і людзей ня будуць ганяць на Бангалор. Яны будуць праходзіць у цэнтры гораду, але абавязкова будуць мірныя. Сёньняшняя апазыцыя, дэмакратычныя сілы ўсе свае акцыі праводзяць абсалютна мірна. Гэта міліцыя парушае закон, калі б’е людзей. Мы -- за эвалюцыю. Але калі ўлада не праводзіць выбараў, то, безумоўна, усё больш і больш людзей будзе выходзіць на вуліцы”.

У нядзелю ў Менску пройдзе зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Арганізатары заяўляюць, што неафіцыйную частку яны правядуць на вуліцы, бо ўлады не далі дазволу на арэнду памяшканьня. Выказваньне на гэтую тэму, а таксама пра падвышэньне арэнднай платы для палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў — у наступных тэлефанаваньнях:

Спадар: “Я сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з 1998 году. Але ніколі не было такога, каб нам не давалі памяшканьня ў Беларусі. Што гэта за самаўладзьдзе робіцца? Госпадзі, калі ўсё гэта закончыцца?! Няўжо Лукашэнку Бог не пакарае?! Госпадзі, дапамажы Беларусі выйсьці з гэтага крызісу, да якога ён давёў краіну!”

Спадар Мікалай, неабыякавы беларус: “Улада падвысіла арэндную плату за памяшканьне для грамадзкіх арганізацый у 10 разоў. Гэтае падвышэньне тычыцца і Таварыства беларускай мовы, якое абараняе беларускую мову, што мае статус дзяржаўнай. Атрымліваецца, што дзяржава супраць сваёй дзяржаўнай мовы і арганізацыі, якая яе абараняе. Жах і ганьба!”

Далей яшчэ адно пытаньне:

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода! У мяне два пытаньні. Першае пытаньне. Чаму, як робіцца холадна, дык адключаюць ацяпленьне, немагчыма жыць? І яшчэ, самае галоўнае пытаньне. Чаму Лукашэнка вырашыў зьнізіць памер пэнсіі? На 20—30 тысячаў пэнсія стала карацейшай. Што за такая нагода была ў Лукашэнкі? Дзякую за ўвагу”.

Адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“Пра людзей ніхто ня думае і думаць не зьбіраецца. Гэтая сыстэма не ў людзях бачыць сваю мэту. Яна бачыць сваю мэту ў дзьвюх рэчах: добрае жыцьцё начальнікаў і выкананьне працэдураў. Ёсьць працэдура: тры дні плюс восем сярэднясутачная тэмпэратура — адключаюць ацяпленьне. А пасьля — хоць мінус сорак. І так штогод. А наконт пэнсій — пры чым тут Лукашэнка? Няўжо вы думаеце, што ён думае пра нейкіх пэнсіянэраў?”

Працягваем праграму СМС-допісам ад слухача Вячаслава “Дзякуй вялiкi, “Падарожжы Свабоды”, за вандроўку ў вёску Горка».

І на заканчэньне — выказваньне слухача пра Курапаты:

Спадар:

“Не забытыя факты вандалізму.
У Курапатах сталіністы будавалі камунізм.
Яшчэ падонкі засталіся, будуюць вандалізм.
Страляць, ламаць крыжы —
Зьдзекі аднаго пакрою.
Як ні кажы,
Гэта рэха таго строю.
Вандалізм ня мае быць.
Слухач, дзядзька якога
У Курапатах ляжыць”.