Беларуская папулярная музыка папоўнілася новым экспэрымэнтальным творам – інтуітыўнымі імправізацыямі гурту “Князь Мышкін” да тэксту паэмы Янкі Купалы “На куцьцю”. Запіс ужо выстаўлены ў інтэрнэце. Выпушчана і некалькі асобнікаў кампакт-дыску.
Забароненая ў савецкую пару паэма Купалы “На куцьцю” напоўненая містыкай, вобразамі-сымбалямі, алегорыямі, якія пераплаўляюцца ў завершаную філязофскую сыстэму паэта – мысьляра пра долю беларусаў.
Нараканьні на згубную пакорлівасьць народу і немагчымасьць выйсьці зь цемры, нявыплаканы боль за згубленую свабоду і няяснасьць будучыні, надзея на адшуканьне каранёў і на яднаньне дзеля здабыцьця сьвятла ў паэме “На куцьцю” існуюць на ўзроўні вострых пачуцьцяў і нясуць пэрспэктыву дасягненьня касьмічнага размаху. Чытаючы Купалу, адчуваеш, што слову нібыта цесна ў літаратурнай форме, яна просіць музыкі, каб сягнуць аж у космас. І Купалава слова такую музыку атрымала.
Ідэя сынтэзаваць Купалава слова з музыкай узьнікла ў пісьменьніка і музычнага крытыка Зьмітра Падбярэскага. Гэта – ягоны другі зварот да паэмы “На куцьцю”. У 1982 годзе з рэжысэрам Натальляй Арцімовіч ён ажыцьцявіў пастаноўку тэлеспэктакля. Гэтым разам ён запісаў тэкст з тым, што ён будзе дапоўнены музыкай гурту “Князь Мышкін”. Чаму сёньня шукаецца нейкая новая форма для прачытаньня паэмы стогадовай даўніны?
Зьміцер Падбярэскі: “Купала пісаў пра нас. Пісаў пра тое, што беларусы гатовыя да нейкіх зьменаў у жыцьці, але толькі гатовыя. Для гэтага яны нічога ня робяць. Тое, што было актуальным на пачатку 20-га стагодзьдзя, застаецца актуальным і на пачатку 21-га стагодзьдзя. Але музыка зьмянілася – вось што цікава”.
Сапраўды, чалавек 21-га стагодзьдзя найперш гатовы ўсьведамляць клясыку у формах і эстэтычных катэгорыях свайго стагодзьдзя – пагаджаюцца з Падбярэскім музыкі гурту інтуітыўнай імправізацыі “Князь Мышкін”. Дык што збліжае Купалаў тэкст пачатку 20-га стагодзьдзя з авангарднай музыкай 21-га стагодзьдзя? Тлумачыць выканаўца Віктар Сямашка:
“Па-першае сьвежасьць і актуальнасьць тэматыкі. Па-другое, мы жывем у адной культурнай прасторы, у той жа краіне, у якой жыў Купала. І, калі шчыра, мы самі былі зьдзіўленыя, калі паклалі клясычны тэкст на музыку. Мы самі ня ведалі, што з гэтага атрымаецца. Але, на дзіва, атрымалася даволі гарманічна”.
Спалучэньне клясыкі з авангарднай музыкай дало плён. Музыка пашырае прастору тэксту, выводзіць яго ў касьмічную прастору. Зоны маўчаньня напаўняюцца экспрэсіяй, выштурхоўваюць слухача ў філязофскі падтэкст Купалы.
Дык якая пэрспэктыва жыцьця гэтай нечаканай экспэрымэнтальнай працы? Я працягваю размову з музыкам Віктарам Сямашкам.
Сямашка: “Гэта, я думаю, пойдзе на карысьць нашай культуры, папулярызацыі добрай паэзіі. І добрай музыкі, спадзяюся, таксама”.
Ракіцкі: “Думаеце, праз такую форму дзеці далучацца да паэзіі Купалы?”
Сямашка: “Я думаю, так. І дзеці, і дарослыя. Зараз вельмі папулярныя аўдыё-кнігі. І нават, мне падаецца, сёньня тэкст лепш успрымаецца не надрукаваны на паперы, а менавіта на слых”.