Госьць "Начной Свабоды" – адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Ён – грамадзкі рэдактар фатаконкурсу "Свабоды" "Мае фота – мае Курапаты".
Соўсь: Зянон Станіслававіч, сёлета 3 чэрвеня будзе 20 гадоў, як быў надрукаваны ў “ЛіМе” Ваш і Яўгена Шмыгалёва артыкул “Курапаты. Дарога сьмерці”. Мяне вельмі ўразіла, як Вы ў прадмове да новага фатаконкурсу "Свабоды" сказалі “спачатку былі Курапаты...”, як біблійнае “спачатку было слова”. Чым ёсьць для Вас Курапаты?
Пазьняк: Курапаты для мяне – гэта частка жыцьця і частка майго лёсу, але важнейшае ёсьць тое, чым Курапаты ёсьць для нас усіх, для нашага народу і для нашай гісторыі. Я мяркую, што Курапаты – гэта сакральнае месца і сакральны сымбаль нашай нацыі. Гэта вельмі важна, таму што ў Курапатах былі расстраляныя сотні тысячаў невінаватых людзей, там была праліта нявінная кроў. І гэта вельмі важна для характарыстыкі гэтай зьявы і для яе разуменьня. Таму што ў сусьвеце, як мы ведаем з гісторыі, з духоўнай гісторыі, найвялікшая каштоўнасьць ёсьць справядлівасьць, а найвялікшы духоўны сымбаль ёсьць кроў, і яны ўзаемазьвязаныя.
Курапаты для мяне – гэта частка жыцьця і частка майго лёсу
І гэта праяўляецца і ў малым, і ў вялікім, і вось Курапаты якраз тое месца, дзе былі расстраляныя нявінныя людзі: яны былі забітыя несправядліва, яны былі забітыя ў пэрыяд сталінскага генацыду. І пра гэта ніхто ня ведаў, і калі пра гэта даведаліся, то ў беларускіх людзях гэта выклікала ўзрушэньне. Гэтая падзея паказала, што беларускі народ духоўна жывы, таму што ў душы ў беларусаў абудзілася прага да справядлівасьці. Ня толькі таму, што гэта сэнсацыя была, а таму, што гэта зьява, якая паказала, што нявінных людзей сотнямі тысячаў забівалі толькі за тое, што яны былі людзі. Толькі за тое, што яны былі беларусы. І людзі зьвязалі гэта з сабой і сваёй гісторыяй, сваім духам, і гэта выклікала вось такі катарсіс, адчуваньне неабходнасьці справядлівасьці.
Мы цудоўна разумелі, што калі гэта несвоечасова абнародаваць, то гэтае месца проста зьнішчаць
Соўсь: Можа, ня ўсе ведаюць, што гэта Вы назвалі ўрочышча пад Менскам Курапатамі. Раскажыце, калі ласка, як зьявілася гэтая назва?
Пазьняк: Яна зьявілася крыху выпадкова, але і заканамерна. Гэта месца называлася Брод, і ўсё вакольнае насельніцтва гэта ведала. Але ў некаторых вёсках, у прыватнасьці ў Дроздаве, была і іншая назва гэтай мясьціны. Дзеці і падлеткі расказвалі мне, што яны хадзілі туды "ў Курапаткі, у Курапаты", і патлумачылі, чаму яны гэтае месца так называюць. Мне здалося, што гэтая назва больш адлюстроўвае саму сутнасьць таго, што там адбывалася. І калі я пісаў артыкул, то я вырашыў яго назваць ня "Брод – дарога сьмерці", а "Курапаты – дарога сьмерці". Так гэтая назва і засталася, хаця яна была больш лякальная, а Брод – агульная. І гісторыя паказала, што гэтая назва адыграла сваю ролю ў выкрыцьці пазьнейшых фальсыфікацыяў.
Соўсь: Вы сказалі, што ведалі пра месца расстрэлаў пад Менскам задоўга да лета 1988 году, але пэўны час не абнародавалі страшнай праўды, зьбіралі доказы, каб улады ня зьнішчылі гэтага месца. Напрыклад, у Лошыцы, як толькі стала вядома, што там расстрэльвалі людзей, адразу ж пабудавалі гаражы, каб пазьбегчы раскопак. Як Вы лічыце, ці магчыма схаваць альбо прымусіць людзей забыць праўду пра злачынствы?
Гісторыя паказвае, што схаваць злачынствы, асабліва страшныя злачынствы супраць чалавецтва, якія палягаюць на нявіннай крыві, вельмі цяжка, амаль немагчыма
Соўсь: Нядаўна эўрадэпутаты ад Польшчы, Літвы ды іншых краінаў прапанавалі эўрапейскім кіраўнічым структурам ініцыяваць судовы працэс над камунізмам. Як Вы лічыце, як мае праходзіць такі трыбунал? У якой краіне? Хто павінен быць абвінаваўцам, адвакатам, а хто на лаве падсудных ? І якое пакараньне павіннабыць?
Пазьняк: Я думаю, што ў пляне Нюрнбэрскага працэсу пакуль што малаверагодна, што такое можа быць. Тады была вайна, была сіла, былі пераможцы і былі пераможаныя – была зусім іншая сытуацыя, прыдатная для суду. Былі злоўленыя злачынцы, і яны сядзелі на лаве падсудных. Што да цяперашняй сытуацыі, то вайны не было, камунізм разваліўся, людзі, якія рабілі злачынствы, альбо памерлі, альбо працягваюць жыць. У многіх краінах яшчэ існуюць камуністычныя рэжымы.
Таму суд павінен быць, але, як я мяркую, павінен быць суд над зьявай камунізму, над фактамі, мэтадамі, якімі яны карысталіся, і гэты суд павінен быць як сьведчаньне для прыняцьця адпаведных рашэньняў. Гэта значыць, што павінны быць такія рашэньні, як закон: той, хто апраўдвае злачынствы камунізму, той падлягае пакараньню. Так як і пра фашызм. І такое магчыма.
Я мяркую, павінен быць суд над зьявай камунізму, над фактамі, мэтадамі, якімі яны карысталіся
Соўсь: Цяпер у Менску судзяць шэраг моладзевых актывістаў за ўдзел у акцыі пратэсту. Многія зь іх, іх родныя, паплечнікі, слухаюць цяпер “Свабоду”. Што б Вы маглі пажадаць ці параіць ім? Якім шляхам ісьці? Якіх памылак пазьбегчы?
Пазьняк: "Для гэтай моладзі, якая жыве цяпер, у цяжкі час, калі нішчаць нашую культуру і Айчыну, я пажадаў бы, каб усё, што яны думаюць і робяць, каб усё мералі дабром Беларусі, каб беларуская мова і культура сталі для іх сьвятымі. Абараняць і сьцьвярджаць гэтыя каштоўнасьці трэба заўсёды і ўсюды, але найперш у сваім сэрцы і ў сваёй галаве. А ў жыцьці трэба пазьбягаць нечыстаты. У грамадзкай пазыцыі і ў грамадзкіх справах трэба пазьбягаць Расеі. На ёй кроў мільёнаў неадпомшчаных беларусаў, і гэта трэба заўсёды памятаць".
У жыцьці трэба пазьбягаць нечыстаты
Пазьняк: Пазыцыя Расеі адносна Беларусі не зьмянялася ніколі і ня зьменіцца ніколі, пакуль Расея будзе існаваць як імпэрская структура. Сваю гістарычную задачу Расея бачыла і бачыць у ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага і ў зьнішчэньні беларускай нацыі. Пазыцыя Расеі зьменіцца толькі тады, калі Расея будзе ліквідаваная як імпэрская звышдзяржава.
Беларускія палітыкі павінны будуць гэта таксама зразумець. Карфаген мусіць быць разбураны. Выжываньне беларускай нацыі палягае ня толькі ў самаабароне і ў самаразьвіцьці, але і ў актыўнай геапалітыцы.
Што датычыць сучасных падзеяў у Маскве, то мы ўбачылі ня тое што спэктакль, а гэбоўскі цырк з гэбоўскімі трукамі. Уявіце сабе, зьбіраецца зьезд гэбоўскай партыі "Адзіная Расея" і выносіць пастанову, што кіраўніком партыі можа быць ня член партыі. Назаўтра на зьезьдзе зьяўляецца Пуцін, і яго аднагалосна выбіраюць кіраўніком партыі. Ці ж гэта ня цырк? А за гэтымі цыркавымі трукамі ідзе такая палітыка: бальшыня ў парлямэнце будзе "Адзіная Расея", Пуцін будзе кіраваць парлямэнтам, а парлямэнт, як вядома, можа вынесьці імпічмэнт прэзыдэнту. Такім чынам, Мядзьведзеў будзе марыянэткай у руках гэтай гэбоўскай групы Пуціна, якая будзе валодаць парлямэнтам і ўрадам, і ўсё будзе рабіць, што яму загадаюць. Калі ён зробіць што-небудзь дрэннае ці калі палітыка пуцінскай групы праваліцца, то ўсё зваляць на прэзыдэнта Мядзьведзева – гэта хлопчык для біцьця. Палітыка і пазыцыя ня зьменіцца, яна будзе яшчэ горшай, таму што гэтая група знайшла шырму для прыкрыцьця. Яны адкрыта, цынічна гуляюць у гэтыя цыркавыя нумары.
Соўсь: Давайце зноў вернемся да курапацкай тэмы. Да 20-й гадавіны адкрыцьця Курапатаў Радыё Свабода распачынае фатаконкурс “Мае фота – мае Курапаты”. Мы прапануем нашым слухачам і чытачам сайту даслаць фота, зробленыя ў розныя гады ў Курапатах. Зянон Станіслававіч пагадзіўся быць грамадзкім рэдактарам гэтага праекту. Ён будзе камэнтаваць дасланыя фота і штотыдзень выбіраць найбольш цікавы, найбольш характэрны здымак. Сярод прызоў – фотаапараты, кнігі Зянона Пазьняка, а таксама кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды” і флэшкі “Радыё Свабода” памерам 1 гігабайт – на іх таксама будуць кнігі са свабодаўскай бібліятэкі. Зянон Станіслававіч, скажыце, калі ласка, чаму Вы лічыце важным стварэньне фотагісторыі Курапатаў і які будзе крытэр пры выбары найлепшых здымкаў?
Пазьняк: Фатаграфія часта можа сказаць і кажа больш, чым артыкул і самы аб'ёмны тэкст. Па-другое, фатаграфія – гэта дакумэнт часу, эпохі. Гэта асаблівая зьява. Чым далей існуе фатаграфія, тым шырэй яна раскрываецца. Фатаграфія – гэта імгненьне спыненага часу. Ніякае мастацтва не валодае такой якасьцю.
Дык вось, ад адкрыцьця Курапатаў мы адышлі на 20 гадоў, гэта ўжо гісторыя, і вельмі важна для нас мець дакумэнтальныя, гістарычныя сьведчаньні, якія адлюстраваныя ў фатаграфіях. Гэта ёсьць наша праўда, тое, чым жывуць і будуць жыць цэлыя пакаленьні.
Я б вызначыў 4 крытэры, па якіх можна было б ацэньваць фатаграфіі. Першы – гэта добрае дакумэнтальнае сьведчаньне сутнасьці зьявы, калі фатаздымак добра адлюстроўвае сутнасьць таго, што там адбылося, сутнасьць Курапатаў. Такія фатаграфіі ёсьць. Другая характарыстыка – гэта дакладная канстатацыя падзей, якія адбываліся ў Курапатах. Гэта могуць быць дэлегацыі, ускладаньне вянкоў, сьвечкі і гэтак далей. Гэта таксама частка Курапатаў. Трэцяя катэгорыя здымкаў – гэта партрэты і выявы людзей. Прывяду прыклад: здымак Васіля Ўладзімеравіча Быкава ў Курапатах – вельмі выразны партрэт. Шмат ёсьць людзей, якіх там здымалі – Янка Брыль і іншыя... І таксама нам варта сабраць гэта ў наш культурны мартыралёг. І чацьвёртая катэгорыя – гэта своеасаблівы пагляд. Маю на ўвазе нейкія эксклюзіўныя здымкі, нейкія дэталі, якія людзі здымалі, нейкія этуды, навеяныя Курапатамі.
Вось па такіх чатырох катэгорыях я б прапанаваў ацэньваць здымкі. Калі яны будуць сабраныя, то акрамя таго, што прызамі будуць адзначаныя аўтары, гэта будзе курапацкі фонд нашай культуры, нашага мартыралёгу, а значыцца, гэта пойдзе на карысьць нашай Беларусі.
Старыя здымкі можна сасканаваць альбо даслаць па пошце.
п/с 111, Менск, 220005
Kurapaty88@yahoo.com
Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў Суботніках Івейскага раёну на Гарадзеншчыне. Пасьля школы паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, атрымаў спэцыяльнасьць тэатразнаўца.
У гэты ж час, на пачатку 1960-х, пачаў актыўна абараняць гістарычна-культурную спадчыну, што руйнавалася ў працэсе адбудовы Менску.
У 1969 годзе надрукаваў крытычны артыкул у газэце “Правда”, што, з аднаго боку, прыпыніла працэс зьнішчэньня Верхняга гораду, а зь іншага – прывяло да насьцярожанага стаўленьня да Пазьняка з боку кіраўнікоў розных установаў. Пасьля канфлікту з кіраўніцтвам тэатральна-мастацкага інстытуту абараняць кандыдацкую дысэртацыю па тэме “Станаўленьне і разьвіцьцё беларускага прафэсійнага тэатру пачатку ХХ стагодзьдзя” мусіў у Ленінградзе.
Працоўны шлях пачынаў рабочым сцэны Дзяржаўнага тэатру опэры і балету. Быў афарміцелем Менскага мастацка-вытворчага камбінату. Працаваў фатографам у Дзяржаўным музэі БССР і музэі Янкі Купалы.
Ад сярэдзіны 1970-х – у аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, дзе з новай сілай пачаў бараніць гістарычны цэнтар Менску ад руйнаваньня.
Выдаў некалькі кніг і даведнікаў па гісторыі Верхняга гораду.
Ад канца 1980-х прозьвішча Пазьняка стала шырока вядомым далёка за межамі Беларусі. Найперш пасьля таго, як у 1988 годзе ў “ЛіМе” выйшаў артыкул “Курапаты. Дарога сьмерці”. Гаворка ішла пра расстрэлы тысячаў людзей у сталінскі час ва ўрочышчы Курапаты.
30 кастрычніка таго ж году ў Менску была жорстка разагнаная акцыя памяці ахвяраў сталінізму на Дзяды. Міліцыя і ўнутраныя войскі ўпершыню на тэрыторыі тагачаснага СССР ужылі пры разгоне мірнай дэманстрацыі дубінкі і сьлезацечны газ. У 1988-м утвораны аргкамітэт для стварэньня Беларускага народнага фронту. Неўзабаве Зянон Пазьняк узначальвае БНФ “Адраджэньне”.
У гэтым статусе ў 1990 годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі. Да 1995-га – лідэр фракцыі БНФ у парлямэнце, лідэр Партыі БНФ.
У 1996 годзе пасьля традыцыйнага шэсьця “Чарнобыльскі шлях” сілавыя структуры прыгразілі крымінальнымі справамі супраць арганізатараў акцыі. Не чакаючы магчымых рэпрэсіяў, Зянон Пазьняк эміграваў у ЗША, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Тады ж атрымаў статус палітуцекача. Пасьля расколу ў шэрагах “фронтаўцаў” у 1999 годзе ўзначаліў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ.
У 1994 годзе Зянон Пазьняк вылучаўся на выбарах першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу рэгіёнаў упэўнена апярэджваў іншых кандыдатаў. Таксама браў удзел у арганізаванай Віктарам Ганчаром альтэрнатыўнай кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў у 1999 годзе, калі, паводле Канстытуцыі 1994 году, заканчваўся тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, але потым зьняў сваю кандыдатуру на знак пратэсту супраць фальсыфікацыяў. У 2006-м зьняўся з выбараў на этапе збору подпісаў.
Зянон Пазьняк жанаты. Пасьля эміграцыі пэўны час жыў у Варшаве, займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. Цяпер жыве ў ЗША.
Па-ранейшаму захапляецца фатаграфіяй.