Імя Тодара Кляшторнага вырашылі надаць новай забудове ў аграгарадку Камень на Лепельшчыне.
Да 105-х угодкаў рэпрэсаванага паэта і перакладчыка на адным з 15-ці нядаўна ўзьведзеных дамоў-катэджаў сёньня зьявілася мэмарыяльная шыльда ў гонар вядомага земляка.
Паводле біяграфічных зьвестак, Тодар Кляшторны нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёну. Цяпер гэта зусім маленькае паселішча, і таму мясцовыя ўлады палічылі больш мэтазгодным ушанаваць памяць літаратара, назваўшы ў ягоны гонар вуліцу ў бліжэйшым аграгарадку Камень.
Зрэшты, у Камені яшчэ некалькі год таму быў створаны невялікі мэмарыльны музэй Тодара Кляшторнага ў мясцовым Доме культуры. Сярод экспанатаў ёсьць падарункi сваякоў паэта, ягоныя фотаздымкі і літаратурныя творы.
Тодар Кляшторны нарадзіўся 11.03.1903 г. у вёсцы Парэчча Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці. Вучыўся на рабфаку ў Воршы. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газэтах і часопісах. Быў сябрам «Маладняка», «Узвышша», БелАПП. Выдаў некалькі паэтычных зборнікаў, пераклаў на беларускую мову асобныя творы Ўл.Маякоўскага, М.Асеева, А.Безыменскага, М.Галоднага, А.Лахуці, Л.Первамайскага. Восеньню 1936 г.быў арыштаваны, 29.10.1937 г. яму была прысуджана найвышэйшая мера пакараньня. Расстраляны 30.10.1937 г. Рэабілітаваны ў 1957 г.