Каля 13 гадзінаў па менскім часе ў Маскве каля амбасады Беларусі пачалася акцыя салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі і актывістамі, якіх сёньня пачалі судзіць за мітынг прадпрымальнікаў. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў актывіст маладзёвай арганізацыі “Оборона” Павал Казлоўскі.
“Тут, на вуліцы Марасейка каля беларускай амбасады сабраліся некалькі дзесяткаў актывістаў ініцыятывы “Салідарнасьць з Беларусьсю” і сябры беларускай дыяспары. У нас у руках сымбалічная клетка, з якой мы будзем вызваляць палітвязьняў. Міліцыянты нам не перашкаджалі, але вось якраз цяпер у справу ўмяшаўся АМАП. Яны спрабуюць адабраць клетку і затрымліваюць аднаго актывіста, ягонае прозьвішча Ян Маркаў. Але акцыя працягваецца, людзі скандуюць “Свабоду палітвязьням!”
Паводле Алега Казлоўскага, ніхто з супрацоўнікаў беларускай амбасады не падышоў да удзельнікаў акцыі для размовы, але за акцыяй назіраюць “некалькі чалавек ў цывільным”.