Улады Барысава ў выніку пратэсту мясцовых жыхароў прыпынілі зьнішчэньня зялёнага масіву ў цэнтральнай частцы гораду.
Жыхары цьвердзяць, што даўняе месца адпачынку гараджанаў зьнішчаецца незаконна. У гарадзкой адміністрацыі заяўляюць, што генэральны плян забудовы Барысава зацьверджаны ўрадам краіны.
Жыхары Барысава выйшлі на стыхійны мітынг, калі будаўнікі пачалі пілаваць старыя сосны, кажа мясцовая жыхарка Натальля Баярын:
“Гэта месца куды людзі з нашай вуліцы прыходзяць адпачываць: і маладыя мамы, і пэнсыянэры – вось гэта адзінае месца. Зараз яго хочуць забудаваць жылымі дамамі і пачалі сьпілоўваць сосны. Ня будзе ў нас месца для адпачынку зараз. Гэта ўсіх абурае і мы пачалі з гэтым змагацца”.
Паводле спадарыні Баярын, пратэстоўцы сабралі 800 подпісаў і зьвярнуліся з запытам у Камітэт дзяржкантролю, у Савет мясцовых дэпутатаў, а таксама ў Барысаўскі райвыканкам. Намесьнік кіраўніка Юры Шылягін гэтак пракамэнтаваў сытуацыю:
“Гэта ня месца адпачынку, а былая тэрыторыя міністэрства абароны. Сёньня там неўпарадкаванае месца. Сёньня ёсьць праект плянаваньня і там прадугледжваецца будаўніцтва жыльля. Пэўна, зараз не зусім правільна вырашаць пытаньне так, каб будаваць жыльлё на ўскраіне, а ў цэнтры гораду пакідаць пустую пляцоўку”.
Паводле спадара Шылягіна, у Барысаве яшчэ застаюцца аналягічныя вольныя месцы, у тым ліку і побач з сасоньнікам. Але ў выніку пратэсту вынішчэньне дрэваў усё ж было прыпыненае. Гэта адбылося з тае прычыны, што высяканьне праводзілася незаконна, кажа спэцыяліст лясной гаспадаркі гораду Валерый Бышок:
“Яны высякалі дрэвы нелегальна. На кожнае высячэньне дрэваў павінна быць рашэньне райвыканкаму. Такога рашэньня дагэтуль няма. Мне некаторыя тэлефанавалі і прасілі, каб аформіць заднім чыслом. Але я сказаў, што ня буду гэтага рабіць ніколі. Я канечне супраць, усе жыхары супраць, бо ў нас ніводнага парку нармалёвага няма. Генплян зрабілі, а з кім яны яго ўзгаднялі? Вось і бяда адсюль ідзе”.
Паводле спадара Бышка, гэта ня першы выпадак незаконнага высячэньня дрэваў у Барысаве. Не зважаючы на пратэсты людзей, зялёныя пасадкі вынішчаюцца таксама і ў іншых гарадах і паселішчах краіны. Затое з ініцыятывы ўладаў будуюцца хімічныя прадпрыемствы, у пэрспэктыве АЭС. Гэткае становішча камэнтуе эколяг Валеры Дранчук:
“Я лічу, што ўсё прадыктавана інтарэсамі эканомікі, а эканоміка сёньня ідзе, што называецца, па галовах. Гэта поўная адарванасьць дзяржаўных праектаў ад думкі і меркаваньня людзей. Яна паўсюль: гэта адарванасьць і ў прыняцьці законаў – якія гэтыя законы – улічваюць інтарэсы людзей ці не. Гэта адарванасьць так званага парлямэнту ад людзей, ад настроеў выбарцаў. Гэта значыць, што зь людзьмі ніхто не лічыцца”.
Жыхары гораду таксама заявілі свой пратэст дэпутату Нацыянальнага Сходу Віктару Гумінскаму, які не перашкаджае зьнішчэньню хваёвага бору ў Барысаве.