Спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні просіць беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ён зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўнікоў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзіма Папова і Генадзя Навіцкага. Як рэагуюць на гэты зварот у Беларусі?
Уладзімер Парфяновіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, згадаў, што і падчас ягонай кадэнцыі ўзьнімалася пытаньне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне. З гэтай нагоды нават праводзілася міжнародная канфэрэнцыя:
“Але да галасаваньня, да прыняцьця закону справа не дайшла. Лукашэнка ня даў правесьці гэты закон”.
Карэспандэнт:“А чаму, як вы думаеце?”
Парфяновіч: “Зь ягонага пункту гледжаньня гэта яшчэ рана”.
Карэспандэнт:"А калі б усё ж паставілі на галасаваньне такі законапраект, які б быў вынік?”
Парфяновіч:“Прагаласавалі б так, як выказаліся б на Карла Маркса, 38, у адміністрацыі прэзыдэнта”.