“Частку замку Радзівілаў зруйнавалі. Што далей”?

Агляд недзяржаўнага друку.

У сьвежым нумары газэты “Вечерний Брест” рэпартаж з аддзяленьня дзённага стацыянару для маладых інвалідаў Маскоўскага раёну Берасьця. Юнакі і дзяўчаты прыходзяць сюды штодня, каб насуперак сваёй хваробе інтэгравацца ў соцыюм. Іх нельга назваць дзецьмі – бо яны паўналетнія. Але для шмат каго зь іх сусьвет да нядаўняй пары абмяжоўваўся выглядам з вакна. А цяпер у аддзяленьні дзённага побыту яны навучаюцца шыцьцю, майстэрству пано.

“Яны самі прыдумляюць сюжэты для сваіх прац, – распавяла спэцыяліст у сацыяльнай працы Тацьцяна Іванова. – Мастацтва пано падабаецца і дзяўчатам, і юнакам. Ёсьць і стымул для працы – ужо 16 чалавек былі ўладкаваныя на працу і атрымалі свой першы заробак”. З часам, спадзяецца спн. Іванова, працы можна будзе аддаваць на рэалізацыю”.

Штотыднёвік “Наша слова” прысьвячае шэраг артыкулаў Міжнароднаму дню аховы помнікаў, які сьвет будзе адзначаць 18 красавіка. Фотарэпартаж зь месца дэмантажу помніка Максіму Багдановічу ў Менску, грунтоўны аналіз сытуацыі з разбурэньнем галерэі Нясьвіскага палацу Радзівілаў уздымае пытаньне: якую спадчыну будуць мець нашы нашчадкі?

Асаблівую ўвагу надалі рэстаўрацыі Нясьвіскага замку. Ёсьць пагроза навабуду замест грунтоўнай рэстаўрацыі, лічаць адмыслоўцы. Распавядае Станіслаў Суднік, рэдактар выданьня:

Суднік: “Тое, што здарылася – тое здарылася. Цяпер вінаватых ня знойдзеш: можна было гэтага пазьбегнуць ці не. Пытаньне ў іншым: пасьля руйнаваньня усходняй галерэі ніхто ня можа сьцьвярджаць, што гэткі ж незайздросны лёс не напаткае іншыя фрагмэнты замку. І, як падаецца, толькі пільная ўвага грамадзтва не дазволіць згубіць Нясьвіскі палац. Трэба разумець, што шашкамі махаць надта позна. Важна захаваць тое, што яшчэ можна захаваць”.

Таксама на старонках “Нашага слова” успаміны Эдварда Вайніловіча, які аналізуе Рыскую дамову 21-га году і называе яе злачыннай; расповед Алега Трусава, старшыні Таварыства беларускай мовы пра спробы сабраць 5 мільёнаў на арэнду офісу Таварыства.

“Комсомольская правда в Белоруссии” распавядае, як беларусы будуць плаціць падаткі ў наступным годзе. Цяпер урад разглядае некалькі варыянтаў ставак падаходнага падатку. А “Комсомолка” падлічыла, які варыянт быў бы самым выгадным для беларусаў.