Алесь Астроўскі: “Расейская імпэрыякратыя імкнецца да анэксіі Беларусі”

Спадар Астроўскі – карэнны гарадзенец. Яму 50 гадоў. Жанаты, мае пяцёра дзяцей. Доктар мэдыцынскіх навук. Прафэсар Алесь Астроўскі – аўтар шэрагу артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай і сусьветнай грамадзка-палітычнай сытуацыі. Сёньня ён расказвае журналісту Аляксандру Уліцёнку пра сваё бачаньне стасункаў Беларусі з Расеяй.
Аляксандар Уліцёнак: “Спадар Алесь, што, на ваш погляд, ёсьць цяперашняя Расея ў адносінах да Беларусі?”

Алесь Астроўскі: “Расеяй кіруе (нягледзячы на радыкальныя зьмены – ці то ў царскія часы, ці то за камуністамі або сёньня, пры нарастаньні фактычнай дыктатуры) заўсёды адна і тая ж структура. Гэта група людзей, якую я называю расейскай імпэрскай бюракратыяй, або – расейскай імпэрыякратыяй. Вось галоўны ў Расеі суб’ект з выключна паразытычнымі мэтамі. Як у стаўленьні да свайго грамадзтва, так і з агрэсіўнымі паразытнымі мэтамі ў адносінах да суседзяў. У тым ліку й да Беларусі. Нішто не мяняецца!”

Уліцёнак: “Ну а ў самой Расеі ёсьць уплывовыя людзі, якія думаюць прыблізна ў гэтым ключы?”

Астроўскі: “Былы дарадца прэзыдэнта Ельцына спадар Сатараў называе гэтую купку “сукупнасьцю прадстаўнікоў улады”. Былы дарадца прэзыдэнта Пуціна спадар Іларыёнаў назваў яе “карпарацыяй” – канкрэтнай сукупнасьцю канкрэтных людзей з канкрэтным агрэсіўным соцыяпаразытным разбуральным імпэрскім мысьленьнем. У яе ўваходзяць як мінімум паўмільёну чалавек. Нам трэба цьвяроза глядзець на сьвет і ведаць пра пагрозы для сябе”.

Уліцёнак: “Афіцыйная беларуская прапаганда ўсьлед за расейскай усчала лямант з нагоды жаданьня Ўкраіны й Грузіі далучыцца да НАТО. Што скажаце?”

Астроўскі: “Гэта ня вашая справа! Народ мусіць быць у абстаноўцы бясьпекі. Толькі з усьведамленьнем гэтага ён мусіць спакойна разьвівацца ў кірунку ўгару. Гэта ягонае права. І калі ўкраінскі народ, ужо, прабачце, дастаны шматсотгадовай імпэрскай агрэсіяй бачыць выйсьце з гэтай сытуацыі ў даволі чужароднай для нас структуры НАТО, то, прабачце, віна тут не ўкраінцаў, а саміх расейскіх імпэрцаў. Украінцам лепш бачна, як ім забясьпечыць уласнае жыцьцё”.

Уліцёнак: “Мяняецца вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Расеі. Што чакаць ад гэтага Беларусі?”

Астроўскі: “Зьмест і кірунак палітыкі не памяняюцца. Бо вызначаюцца ня тым, хто зьяўляецца прэзыдэнтам, а вынікам стратэгіі расейскай імпэрыякратыі. І хутчэй за ўсё яна можа яшчэ больш агрэсіўна заняцца беларускай праблематыкай, спрабуючы анэксіраваць нашу краіну пад вядомым ужо лёзунгам інтэграцыі”.