Х. Пургурыдэс: “Прымусіць беларускі рэжым памяняць палітыку”

ТЭМА ДНЯ. У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заўтра прадставяць справаздачу аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі.
Аўтар справаздачы Хрыстас Пургурыдэс у інтэрвію “Свабодзе” паведаміў, што ў адрозьненьне ад таго разу, калі ён рыхтаваў папярэдні свой даклад пра Беларусь, цяпер ён ня меў магчымасьці наведаць Менск і пагутарыць з прадстаўнікамі ўладаў.

МЗС Беларусі адмовіўся запрасіць яго ў краіну, нягледзячы на адпаведны запыт Сакратарыяту Рады Эўропы. Таму інфармацыю аб парушэньнях пры ажыцьцяўленьні крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі Хрыстас Пургурыдэс зьбіраў з даступных яму крыніц.

Галоўную выснову сваёй справаздачы ён сфармуляваў наступным чынам:

“Найважнейшае пасланьне гэтага дакладу палягае ў тым, што рэжым у Менску павінен спыніць злоўжываньне крымінальнымі працэсамі ў палітычных мэтах”.

Пасьля вывучэньня сытуацыі спадар Пургурыдэс перакананы, што ў Беларусі шмат людзей зазнаюць крымінальны перасьлед з палітычных матываў, што ў краіне надалей існуюць палітычныя вязьні.

Аднак ён разумее складанасьць сытуацыі і не спадзяецца, што рэзалюцыі ПАРЭ змогуць хутка палепшыць сытуацыю:

“Я сапраўды не спадзяюся на такія вынікі разгляду, якія б прымусілі рэжым у Беларусі зьмяніць сваю палітыку заўтра ж. Я разумею, што гэта паступовы працэс, і спадзяюся, што крок за крокам нам удасца прымусіць беларускі рэжым памяняць сваю палітыку”.


А.Херкель: трэба памяняць “антырэвалюцыйны” закон


Дэпутат Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэас Херкель (Эстонія) у інтэрвію Свабодзе заявіў, што мяркуе выступіць ад імя народнай партыі Эўропы падчас абмеркаваньня дакладу Хрыстаса Пургурыдэса.

Ён заявіў, што даклад спадара Пургурыдэса “вельмі добры і зьмяшчае адэкватныя прапановы”. Адметна тое, што беларускія ўлады адмовіліся ад супрацоўніцтва са спадаром Пургурыдэсам, калі ён рыхтаваў гэты даклад. Аднак, паводле спадара Херкеля, прызначаць дакладчыкаў будзе Рада Эўропы, і спадар Пургурыдэс змог правесьці добрую працу, нават не наведваючы краіну.

Спадар Херкель нагадаў, што калі сам рыхтаваў даклад па выніках прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, пакет “антырэвалюцыйных” законаў быў адным з асноўных пунктаў:

“Гэта вельмі добра, што Пургурыдэс меў магчымасьць распрацаваць гэтую тэматыку. Бо апошнія злоўжываньні ў гэтай сыстэме адбыліся яшчэ нядаўна. Справаздача зробленая добра. Каб мець больш дэмакратычнае заканадаўства, трэба памяняць гэты “антырэвалюцыйны” закон. А з усіх, хто быў паводле яго пакараны, гэтае пакараньне трэба зьняць”.

В.Казуліна: “Расьсьледаваць справы палітвязьняў мусяць незалежныя экспэрты”

У Страсбур накіравалася дэлегацыя прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія возьмуць удзел у паседжаньні сэсіі. Сярод іх — дачка палітвязьня Вольга Казуліна:

“Я буду прасіць, каб узялі справы, іх дасьледавалі, каб яны патрабавалі ад Лукашэнкі вызваленьня палітычных зьняволеных. Для нас гэта вельмі важна. Я спадзяюся, што гэтая прапанова пройдзе і расьсьледаваньне гэтых спраў, у тым ліку справы Казуліна, адбудзецца”.

Адносна дакладу спадара Пургурыдэса яна сказала:

“Гэта вельмі важнае пытаньне, бо Лукашэнка адмаўляецца перадаваць справы і адмаўляецца ад таго, каб іншыя суды разглядалі гэтыя справы. Ён баіцца, што ўся праўда адкрыецца. Нам неабходна, каб расьсьледавалі справы незалежныя экспэрты”.

Паводле Вольгі Казулінай, ніякага дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю пакуль быць ня можа:

“Лукашэнка разумее толькі сілу. Таму толькі эканамічныя санкцыі, толькі эканамічная і палітычная блякада можа нешта памяняць у Беларусі”.

Сябра рады Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса таксама прыбыў у Страсбур дзеля ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі няўрадавых арганізацый. Паводле яго, вельмі важна абмеркаваць беларускую праблематыку ў ПАРЭ:

“Трэба даносіць інфармацыю зь першых вуснаў, каб людзі ведалі, што адбываецца, якія пытаньні ўзьнікаюць. Напрыклад, 26 красавіка ўступае ў сілу ўказ прэзыдэнта, які пазбаўляе грамадзкія арганізацыі льготаў па арэнднай плаце. Давядзецца ў 10 разоў больш плаціць за арэнду. Гэта прывядзе да таго, што шэраг арганізацыяў зьнікне проста, страціць свой юрыдычны адрас. Заканадаўства вельмі жорсткае адносна NGO. Трэба, каб пра гэта ведала міжнародная супольнасьць, каб з боку міжнароднай супольнасьці таксама нейкі рух быў і канкрэтная дапамога. Таксама трэба размаўляць пра сытуацыю з мэдыямі”.

***

У дакладзе дакладчыка камітэту ПАРЭ па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Хрыстаса Пургурыдэса гаворыцца, што ў Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя злоўжываньні ў галіне правасудзьдзя. Спадар Пургурыдэс заклікае беларускія ўлады адмяніць артыкулы крымінальнага кодэксу, паводле якіх прадстаўнікоў апазыцыі караюць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таксама тут зьмешчаны заклік увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і ўвогуле адмяніць яго.

У дакладзе гаворыцца, што грамадзяне, асуджаныя з палітычных матываў, павінны быць прызнаныя палітзьняволенымі. Аўтар дакладу спадзяецца, што прыйдзе час, калі Беларусь будзе прынятая ў сям’ю эўрапейскіх нацый. І тады ахвяры атрымаюць кампэнсацыю, а вінаватыя ў злоўжываньнях будуць пакараныя.

Аўтар дакладу таксама выказваецца за працяг санкцый з боку Эўразьвязу і ЗША: забарону на ўезд шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў і замарожваньне іх фінансавых актываў.

Таксама выказваецца прапанова наладзіць мэханізм дапамогі ахвярам парушэньняў правоў чалавека. У тым ліку дапамагчы студэнтам, якія былі выключаныя за ўдзел у апазыцыйных дэманстрацыях.


Даклад будзе разгледжаны на сэсіі ПАРЭ ўвечары 15 красавіка. Па выніках абмеркаваньня дакладу ПАРЭ мае ўхваліць рэзалюцыю і рэкамэндацыю.

У праекце рэзалюцыі, у прыватнасьці, выказваецца "глыбокае шкадаваньне ў сувязі з палітычна матываванымі злоўжываньнямі ў сыстэме правасудзьдзя, якія ўсё яшчэ маюць месца ў Беларусі", а таксама ўтрымліваецца заклік скасаваць артыкул 1931 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

"Асамблея ўпэўненая, што Рэспубліка Беларусь з часам далучыцца да эўрапейскай сям`і нацыяў, якая выконвае правы чалавека і нормы закону, у тым ліку гарантаваўшы кампэнсацыю ахвярам і пакараўшы вінаватых ва злоўжываньнях пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя, апісаных ў дакладзе", — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.


Расея рыхтуецца да абмеркаваньня дакладу аб Беларусі


“Я спадзяюся, што мы зможам прарваць блякаду і выйсьці на рашэньне аб вяртаньні Беларусі, як мінімум, яе статусу адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы”, – заявіў у інтэрвію агенцтву РИА-Новости дэпутат Дзярждумы Расеі, сябра расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Канстанцін Касачоў.

Згадваючы пра даклад аб Беларусі, які мае быць прадстаўлены на сэсіі, расейскі прадстаўнік выказаў меркаваньне, што гэта будзе “жорстка крытычны даклад”.

Разам з тым, паводле расейскага палітыка “усё больш дэпутатаў асамблеі пачынаюць схіляцца да пазыцыі, якую заўсёды абараняла Расея”, якая “заўсёды выступала супраць ізаляцыі Беларусі”. Спадар Касачоў мяркуе, што ізаляцыя Беларусі “вядзе да кансэрваваньня праблемаў у дэмакратычным разьвіцьці, якія мае Беларусь”.


Як у Беларусі караюць па новым кодэксе

Пасьля ўнясеньня ў Крымінальны кодэкс Беларусі ў пачатку 2006-га года артыкулу аб адказнасьці за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі ён стаў самым распаўсюджаным ў дачыненьні да актывістаў маладзёвага руху.


В. Стэфановіч: “Артыкул 193-прым не сумяшчальны з судовай практыкай Эўропы”

Мы зьвярнуліся да некаторых беларускіх юрыстаў і праваабаронцаў з пытаньнем: “Калі б заўтра не Пургурыдэс, а вы выйшлі на трыбуну, пра што б вы расказалі эўрапейскім парлямэнтарам?”


“Калі б Пургурыдэсам быў я...”

Мы зьвярнуліся да юрыстаў і праваабаронцаў з пытаньнем: “Калі б заўтра не Пургурыдэс, а вы выйшлі на трыбуну, што б вы сказалі эўрадэпутатам?”


Беларускі парлямэнт не прадстаўлены ў ПАРЭ больш за 10 гадоў

У Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (ПАРЭ) уваходзяць прадстаўнікі парлямэнтаў усіх краінаў-сябраў Рады Эўропы. Склад нацыянальнай дэлегацыі вызначаецца нацыянальнымі парлямэнтамі. ПАРЭ лічыцца найстарэйшым у Эўропе органам міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва.

Беларусь з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня мела ў ПАРЭ статус “спэцыяльна запрошанага”. Але 13 студзеня 1997 году гэты статус быў замарожаны. Такое рашэньне стала рэакцыяй асамблеі на шматлікія парушэньні падчас правядзеньня ў Беларусі рэфэрэндуму 1996 году. З гэтага часу парлямэнт Беларусі на сэсіях ПАРЭ не прадстаўлены. Усе спробы афіцыйных беларускіх уладаў дамагчыся адмены гэтага рашэньня, посьпеху ня мелі.

ПАРЭ прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі. Яны выцякаюць з дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.

Чатыры гады таму дэпутат Хрыстас Пургурыдэс, які заўтра мае выступіць у Страсбуры з дакладам аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі, зарабіў справаздачу, у якой сьцьвярджаў: “У Беларусі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні былі зробленыя актыўныя крокі, каб схаваць сапраўдную падаплёку зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага”.

ПАРЭ вызначае спэцыяльнага дакладчыка Палітычнага камітэту па Беларусі. Цяпер ім з’яўляецца італьянскі парлямэнтар
Андрэа Рыгоні.