Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня -- Алена Буткоўская з пасёлка Дружны, што пад Менскам.
Грамадзкі рэдактар Алена Буткоўская прапанавала карэспандэнтам “Свабоды” падрыхтаваць тэматычную перадачу пра тое, як нараджаюцца грамадзкія ініцыятывы, пры якіх умовах яны перамагаюць і чаму дачасна затухаюць.
... – Подпісы зьбіралі ня толькі ў Дружным – далучыліся неўзабаве і суседнія вёскі, мястэчкі: Дукора, Рудзенск, Сьвіслач, Дрычын… А затым і менчукі! Кажуць, нашую сытуацыю трэба агучыць для сталічнай грамадзкай думкі. Каб людзі зразумелі небясьпеку, асабліва з улікам таго, што адбылося ў Сэрбіі”.
Уліцёнак: “А што менавіта там здарылася – давайце нагадаем слухачам Свабоды?”
Буткоўская: “З тыдзень таму на заводзе пэстыцыдаў зафіксавалі буйную аварыю. Гэта ў 43 кілямэтрах ад Белграду – адчуваеце нашае падабенства зь Менскам? У выніку ядавітая хмара часткова накрыла і вялікі горад: ёсьць памерлыя, атручаныя…
Адным словам, ня толькі мы зразумелі, што існуе мяжа, празь якую нельга пераступаць”.
Уліцёнак: “Што значыць “зразумелі”: і ўлады, і тэлебачаньне кажуць – усё тут нармальна, хвалявацца няма падставаў!”
Буткоўская: “Што тычыцца Першага беларускага каналу, дык паказанае ім – звычайны піяр расейцаў! Але няўдалы: нашыя студэнты, дасьведчаныя хімікі, эколягі зрэагавалі на тое пошукам сапраўднай інфармацыі, аналітыкі паказанага БТ, расказанага мясцовай дзяржпрэсай. Іхныя выкладкі выглядалі куды больш пераканаўча. І ня толькі для тамтэйшых. І ня проста для шарагоўцаў.
І вы не ўяўляеце, як прыгожа, лёгка цяпер працуецца! Нават калі на вуліцах нехта даволі агрэсіўна рэагуе на нас, ім з усьмешкай: “Ня хочаце падпісвацца? Маеце права, даруйце, калі ласка!” Мы нікога насамрэч не агітуем і нікога нічым не пужаем.
А вынік? Скажам, учора падыходзяць маладыя людзі: Божа, якую б яшчэ зрабіць акцыю, каб нас зразумелі правільна!”
Уліцёнак: “А чаму яны баяцца “няправільнага” разуменьня?”
Буткоўская: “Баяцца ўсё ж адыёзнай прапаганды: можна інфармацыю падагнаць так, што яна будзе нібы той ружовы зайчык, пасыпаны цукрам!”
Уліцёнак: “Аналізуючы ваш жа сайт, бачыш водгукі, якія дасылаюць людзі зь іншых мясцовасьцяў – што іх прымушае салідарызавацца з вамі? Чалавечая спагада або тут парасткі ўжо грамадзянскасьці?”
Буткоўская: “Тут менавіта адказнасьць за зямлю, на якой мы разам жывем. У кожным нашым звароце, падчас кожнай сустрэчы, дыскусіі прысутнічае відавочна натуральны матыў адказнасьці за краіну. Хутчэй за ўсё менавіта гэта й абуджае чалавечую годнасьць. Больш чым у 20 населеных пунктах Беларусі выказалі жаданьне ладзіць пікеты ў нашу падтрымку. Гэта ўжо неверагодна цудоўна!”
Уліцёнак: “Падсумуем: “неверагодная цудоўнасьць” заключаецца ў калектыўным разуменьні патэнцыйнай бяды, у тым, што вас зразумела грамада, народ, краіна?”
Буткоўская: “Так. Апошні прыклад. Падыходжу за подпісам да бабулі і чую: “Дзетачка, я сама з Расеі, і можа вы мяне за тое ня любіце, аднак жа таму ня маю права падпісацца. Але дай Божа, каб той расейскі завод у вас не зьявіўся…
Чым гэта не наднацыянальнае – яшчэ вышэй, глыбей: спагада, сардэчнасьць, проста чалавечая салідарнасьць ад разуменьня праблемы”.
***
... – Вось паглядзіце: мы ў Дружным ды навакольных мястэчках зь вёскамі сабралі некалькі тысячаў прыхільнікаў, пра нас ведае фактычна ўся краіна, мы маем моцную маральную і юрыдычную падтрымку ад зусім незнаёмых людзей. І ў той жа самы час на Магілёўшчыне і Віцебшчыне ініцыятары супраціву будаўніцтву атамнай станцыі ня могуць абудзіць людзей, хоць сытуацыя там куды больш небясьпечная, чым у нас. Або адкажыце мне: чаму рэакцыя на беларускую АЭС у сто разоў меншая, чым на выпадак з так званым “жывым шчытом”? Патлумачце, чаму магілёўскія донары перамаглі, сёе-тое адстаялі, а ў іншых гарадах донары нічога не дабіліся? Мне падаецца, гэта ўсё вельмі актуальна.
Алена Буткоўская зьвярнулася і да слухачоў “Свабоды”, наведнікаў сайту нашага радыё:
– Спадарства, дапамажыце журналістам сваімі развагамі на гэтую тэму, падкажыце ім для рэпартажаў адрасы цікавых людзей, незвычайныя калізіі, факты. Давайце паразважаем пра грамадзкія ініцыятывы грамадой! Тэма таго вартая.
***
Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня Алена Буткоўская з пасёлка Дружны, што пад Менскам. Спадарыня Буткоўская паводле разьмеркаваньня працавала ў у горадзе чарнобыльцаў Прыпяці. У пухавіцкі пасёлак Дружны пераехала 22 гады таму, пасьля аварыі на ЧАЭС. Алена Буткоўская – адзін з актыўных стваральнікаў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзаводу пад Дружным. Cёньня спадарыня Буткоўская расказвае журналісту Аляксандру Уліцёнку пра тое, як складваюцца іхнія ўзаемаадносіны з вэртыкальлю.
Уліцёнак: “Зьявілася інфармацыя: абгрунтаваньне пра будаўніцтва заводу не выклікае ў спэцыялістаў сумненьняў!”
Буткоўская: “А хто гэта сказаў?”
Уліцёнак: “Намесьніца міністра аховы здароўя”.
Буткоўская: “Калі мы былі ў яе, дык яна выказалася вельмі “цікава”: па санітарных нормам у яе няма аніякіх заўвагаў, а што тычыцца экалёгіі – тут не яе кампэтэнцыя”.
Уліцёнак: “А як ставіцца грамадзкасьць да пазыцыі мінздраву?”
Буткоўская: “На нашых сходах ўсе людзі вельмі крытычна паставіліся”.
Уліцёнак: “Я маю на ўвазе спэцыялістаў”.
Буткоўская: “Акадэмія навук за подпісам свайго кіраўніка спадара Мясьніковіча і яшчэ 14 акадэмікаў адмовіла ў будаўніцтве заводу”.
Уліцёнак: “Але ж па тэлебачаньні паказвалі сюжэт пра вас і зноў жа адзін з намесьнікаў Мясьніковіча выказваўся з дакладнасьцю да наадварот!”
Буткоўская: “Ягонае прозьвішча – Лесьніковіч. Пасьля таго выступу з Акадэміі навук нам паведамілі: ён ня меў права на такія выказваньні. Тут ужо ідзе такі брудны працэс. Вы разумееце…”
Уліцёнак: “А хто з высокіх чыноўнікаў правільна зразумеў вас і як дзяржаўная асоба, і як чалавек?”
Буткоўская: “Напрыклад, міністар МНС спадар Барыеў. Ён вельмі ўважліва выслухаў усю аргумэнтацыю і сказаў, што ў нас вельмі добрая грамадзянская пазыцыя”.
Уліцёнак: “І як да яе, правільнай, ставяцца куды меншыя – мясцовыя чыноўнікі, якім гэтая праблема таксама мусіць балець?”
Буткоўская: “Гм, чалавек адзін зь мясцовай рады сказаў, напрыклад, мне, што ён ня мае права падпісацца пад нашымі патрабаваньнямі…”
Уліцёнак: “Дэпутат? Прозьвішча можаце назваць”
Буткоўская: “Ня варта. Можа чалавек яшчэ адумаецца. Шмат выпадкаў, калі жонка, напрыклад, мае нейкую пасаду, а муж зь дзецьмі шарагоўцы. Дык яна ігнаруе нас, а яны – падпісваюцца!”
Уліцёнак: “То бок зьверху ціск ідзе, і найперш адбіваецца на тых, хто ў вэртыкалі ці яе?”
Буткоўская: “Слушна. Прадстаўнікі ідэалягічнай службы езьдзілі і праз пагрозы спрабавалі людзям заткнуць рот. У прыватнасьці палохалі пэрспэктывай згубіць працу”.
Уліцёнак: “Ці правільна я зразумеў: усё ж большасьць службоўцаў падпарадкоўваюцца загаду, але фактычна яны на вашым баку, таму і дазваляюць сваякам падпісвацца пад патрабаваньнем спыніць будаўніцтва?”
Буткоўская: “Мяркую, што так. Ва ўсялякім выпадку вусны кажуць адно, а вочы – зусім іншае. Яны нам жадаюць у душы посьпеху – мацней асабістая думка, чымсьці начальніцкі загад”.
Уліцёнак: “Атрымліваецца, вы перавыхоўваеце іх сваімі паводзінамі?”
Буткоўская: “Па ўсім бачна, што уплываем на іх моцна. Бачу: некаторым нават сорамна, што яны так неадказна аднесьліся да вырашэньня праблемы хімзаводу, і ў выніку мы, шарагоўцы, мусім спрабаваць выправіць сытуацыю. Бо разабраліся ў ёй куды глыбей”.
*****
Cёньня спадарыня Буткоўская расказвае пра тое, чаму тамтэйшыя пачалі пратэставаць супраць рашэньня ўраду, хоць ім абяцалі новыя працоўныя месцы і добрыя заробкі.
Уліцёнак: “Ваш пасёлак называецца Дружны. Але насамрэч, чуў, асаблівага паразуменьня там не было гадамі…”
Буткоўская: “Сапраўды. Ні пра якую дружбу раней казаць не даводзілася – у лепшым выпадку кожны быў сам па сабе”
Уліцёнак: “І што зламала сытуацыю?”
Буткоўская: “Будаўніцтва заводу ядахімікатаў”.
Уліцёнак: “Небясьпека або адказнасьць?”
Буткоўская: “Небясьпека прабудзіла людзей: яны зразумелі, што лёс будучыні залежыць ужо ад адказнасьці менавіта кожнага. Таму яны пачалі падыходзіць, пытацца, прапаноўваць нейкую дапамогу. Гэткі паварот у бок грамадзянскасьці стаўся неверагодным нават для мяне, ня кажучы ўжо пра ўлады – тыя ў шоку ад псыхалягічных пераменаў у настроі шарагоўцаў.
Здарылася так, што адстойваючы свае правы, людзі адчулі адказнасьць за ўсю краіну!
Правільна сказана ў Міжнароднай канвэнцыі: толькі мясцовыя жыхары, якім жыць у гэтым рэгіёне, лепш і больш за ўсіх разумеюць сытуацыю”.
Уліцёнак: “Вы спэцыяльна езьдзілі ў Менск, каб вывучыць публікацыі, літаратуру, заканадаўства?”
Буткоўская: “Ды Божа літасьцівы: ня толькі ў сталіцах жывуць разумныя – іх хапае і ў нас у пасёлку, тут таксама ёсьць інтэрнэт – сьвет побач з намі, важна толькі пачаць цікавіцца ім і сабой! Вось хлопцы зь дзяўчаткамі і павывучалі ўсё, улучна з адпаведным міжнародным досьведам”.
Уліцёнак: “Колькі зараз людзей у вашым руху?”
Буткоўская: “Цяжка нават сказаць, вельмі шмат – адныя прыходзяць, іншыя сыходзяць… Заўсёды ёсьць неабыякавыя”.
Уліцёнак: “Чаму моладзь не зацікавіла пэрспэктыва атрыманьня магчымасьці добрага працаўладкаваньня ў родным пасёлку?”
Буткоўская: “Туды памкнуліліся якраз немаладыя людзі. Усяго з нашага рэгіёну запісалася 40 чалавек на завод. А маладзейшых тымі заробкамі не купілі – яны зразумелі сапраўдную, небясьпечную цану гэтага праекту, адчулі ману, што стаіць за абяцанкамі-цацанкамі”.
Уліцёнак: “Абяцаюць вялікія грошы?”
Буткоўская: “800 а мо каму й 1000 даляраў”.
Уліцёнак: “Па вялікім рахунку – грошы немалыя. Чаму ўсё ж яны не зацікавілі вашых сяброў?”
Буткоўская: “Яшчэ раз паўтаруся: справа ня ў нейкіх там злокарысьлівай купцы зачыншчыкаў, як кажуць у афіцыйных пратаколах чыноўнікі. Проста добрыя ў нас людзі – разумныя, цудоўныя… Вось таму і так сур’ёзна ўспрымаюць усю сытуацыю. Яна нас усіх разьвівае, прымушае сталець. Многія кажуць: важна зараз не спыняцца. Не зацыклівацца на адным – давайце, напрыклад, зоймемся добраўпарадкаваньнем тэрыторыі, прыбярэм тое ж самае возера…
Я адчула: дзякуючы гэтаму эпізоду змаганьня супраць заводу людзі фактычна прачнуліся! Яны адчулі адказнасьць за свой край – вось у чым рэч! Наагул, лічу падарункам лёсу, што я апынулася ў гэтым руху”.
***
Алена Буткоўская была сярод актыўных стваральнікаў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзаводу пад Дружным.
Аляксандар Уліцёнак: “Спадарыня Алена, вы любіце чытаць?”
Алена Буткоўская: “Вельмі. Хоць і крыху дрэнна бачу…”
Уліцёнак: “Хто ў вас любімы аўтар?”
Буткоўская: “Караткевіч. Ён чамусьці мне вельмі блізкі чалавек. Вельмі люблю таксама паэзію. І беларускую, і ўкраінскую, і расейскую – у арыгіналах”.
Уліцёнак: “Пры тым вы сталы карыстальнік беларускай мовы – гэта прынцыповая для вас пазыцыя?”
Буткоўская: “Тое мова майго сэрца. Нават жывучы ва Ўкраіне нейкія вершы ў мяне, маладой яшчэ тады дзяўчыны, пісаліся на розных мовах, аднак лепш атрымлівалася па-беларуску. І я зразумела: вось маё”.
Уліцёнак: “Зараз пішаце хоць для душы?”
Буткоўская: “Не. Зразумела – больш дасканала, чым пісалі іншыя, хто мне падабаецца, ня здолею… Ну а для душы – музыка, сьпевы, у прыватнасьці”.
Уліцёнак: “Народныя песьні ці нешта іншае?”
Буткоўская: “Розныя. Напрыклад, лёгкі рок: Макарэвіч, група “Воскресение”…
Уліцёнак: “Ну а беларускія славутыя рок-гурты?”
Буткоўская: “Слухаю. І ёсьць у мяне неабходная патрыятычнасьць адносна беларускіх групаў, аднак… Разумееце, крыху не магу зразумець больш цяжкую музыку – не адчуваю яе сэрцам”.
Уліцёнак: “А якая вашая любімая мэлёдыя?”
Буткоўская: “Напрыклад, зачароўвае “Авэ Марыя”. Вельмі люблю Брамса. Пяты танец дае крылы. Сьпяваю сама па сабе часта. У лесе… Вось такая я”.
Уліцёнак: “Што вы найперш цэніце ў асобе?”
Буткоўская: “Пэўна, чалавечнасьць з высокай літары. То бок успрыманьне жыцьця праз высокую, стваральную радасьць. Важна ўсё рабіць менавіта з радасьцю. За гэтым стаіць незламанасьць. Разумееце?”
Уліцёнак: “Разумею. Вось пра незламанасьць: у вас былі вялікія паразы?”
Буткоўская: “Ніколі ня крыўдзілася на сытуацыю. Пераступала й ішла далей”.
Уліцёнак: “Ну а радасьць, шчасьце?”
Буткоўская: “Мой сын, напрыклад. Моцная асоба, лінгвіст. Мы часта гутарым, спрачаемся і пра музыку, і пра сьветаўспрыманьне… Дарэчы, я наагул у пэўным разуменьні касмапаліт – атаясамліваю сябе з усім сусьветам”.
Уліцёнак: “А палітыкай цікавіцеся?”
Буткоўская: “Мы жывем у рэальным сьвеце, дзе ёсьць палітыка экалягічная, палітыка аховы здароўя, палітыка аховы асяродзьдзя навакольнага – у жыцьці ўсё палітыка, што ні вазьмі”.
Уліцёнак: “А ці ёсьць у вас хобі, спадарыня Алена?”
Буткоўская: “Вельмі захапляюся назіраньнямі за расьлінамі й за іх зьбіраньнем. Сама рыхтую лекавыя зборы, розныя варэньні, сыропы, настоі. Мае ўсе знаёмыя зьвяртаюцца за парадамі. Заўсёды іх частую і рада, калі гэта дапамагае”.
Уліцёнак: “Скажыце, калі ласка, вы верніца?”
Буткоўская: “Я не хаджу ў ніводную царкву – гляджу на сьвет надканфэсійна. Бо ёсьць законы, пісаныя людзьмі, і ёсьць законы, пісаныя Богам. Якія непахісныя. І кожны з нас адказвае за свае думкі і ўчынкі. Я вельмі моцна разумею: нейкая сіла ёсьць, якая ня тое што нас вядзе – яна ўплывае на нас. Але ўсё роўна – выбар за намі”.
Cёньня спадарыня Буткоўская расказвае пра тое, як ім дапамагаюць электронныя мэдыі, ацалелыя дэмакратычныя СМІ.
Буткоўская: “Калі мы пачалі вывешваць нашу інфармацыю ў інтэрнэт, людзі адразу пачалі выказвацца, што прыцягвала дадатковую ўвагу да ініцыятывы”.
Уліцёнак: “А хто аўтар ідэі пра ўласную старонку?”
Буткоўская: “У нас у пасёлку вельмі шырокі ўзроставы дыяпазон карыстальнікаў. Аднак менавіта студэнты й тыя, хто нядаўна закончылі вну, прапанавалі выйсьці ў Сеціва: маўляў, падобную важную інфармацыю нельга трымаць толькі ў Дружным – яна мусіць стаць здабыткам шырокага кола людзей, што найперш магчыма зараз толькі празь інтэрнэт. Так сайт і зьявіўся. Зарэгістравала яго вельмі мабільная, цудоўная дзяўчына – Настасься Рысевец”.
Уліцёнак: “Вас больш цікавяць на ім водгукі звычайных наведнікаў ці спэцыялістаў? Ці важна іншае – абы адчуваць грамадзкую падтрымку?”
Буткоўская: “Мы заўсёды сочым па сайту, ці не зьмянілася думка людзей, калі так – у які бок? Спрабуем весьці дыялёг з наведнікамі, напрыклад, пытаемся, ці ня могуць яны падзяліцца нейкай інфармацыяй, што прама ці ўскосна мае адносіны да нашага змаганьня… Ня тое, каб правакавалі, а па-добраму пытаемся, са шчырым зацікаўленьнем”.
Уліцёнак: “Вы знаёмыя зь інтэрнэтам праз свайго сына, маладога адукаванага чалавека. У яго, зразумела, свае прыярытэты. Ну а ў вас? Перадусім выкажу здагадку: гэта менавіта ваш сайт – пасёлку Дружны: eco-druzhnyi.info… Ну а акрамя яго?”
Буткоўская: “Пэўна, пакуль устрымаюся ад ацэнак – баюся пакрыўдзіць”.
Уліцёнак: “Ну а якой прэсе вы аддаяце перавагу?”
Буткоўская: “Хто бывае ў Менску, прывозяць “Нашу ніву”, “Народную волю”…
Уліцёнак: “Ну а вы асабіста?”
Буткоўская: “Мне даспадобы культурна-патрыятычныя выданьні: “Наша ніва” цікавая газэта, вельмі добрая “Свободные новости-плюс”.
Уліцёнак: “А што тычыцца інтэрнэту, чым вы сілкуецеся?”
Буткоўская: “Цешыць, што тыя, хто празь Сеціва цікавяцца нашым супрацьстаяньнем, пачынаюць спрабаваць ўплываць на чынавенства, навукоўцаў, каб тыя мянялі сваё стаўленьне да плянаваньня будучыні краіны. Гэта вельмі сілкуе і прываблівае”.
Уліцёнак: “Колькі сталых адмыслоўцаў-саюзьнікаў падараваў вам Інтэрнэт?”
Буткоўская: “Ня менш за дваццаць чалавек сур’ёзна абмяркоўваюць праблему Дружнага, кваліфікавана кансультуюць нас па розных пытаньнях. З улікам жа ўсіх тых, хто выказвае падтрымку праз нэт, хто рэальна працуе зь ініцыятыўнай групай, то гэта… Г