Ю.Беленькі: “Пераварот адбыўся ў гэтую ноч...”

Ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, безумоўна, увойдзе ў гісторыю Беларусі. Тады дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад Апазыцыі БНФ абвясьцілі галадоўку пратэсту супраць дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі.

Яны засталіся на ноч у Авальнай залі Дому Ураду, дзе праходзілі парлямэнцкія паседжаньні. Тут яны былі жорстка зьбітыя. Зь некаторымі ўдзельнікамі тых падзеяў сёньня размаўляў наш карэспандэнт.

Падставай для пратэсту стала ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум. Яна мела антыканстытуцыйны характар: тагачаснае заканадаўства забараняла выносіць на рэфэрэндум пытаньні, якія закраналі нацыянальныя каштоўнасьці. А прапаноўвалася менавіта гэта – скасаваньне беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і скасаваньне бел-чырвона-белага сьцяга і гербу “Пагоня” як дзяржаўных сымбаляў.

“Да дня галасаваньня – 11 красавіка, усе традыцыйныя, клясычныя парлямэнцкія мэтады былі намі вычарпаныя”, – згадвае дэпутат Юрась Беленькі:

“Сёньня, з пазыцыі прамінулых гадоў, наша пазыцыя не зьмянілася. Я гляджу ня толькі, як мы адчувалі і адчуваем, але і на тое, што пішуць мэдыі, што кажуць людзі за гэтыя гады антыбеларускай улады. Ну, сапраўды, гэта было адзінае магчымае рашэньне.

Калі б мы ціха праглынулі гэта, дык сьвет бы не пабачыў, што прыйшла дыктатура. Сьвет бы не пабачыў, што прыйшла ўлада, якая здольная на любыя антызаконныя дзеяньні, у тым ліку і на ўвядзеньне войска і разгон парлямэнту”.

Юрась Беленькі перакананы, што адлік панаваньня дыктатуры ў Беларусі трэба весьці з той ночы:

“Пераварот быў зьдзейсьнены тады. У гэтую ноч. А ня потым, як пішуць некаторыя сёньняшнія апазыцыянэры, якія ўваходзілі ў сыстэму ўлады Лукашэнкі. Яны пішуць, што пераварот адбыўся ў лістападзе 1996 году.

Не, пераварот адбыўся тады, калі выканаўчая ўлада брутальна (з войскамі, са зьбіцьцём дэпутатаў) разагнала і фактычна зьнішчыла вышэйшы заканадаўчы орган улады”.

Валянцін Голубеў таксама пацярпеў у тую ноч. Сёньня ён сказаў “Свабодзе”, як цяпер глядзіць на тыя падзеі:

“На сёньняшні дзень я займаюся гісторыяй і паліталёгіяй. І бяз гэтага нельга абыйсьціся ў маёй працы.

І яшчэ, як адзін з аўтараў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, я цудоўна разумею, што зьбіцьцё дэпутатаў у Авальнай залі павярнула канстытуцыйны працэс у Беларусі, наагул разьвіцьцё краіны па-другому. Каб гэтага не адбылося, каб праблема з рэфэрэндумам вырашылася цывілізавана, у рамках закона, я думаю. Усе гэтыя гады мы разьвіваліся б трохі па-іншаму”.

Сяргей Папкоў гаворыць, што яму цяжка ўспамінаць тыя падзеі. Але калі б давялося прайсьці праз гэтае выпрабаваньне яшчэ раз, ён бы зрабіў гэтак сама, як у 1995 годзе:

“Было правільнае рашэньне. І сёньня зрабіў бы тое самае”.