Навіны пра беларускіх палітвязьняў.
Пад пагрозай зрыву аказалася доўгатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна з дочкамі Вольгай і Юляй, якое раней плянавалася на 26 красавіка.
Падчас апошняга наведваньня Аляксандра Казуліна адвакатам Зьмітром Гарачкам стала вядома, што адміністрацыя не дае дазволу на спатканьне ў гэты дзень. Міліцыянты тлумачаць адмову тым, што нібыта 26-га красавіка ня будзе вольнага памяшканьня для сустрэчы вязьня з дочкамі. Старэйшая дачка палітыка Вольга гэтак камэнтуе сытуацыю.
“У калёніі пра ўсё добра вядома. Людзі ведаюць, што тых, хто не зьбіраўся праводзіць спатканьне 26-га, прымушаюць скарыстацца менавіта гэтым днём, каб была прычына адмовіць бацьку, што нібыта няма вольнага памяшканьня”.
Паводле Вольгі Казулінай, гэта нібыта робіцца на загад зьверху пра максымальную ізаляцыю экс-кандыдата на прэзыдэнта ад кантактаў.
Пра фармальныя прычыны адмовы ў спатканьні дачка Аляксандра Казуліна запыталася ў лісьце да начальніка калёніі Віцьба-3 Віталя Агнісьцікава. Вольга нагадала, што апошняе доўгатэрміновае спатканьне са сваякамі ў яе таты было летась у лістападзе. Тады Аляксандр Казулін ў апошні раз бачыўся са сваёй жонкай Ірынай, якая памерла сёлета ў лютым.
Нагадаю, экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна ўжо два гады трымаюць ў віцебскай калёніі. Палітык пакараны на 5 гадоў зьняволеньня паводле суду за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў на Дзень Волі 25-га сакавіка 2006-га году.
У Кіма і Парсюкевіча праблемы са здароўем
Маці актывіста Андрэя Кіма Тацяна Кім паведаміла пра апошні ліст, атрыманы ад сына зь Менскага сьледчага ізалятару. “Зноў спрабуе мяне супакоіць і падтрымаць. А пра сябе напісаў, што ў яго пагоршыўся зрок”, – кажа Тацяна Кім.
“У яго вока запалілася, упаў зрок. Перадавала яму каплі. Кажа, што гэта хутчэй за ўсё ад дыму, бо там ў камэры увесь час паляць. Але зараз быццам бы стала лепей”.
На будучым тыдні, 16-га красавіка, ў Цэнтральным судзе Менска пачнецца працэс над дзесяцьцю актывістамі, абвінавачанымі ў вулічных беспарадках падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. У гэтай справе фігуруе і Андрэй Кім, якога таксама будуць судзіць і паводле абвінавачаньня ў стварэньні пагрозы жыцьцю міліцыянтам. Адвакат Андрэя Кіма Тамара Сідарэнка патлумачыла, як будзе праходзіць працэс: на лаве падсудных будуць сядзець дзевяць чалавек, а ў жалезнай клетцы – яшчэ адзін абвінавачаны – Андрэй Кім. Актывісту пагражае некалькі гадоў зьняволеньня.
Дзень, калі пачнецца суд над Сяргеем Парсюкевічам, яшчэ не прызначаны, паведаміла адвакат прадпрымальніка Вера Страмкоўская. Нагадаю, судзіць актывіста ў Маскоўскім раённым судзе Менска будзе судзьдзя Ўладзімер Аўдзеенка. Днямі спадар Аўдзеенка падпісаў пастанову аб падаўжэньні да 30-га красавіка меры стрыманьня для Сяргея Парсюкевіча ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Сяргей Парсюкевіч абскардзіў гэтую пастанову, паведаміла адвакат Вера Страмкоўская.
“Ён скардзіўся таму, што ў яго ў турме пагоршылася здароўе. Ён ня можа нармальна дыхаць, у яго абвастрылася астма, яму патрэбны адмысловыя лекі”.
Сяргею Парсюкевічу пагражае да 6 гадоў турмы, яго падазраюць у зьбіцьці міліцыянта. Прадпрымальнік сваёй віны не прызнае і заяўляе, што насамрэч гэта яго зьбілі ў міліцыі.