Смаргонь: зьнесьлі крыж у гонар антыкамуніста

Крыж у гонар Расьціслава Лапіцкага быў усталяваны ў мінулыя выходныя на беразе ракі Оксна.

Побач з крыжом ляжаў валун, на якім яшчэ раней быў зроблены памятны надпіс з гадамі жыцьця Расьціслава Лапіцкага – стваральніка антыбальшавіцкай арганізацыі ў Смаргоні ў пасьляваеньны час.

Са слоў аднаго з смаргонскіх актывістаў, валун вывозілі з дапамогаю крана. Крыж не забралі, а чамусьці пакінулі ляжаць на тым месцы, дзе ён быў усталяваны.

На гэтым тыдні мясцовы БРСМ ладзіў легкаатлетычныя спаборы на беразе ракі Оксны, і шмат хто мог бачыць усталяваны крыж і надпісы на камяні. Учора ж камень бясьсьледна зьнік, а сёньня быў павалены крыж.

Расьціслаў Лапіцкі быў вядомы сваімі антыбальшавіцкімі поглядамі. Яшчэ ў школе ён адмовіўся пісаць сачыненьне пра фадзееўскіх “моладагвардзейцаў”, абвясьціўшы, што ў іх ёсьць свая “Маладая гвардыя”, якая змагаецца за Беларусь. У Смаргоні ён стварыў антыбальшавіцкую арганізацыю, за што ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў 1950 годзе быў асуджаны да расстрэлу.