10 красавіка прэм’ер міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даклаў Аляксандру Лукашэнку аб выніках працы беларускай эканомікі за першыя тры месяцы году. Паводле Сідорскага, валавы ўнутраны прадукт (ВУП) вырас на 10,5% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам. Як можна ацаніць гэтыя вынікі? Якое найбольш праблемнае месца ў беларускай эканоміцы? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў
Цыганкоў: “10,5 працэнтаў росту ВУП, інвэстыцыі ў асноўны капітал — 20%, і гэтак далей. Ці не здаецца вам, што гэта выдатныя вынікі?”
Злотнікаў: “Па-першае, вельмі спрыяльныя зьнешнія чыньнікі. Гэта найперш пастаўкі нафты. У першым квартале мінулага году яны былі значна ніжэй чым заўсёды. А ў першыя месяцы гэтага году яны павялічыліся на 178 працэнтаў. Адпаведна продаж беларускіх нафтапрадуктаў за мяжу павялічыўся – пры тым, што цэны на нафтапрадукты на сусьветных рынках моцна ўзрасьлі.
Ну і па-другое, я ня давяраю нашай статыстыцы. Бо ў мяне была спрэчка на старонках газэты “Белорусы и рынок” з Міністэрствам статыстыкі, і яны мяне не пераканалі. Мая выснова была такая – амаль у паўтары-два разы ў нас заніжалася інфляцыя. Калі інфляцыя і зараз заніжаецца, то, адпаведна, усе вартасныя паказьнікі завышаныя”.
Цыганкоў: “Вы кажаце пра важнасьць зьнешняга чыньніку. Наколькі спрыяльныя зьнешнія абставіны зараз уплываюць на разьвіцьцё беларускай эканомікі?”
Злотнікаў: “Зьнешні чыньнік выглядае такім чынам – дапамога Расеі ў розных формах складае каля 5 мільярдаў даляраў у год і яна захоўваецца. І гэта складае дзесьці каля 10-12 працэнтаў ВУП штогод. Гэта вельмі значны чыньнік, які падтрымлівае беларускую эканоміку”.
Цыганкоў: “Што цяпер найбольш трывожнае, на вашую думку, у беларускай эканоміцы?”
Злотнікаў: “Самае трывожнае – гэта хуткі рост замежных запазычанасьцяў. Калі ня будуць расьці тэмпы альбо зьнешніх даўгоў, альбо выручкі да прыватызацыі беларускіх актываў, то становішча моцна пагоршыцца.
Прывяду адзін красамоўны прыклад. Павялічылася колькасьць неплацежаздольных прадпрыемстваў. Калі на пачатак мінулага году іх было 49 працэнтаў, то зараз іх каля 60 працэнтаў. З аднаго боку – такі вялікі рост рэалізацыі і валавой прадукцыі, а зь іншага – рост колькасьці неплацежаздольных прадпрыемстваў (гэта тыя, якія адтэрмінавалі выплату сваіх даўгоў на тры месяцы і больш). Што ж гэта атрымліваецца ў прамысловасьці, калі якасныя лічбы ўніз, а колькасныя ўверх?”