У аўторак ўвечары жыхары мікрараёна “Ватуціна” ў Барысаве выйшлі на стыхійны вулічны сход. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў.
Гарбачоў: “Прыкладна 150 чалавек сабраліся на пляцоўцы непадалёку ад шматкватэрнага дому, у якім пражывае дэпутат Нацыянальнага Сходу палкоўнік Віктар Гумінскі. Людзі выказвалі абурэньне, што так званы народны абраньнік не пярэчыць варварству, закрывае вочы на распачатую высечку хвойнага бору ў мікрараёне “Ватуціна”.
Са словаў суразмоўцы, на сёньня сьпілавана ужо шмат дрэў. Тутэйшыя жыхары пераконваюць, што ўвачавідкі вызваляецца пляцоўка для будаўніцтва нейкага камэрцыйнага аб’екта.
Паводле Віктара Гарбачова, сход у Барысаве сёньня вырашыў арганізаваць збор подпісаў сярод грамадзянаў пад зваротам да мясцовай улады спыніць высечку дрэў.
“У адносінах беспрынцыповай пазыцыі дэпутата Гумінскага адпаведны запыт будзе накіраваны ў парлямэнт”, – сказаў Віктар Гарбачоў.
Ён таксама ўдакладніў, што за хадой грамадзкай акцыі назіралі міліцыянты і супрацоўнікі КДБ.
На фота: сход у Барысаве сярод высечаных хвояў; збор подпісаў пад зваротам да ўладаў;
Фота Міхаіла Васільева