Гарадзенскія гарадзкія ўлады 10-11 красавіка праводзяць навуковую канфэрэнцыю “Горадня і гарадзенцы: дзевяць стагодзьдзяў гісторыі”. Яна прымеркаваная да 880-х угодкаў гораду, што будуць адзначацца ў чэрвені. Сярод арганізатараў таксама — Акадэмія навук і Гарадзенскі унівэрсытэт.
Стала вядома, што ўдзельнічаць у мерапрыемстве адмоўлена двум дактарам гістарычных навук. Гэта — Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч, абодва даўно жывуць у Горадні і займаюцца яе гісторыяй. Салідарнасьць зь імі выказалі яшчэ каля паўтара дзясятка навукоўцаў. Сёньня спадары Смалянчук і Краўцэвіч сабралі журналістаў, каб паведаміць ім пра здарэньне і сваю пазыцыю.
Салідарнасьць са Смаленчуком і Краўцэвічам выказаў іхні калега кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч:
“Шкада, што ў сёньняшняй сытуацыі атрымалася так, што людзям, якія шмат зрабілі у вывучэньні гісторыі Горадні, адмовілі ў магчымасьці прыняць удзел. Улічваючы, што асабіста я ня бачу магчымасьці прымаць удзел у гэтай канфэрэнцыі я вымушаны адмовіцца. Акрамя такую пазыцыю занялі цэлы шэраг гарадзенскіх, менскіх, гомельскіх гісторыкаў. Сярод іх вядомыя ўсім нам прозьвішчы Сагановіча, Кіштымава, Сабалеўскай, Соркінай, Масько, Трафімчык, Карнелюк, Токць, Гардзееў”.
Сваю пазыцыю выклаў Алесь Смалянчук:
“Я хачу сказаць, што гэта ўсё ж права арганізатараў — каго выбіраць з тых, хто выказвае сваё жаданьне. І вельмі прыкра, што мы з Алесем Краўцэвічам спачатку трапілі ў першы варыянт праграмы і як я зразумеў зь сёньняшняй размовы з загадчыкам катэдры гісторыі Беларусі, адным з сустаршыняў аргкамітэту Іванам Крэнем нас выкінулі пад ціскам аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму. Узгадваюцца савецкія часы брэжнеўскага хіба пэрыяду, калі не гісторыкі вызначаюць, каму і што гаварыць, а вызначаюць — у той час камуністычныя чыноўнікі, а сёньня чыноўнікі сучаснага палітычнага рэжыму. Гэта прыкра і я так адчуваю, што гістфак гарадзенскага унівэрсытэту, які мае пэўныя навуковыя традыцыі, усё больш ператвараецца ў нейкі дапаможны аддзел гарвыканкаму, таксама займаецца больш ідэалёгіяй, чым навукай. Гэтага нельга дапускаць, трэба пратэставаць і я вельмі ўдзячны калегам, якія выказалі салідарнасьць. Наша краіна такая, дзе салідарнасьць ня вельмі часта адчуваеш. А тут людзі знайшлі мужнасьць і сьмеласьць далучыцца да такога пратэсту”.
Краўцэвіч: “Алесь Смалянчук зьяўляецца рэдактарам бюлетэню па гісторыі Горадні — “Горад Сьвятога Губэрта”, у мяне ёсьць пара кніжак па гісторыі Горадні, я праводзіў архэалягічныя раскопкі на тэрыторыі гораду. Несумненна здарэньне зьвязана з нашым удзелам у абароне гістарычнай Горадні. У прыватнасьці, мы падпісвалі заяву да генэральнага пракурора РБ пра варварскія разбурэньні культурнага слою ў цэнтры гораду, і была рэакцыя на гэта, было прадпісаньне зь міністэрства культуры. Гэта зьвязана з нашай грамадзкай пазыцыяй, што мы адстойваем суб’ектную гісторыю Беларусі, якая не згаджаецца з тым падабенствам афіцыйнай ідэалёгіі”.
Гісторыкі адзначылі, што ўлады сёлета пачынаюць новы наступ на гістарычную забудову Горадні, яны самі вырашаюць — што зруйнаваць, а што пакінуць. Улады не зважаюць пры гэтым на пазыцыю навукоўцаў і грамадзкасьці.