Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў паведаміў, што Яўген Шыгалаў, які ўзначальвае раду дырэктараў гандлёвага дому “Ждановічы", быў арыштаваны паводле падазрэньня ў “захопе зямлі”. Разам з Я. Шыгалавым быў затрыманы ягоны намесьнік і дзяржаўны чыноўнік, які “дапамог авалодаць зямлёй”. Прозьвішчы гэтых людзей ў МУС не паведамляюць.
Паводле рэйтынгу незалежных экспэртаў, Яўген Шыгалаў займаў 8-ае месца ў дзесятцы самых пасьпяховых і ўдалых бізнэсоўцаў краіны і першае сярод тых, хто зарабляе грошы на здачы ў арэнду гандлёвых плошчаў. Яшчэ з двума кампаньёнамі ён валодае гандлёвым домам “Ждановічы”, у які ўваходзяць рэчавы і аўтамабільны аднайменныя рынкі, харчовы цэнтар, гандлёвы комплекс “Grad”, мясакамбінат “Тарасава”, рэстаран “Арыён” ды іншыя аб’екты.
Яўген Шыгалаў вядомы і сваёй актыўнасьцю ў грамадзкім жыцьці. Ён уваходзіць ў ініцыятыўную групу па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”, якое спрабуе аб’яднаць прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Гандлёвы дом Ждановічы – адзін з самых буйных у Беларусі. Ён працуе ад 1993 году на ўскрайку Менску. Тут месьціцца 13 гандлёвых комплексаў.