Да яго на кватэру прыехалі супрацоўнік райаддзелу міліцыі і чалавек у цывільным. Яны паказалі пастанову намесьніка начальніка райаддзелу міліцыі Семака наконт прымусовага прыводу Аляксандра Процкі ў Навабеліцкі райаддзел, які знаходзіцца на супрацьлеглым канцы горада.
У пастарунку спадар Сямак пазнаёміў Процку з пратаколам парушэньня арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
Паводле пратаколу, Аляксандар Процка 23 сакавіка без дазволу гарвыканкаму ўдзельнічаў у вулічным шэсьці ад пляцу Леніна да вуліцы Дзімітрава, што ў Навабеліцкім раёне, на заўвагі міліцыі не рэагаваў. На вуліцы Дзімітрава нібыта быў арганізаваны пікет.
“Пратакол я не падпісаў, бо гэта няпраўда. 23 сакавіка я ўдзельнічаў у гістарычнай экскурсіі. Мы хадзілі на месца, дзе стаяў дом дзяячкі БНР Палуты Бадуновай. Там паслухалі паведамленьне пра знакамітую зямлячку, усклалі кветкі і запусьцілі ў неба белыя й чырвоныя балёнікі”, – сказаў спадар Процка.
Паводле яго слоў, хутчэй за ўсё міліцыя накіруе пратакол у суд, каб прыцягнуць удзельнікаў экскурсіі да адміністрацыйнай адказнасьці.