Міхаіл Пашкевіч і Міхаіл Крываў, якія праходзяць "па справе 14-ці", атрымалі сёньня пастановы аб прызначэньні судовага разьбіральніцтва.
Сёньня актывісты моладзевай арганізацыі АГП "Маладыя дэмакраты" Міхаіл Пашкевіч і Міхаіл Крываў зьявіліся па позве ў суд Цэнтральнага раёна Менску. Там ім і былі ўручаныя пастановы.
Нагадаем, Міхаіл Пашкевіч і Міхаіл Крываў праходзяць "па справе 14-ці", якая будзе разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 16 красавіка. Гэтая справа была заведзена на ўдзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 10 студзеня.
Маладых людзей вінавацяць у арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Паводле гэтага артыкулу прадугледжваецца пакараньне ад штрафу да трох гадоў пазбаўленьня волі.
У пастановах, выдадзеных Міхаілу Пашкевічу і Міхаілу Крываву гаворыцца, што судовы працэс прызначаны на 10 гадзінаў 16 красавіка.
Паводле намесьніка старшыні БСДП (Грамада) Ігара Рынкевіча, моладзевым актывістам інкрымінуюць тое ж злачынства, як і палітвязьню Аляксандру Казуліну. Прычым сьледчыя брыгады ў абодвух выпадках узначальвае сьледчы Павал Міхалькевіч.
“Два гады таму абарона Казуліна пераканаўча даказала незаконнасьць пазыцыі сьледзтва, што суд прайгнараваў. Ёсьць апасеньне, што і цяпер “незалежны суд” прыме бок абвінаваўцы”, - сказаў І. Рынкевіч.