Алімпійскі агонь некалькі разоў пагасілі ў Парыжы ў часе францускага этапу эстафэты. Улады сьцьвярджаюць, што гэта было зроблена з прычынаў бясьпекі. Арганізатары былі вымушаныя двойчы прыпыніць эстафэту з прычыны спробаў удзельнікаў пратэстаў супраць дзеяньняў Кітаю ў Тыбэце дабрацца да алімпійскага агню.
Парыскі этап эстафэты стартаваў ад Эйфэлевай вежы, аднак агонь здолелі пранесьці каля 200 мэтраў. З прычыны шматлікіх спробаў актывістаў руху ў падтрымку Тыбэту вырваць паходню з рук бегуна арганізатары пагасілі Алімпійскі агонь і схавалі паходню ў аўтобусе.
Яшчэ адна спроба аднавіць эстафэту скончылася тым, што паходня была ізноў пагашаная і схаваная ў аўтобусе. Арганізатары аднавілі эстафэту другі раз, аднак спробы ўдзельнікаў пратэстаў дабрацца да паходні не спыняюцца. Паводле агенцтва AFP, паліцыя затрымала пяць чалавек. У выніку было вырашана, што далей паходню з Алімпійскім агнём павязуць у аўтобусе.
6 красавіка як найменей 36 чалавек былі затрыманыя ў Лёндане ў часе сутыкненьняў паліцыянтаў са змагарамі за вызваленьне Тыбэту, якія наладзілі акцыі пратэсту ў дзень праносу па брытанскай сталіцы Алімпійскага агню.
Прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту Жак Рогэ заклікаў Кітай знайсьці “як найхутчэй мірнае вырашэньне тыбэцкага крызысу”.
“Кітайцы дамагліся таго, што цягам некалькіх гадзін Парыж будзе выглядаць, як плошча Цяньаньмынь”, - сказаў для BBC прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў" Робэр Мэнар. - Я лічу гэта ганьбай".
Паходня была запаленая ў старажытнай Алімпіі 24 сакавіка, і да пачатку цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх Гульняў, якая адбудзецца ў Пэкіне 8 жніўня, яе пранясуць па тэрыторыі 20 краінаў.