Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 7 красавіка, панядзелак.
Сёньня спаўняецца 25 год з дня сьмерці паэткі Ларысы Геніюш. Яна была асуджаная на 25 гадоў сталінскіх лягераў. Памерла ў Зэльве, так і не прыняўшы савецкага грамадзянства. Тэлефанаваньне слухача:
Валянцін Кавальчук, вёска Вялікая Гаць: “7 красавіка спаўняецца 25 гадоў з дня сьмерці паэткі Ларысы Геніюш (1910—1983). Яе імя стаіць поруч з імёнамі Купалы, Коласа, Багдановіча, Цёткі. “Асоба безь зямнога грамадзянства” — пісала пра яе жыцьцёвы лёс публіцыст Натальля Базылевіч. Выйшла замуж за Івана Пятровіча Геніюша, родам з Зэльвы, набываў мэдыцынскую адукацыю ў Празе. У Празе Ларыса ўключылася ў жыцьцё беларускай эміграцыі, у дзейнасьць ураду БНР, нейкі час была нават яго сакратаром. У 1948 годзе яе разам з мужам арыштавалі і пераправілі ў Савецкі Саюз. Дапытваў Ларысу Геніюш сам Лаўрэнцій Цанава, які хацеў дазнацца, куды падзеўся архіў Беларускай Народнай Рэспублікі. Нічога не дабіўшыся ад Ларысы Геніюш, яе разам з мужам саслалі ў ГУЛАГ на 25 гадоў. На шахты. У мерзлату, валіць лес. Пакараньне Ларыса Антонаўна адбывала ў лягерах Комі. На зоне яна карысталася незвычайна высокім аўтарытэтам сярод зьняволеных. Ларыса Геніюш памерла, так і не прыняўшы савецкага грамадзянства, так і не скарыўшыся перад бязбожнай уладай.”
З нагоды 22-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка аб’яднаныя дэмакратычныя сілы краіны праводзяць у Менску мітынг і шэсьце. На тэму Чарнобыля і наступнае выказваньне:
Віктар Буто, Менск: “Пра 26 красавіка. Вельмі не паважаюць гэты дзень улады і іх падначаленыя ў Менску з 1986 году. Як чэрці ладан, бо ва ўладзе няма ліквідатараў ЧАЭС, непрацаздольных з-за Чарнобылю інвалідаў і іншых пакалечаных, якія на рынку працы неканкурэнтаздольныя. Такіх грамадзянаў першымі незаконна звальняюць з працы, а на працу могуць зусім не прымаць. Ім не выплочваюць нават мізэрную дапамогу па беспрацоўі, забіраюць у іх любыя канстытуцыйныя правы і свабоды. Жудасная і ганебная рэчаіснасьць, але яна існуе больш за 21 год. Дзякуй”.
Спадар: “Сёньня сустрэча ў Сочы Буша і Пуціна. На месцы Буша я б сказаў: “Уладзімір, мы нанесьлі адзін удар у накаўт на рынку — удар цаной на нафту. І мы адышлі. Мы не дабівалі Расею. А адтапталі нагамі яе твае ж, Уладзімір. Зразумей слушна”.
Спадарыня: “Яму лёс рускага народу абыякавы, а тым больш беларусаў. Калі б ён хацеў дапамагчы Казуліну, то даўно б дапамог. Я ня веру Пуціну, які дбае пра імпэрскія інтарэсы ў Беларусі, як і раней у пытаньні “зьніклых” ён быў абыякавы”.
Спадарыня: “Добры дзень. Хачу выказацца наконт памкненьняў уладаў Украіны і Грузіі далучыцца на НАТО. Гэтае памкненьне можна цалкам зразумець, бо гэта аптымальны крок, каб захаваць незалежнасьць сваёй краіны трывала і надоўга. Так зрабілі прыбалтыйскія краіны, Польшча, Чэхія і іншыя. Бо ўсходні сусед — Расея — вельмі хворы на імпэрскасьць і дагэтуль хоча ўсімі кіраваць, нават ужо і незалежнымі краінамі былога Саюзу. Гэта вельмі небясьпечны сусед, таму іхні крок цалкам зразумелы. Дзякуй”.
Працягваюць праграму выказваньні пра ранейшыя праграмы Радыё Свабода, а таксама творчасьць нашых слухачоў.
Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар, “Свабода”. Сёньня на хвалях “Свабоды” прагучаў рэпартаж, апытаньне людзей на вуліцы, ці адчуваеце вы сябе абароненымі. Сёньня я хадзіў на Камароўскі рынак. Жыву побач. Таму транспартам не карыстаюся. Дык вось, пакуль я ішоў, мне сустрэўся спачатку адзін міліцыянт, потым чатыры міліцэйскія патрулі па тры чалавекі ў кожным. Плюс тры міліцэйскія машыны. Такое ўражаньне, што ў горадзе камэнданцкі час, адчуваньне непрыемнае, тым больш калі ведаеш, што міліцыя абараняе ўладу, а не насельніцтва. Дзякуй за ўвагу”.
Спадар: “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Я хачу выказаць вялікую ўдзячнасьць вашаму грамадзкаму рэдактару Людміле Гразновай за тое, што яна ўзьняла такое вострае пытаньне, як справы простых правінцыйных жыхароў. Я сам жыву ў правінцыі і атрымліваю заробак 150—170 тысячаў рублёў. Скажыце, як можна пражыць на такі заробак? У мяне пытаньне да нашага прэзыдэнта: калі ён лічыць, што гэта нармальны заробак, то я хачу, каб ён сам, хоць аднойчы, атрымаў такія грошы. Мне вельмі цікава паглядзець, што ён зь імі зробіць. Нашай уладзе павінна быць сорамна, што просты працоўны селянін атрымлівае такі заробак. Колькі яшчэ наша ўлада будзе зьдзекавацца з народу?”
Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! Учора чула замоўленую Людмілай Гразновай проста магутную журналісцкую працу пра беларускую правінцыю. Вы пераўзышлі свае сілы. Да якога стану давёў першы беларускі прэзыдэнт Беларусь! А словы Гразновай: “Без правінцыі няма Беларусі”! Толькі аднаго не магу дараваць ёй: як магла разумная і адукаваная беларуская апазыцыянэрка параіць беларускай нашай “Свабодзе” рабіць больш аптымістычныя аналітычныя перадачы па-расейску, маўляў, павялічыцца аўдыторыя радыё. Не павялічыцца, а паменшыцца. Расейцы ў Беларусі расейскамоўныя, але добра ці нават выдатна разумеюць па-беларуску. Вось і няхай слухаюць. Калі будзе ў належнай пашане, у належным стане беларуская мова ў дзяржаве, тады можна і па-расейску рабіць такое. І то сумнеўна.
Спадар Віктар: “Хачу прачытаць вершык.
К электорату президента.
За президентом вы пошли
Куда-нибудь, не зная сами.
И счастье вы свое нашли
Отвергнутыми с кандалами.
Он вас повел своим путем,
Как чистый лист, и без программы,
По ветру нос держа, о чем
Вы не смогли понять все сами.
Он запретил свободы все,
Оставив только те каналы,
Где контролируется все,
Чтоб люди правды не слыхали.
Дискуссий тоже не ведет,
А “круглый стол” он избегает,
Не зная, что сказать в ответ,
И популизмом щеголяет.
Но он придет, тот правый суд,
Всех соберут по белу свету,
Всех соучастников найдут
И привлекут их всех к ответу.
Люты, 2009”.
Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.