"Вячорку ведаем з горшага боку"

Актывіст партыі БНФ Франак Вячорка стаў адзіным са 150 абітурыентаў, якога камісія па прафэсійна-псыхалягічнай гутарцы прызнала непрыдатным да журналістыкі.
5 красавіка ў БДУ 1 256 абітурыентаў зарэгістраваліся на гутарку па розных спэцыяльнасьцях. Франак Вячорка, якога адлічылі з трэцяга курсу журфаку, таксама вырашыў прайсьці гутарку і паразмаўляць з выкладчыкамі пра пэрспэктывы свайго навучаньня. У выніку сем сяброў камісіі на чале з дэканам журфаку Сяргеем Дубовікам прызналі яго прафэсійна непрыдатным да журналістыкі.

Франак Вячорка паведаміў “Свабодзе”, што пайшоў на гутарку толькі дзеля таго, каб высьветліць пэрспэктывы працягу свайго навучаньня на факультэце журналістыкі.

Нагадаем: 18 лютага Франка адлічылі з трэцяга курсу на загад рэктара БДУ з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць”. Паводле моладзевага актывіста, адлічэньне было палітычна матываванае. За месяц да гэтага, 16 студзеня, Вячорку затрымалі ў судзе Цэнтральнага раёну і ў аддзеле міліцыі абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Хлопец адседзеў 15 сутак у часе зімовай сэсіі. Два экзамэны ён здаваў камісіям, якія паставілі яму нездавальняючыя адзнакі. Швэдзкія партнэры БДУ на знак пратэсту часова спынілі супрацоўніцтва з навучальнай установай.

Франак Вячорка, прыйшоўшы на гутарку, трапіў у камісію, якую ўзначальваў дэкан факультэту Сяргей Дубовік. У камісію ўваходзілі таксама выкладчыца літаратуры Вольга Дасаева, кіраўнік упраўленьня Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Матусевіч, намесьніца дэкана па навуцы і міжнародных сувязях Алена Конанава, намесьніца дэкана па навучальнай працы Вольга Самусевіч і двое псыхолягаў.

Франак Вячорка апавёў, што ў абітурыентаў у асноўным пыталіся, хто рэдактар “Советской Белоруссии”, у чым палягае сацыяльная адказнасьць журналіста, якія ў Беларусі ёсьць дзіцячыя часопісы і г.д. Франку ж такіх пытаньняў не задавалі.

Гаворыць Франак Вячорка:

“Пыталіся, ці ўсьведамляю я, што мае публікацыі ў маім інтэрнэт-дзёньніку ў “ЖЖ” супярэчаць асновам сацыяльнай адказнасьці журналіста, што яны дыскрэдытуюць невінаватых асобаў, выкладчыкаў. Ну, а потым пачалі пытацца, навошта я абрываю кантакты са Швэцыяй. Я запярэчыў, што я не абрываю ніякіх кантактаў, што гэта сам факультэт абрывае кантакты. Пачалі казаць, што я зьняважыў нявінных людзей, адміністрацыю, якая так мяне любіла, падтрымлівала”.

Як лічыць Франак Вячорка, яму чарговы раз далі зразумець, што яго адлічылі з вучобы выключна з палітычных прычынаў.

“Яны сказалі, што ня трэба было лезьці ў палітыку, трэба было займацца вучобай. Я ім казаў, што займаўся вучобай, што ў мяне высокі сярэдні бал. Ну, і скончылася супольным слоганам: “Вы ж самі ўсё разумееце”. Так што ў мяне ніякіх ілюзіяў няма. У мяне застаўся вельмі непрыемны асадак ад гэтай размовы. Выкладчыкі яшчэ раз паказалі сваю цынічнасьць, перадузятасьць, злосьць і нянавісьць да ўсяго чужога”.

Дэкан журфаку Сяргей Дубовік адказаў “Свабодзе”:

“Проста Франак два з паловай гады вучыўся на факультэце журналістыкі. У выніку быў адлічаны за акадэмічную непасьпяховасьць. Акрамя таго, яго прыцягвалі да суду за хуліганскія ўчынкі і ён меў тры вымовы за парушэньне Статуту БДУ. Прафэсійныя якасьці яго мы ведаем з горшага боку. Студэнт быў ня самы лепшы”.

Карэспандэнтка: “А чаму ж тады яму “дзявяткі” ставілі?”

Дубовік: “У нас жа ня толькі ёсьць тройкі, чацьвёркі, пяцёркі... ёсьць і дзявяткі”.

Франак Вячорка падаў скаргу на рашэньне рэктара БДУ ў суд Ленінскага раёну Менску. Ён патрабуе, каб суд прызнаў незаконным ягонае адлічэньне з вучобы і аднавіў яго на трэцім курсе дзённага аддзяленьня.

Тым часам Франак Вячорка атрымаў позву ў ваенкамат на 8 красавіка. Хлопец паведаміў, што будзе ігнараваць позвы на расейскай мове.